Знайсці
27.04.2017 / 13:0419РусŁacБел

Суд вучаніцы супраць настаўніцы: школа павінна выплаціць 8000 рублёў кампенсацыі

Суд Заводскага раёна Мінска паставіў кропку ў справе вучаніцы супраць настаўніцы. Педагог Ала Бажко, паводле рашэння суда, павінна выплаціць штраф 100 базавых (2300 рублёў). Школа — пакрыць сям'і дзяўчынкі 121 рубель матэрыяльнага ўрону і 8000 рублёў маральнай шкоды.

Фота прадастаўлена Наталляй Панцеевай

Падчас судовых спрэчак пракурор прасіла прызначыць настаўніцы два гады абмежавання волі.

Настаўніцу Алу Бажко абвінавачвалі па ч. 1 арт. 165 КК РБ (Неналежнае выкананне абавязкаў па гарантаванні бяспекі жыцця і здароўя дзяцей). Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — абмежаванне волі тэрмінам на тры гады.

Нагадаем, у кастрычніку 2015 года ў школе №109 Мінска адбылося надзвычайнае здарэнне. Першакласніца Юля Панцеева сутыкнулася з настаўніцай Алай Бажко, якая трымала ў руках чайнік з гарачай вадой. Вада трапіла на падбародак, шыю і плячо дзяўчынкі. Дзяўчынка атрымала апёкі 1-2-3А ступені. У момант здарэння ў класе знаходзілася яшчэ два педагогі: Людміла Шупа — на той момант класны кіраўнік Юлі Панцеевай і дэфектолаг Іна Мусько.

Мама дзіцяці Наталля дамаглася, каб была заведзена крымінальная справа. Жанчыну абурыла, што педагогі патэлефанавалі ёй праз 40 хвілін пасля таго, што здарылася: «Да гэтага яны нават хуткую не выклікалі». Родныя дзяўчынкі прад'явілі да школы і ўпраўлення адукацыі спорту і турызму адміністрацыі Заводскага раёна Мінска іск аб маральнай кампенсацыі - 20 000 рублёў, акрамя таго, просяць пакрыць матэрыяльны ўрон - 121 рубель.

Юля з мамай Наталляй, фота Вадзіма Заміроўскага

— Тое, што Бажко не з'яўлялася класным кіраўніком Панцеевай і ў момант здарэння не вяла ў дзяўчынкі ўрокі, не здымае з яе адказнасці і абавязкі па бяспецы і ахове жыцця і здароўя навучэнцаў, — заявіла падчас судовых спрэчак дзяржабвінаваўца. — Бажко павінна была пераканацца, ці знаходзяцца ў памяшканні з ёй вучні, і забяспечыць ахову іх жыцця і здароўя. Гэта значыць стварыць бяспечныя ўмовы адукацыйнага працэсу. У выпадку неналежнага выканання гэтых абавязкаў — панесці адказнасць за наступствы.

Алег Рудэнка, абаронца Алы Бажко, быў не згодны з патрабаваннямі пракурора і назваў іх занадта суровымі. «Не ўлічаныя ніякія змякчальныя абставіны, - казаў ён. - У справе засталося шмат пытанняў, якія ня раскрыла ні следства, ні судовы працэс».

— Практычна следства прызначыла вінаватага ў тым, што здарылася, - адзначыў Алег Рудэнка.

Па словах адваката, тое, што здарылася з Юляй Панцеевай стала трагедыяй не толькі для дзяўчынкі і яе бацькоў, але і для педагога.

Ала Бажко, фота Вадзіма Заміроўскага

Алег Рудэнка прасіў перакваліфікаваць абвінавачванне яго падабароннай па артыкуле 155 КК РБ ( «Прычыненне цяжкага або менш цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці») і прызначыць мінімальна магчымае пакаранне ў рамках санкцыі ўказанага артыкула.

— Бажко шчыра раскайваецца ў зробленым і гатовая несці законную адказнасць, — працягнуў Алег Рудэнка. — Яна цалкам прызнае патрабаванні ў пакрыцці матэрыяльнай шкоды і часткова — маральнай шкоды.

Суд прысудзіў настаўніцу Алу Бажко да штрафу 100 базавых велічыняў (2300 рублёў). Яна таксама павінна пакрыць сям'і дзяўчынкі працэсуальныя выдаткі — 1660 рублёў. Школа, па рашэнні суда, павінна выплаціць сям'і вучаніцы 8000 рублёў (маральную шкоду) і 121 рубель (матэрыяльны ўрон).

У пазове да ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму Заводскага раёна Мінска адмоўлена.

Кацярына Панцялеева, Tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930