Знайсці
27.04.2017 / 10:581РусŁacБел

Ктулху ўжо ў Беларусі: стартуе продаж зборніка Лаўкрафта

2 траўня ў 17.00 у кнігарні «Акадэмкніга» пачнецца продаж зборніка апавяданняў Г. Ф. Лаўкрафта «Кліч Ктулхту» па-беларуску.

Ад 17-й да 20-й у кнігарні можна будзе набыць кнігу са зніжкай, узяць аўтографы ў перакладчыкаў Уладзіславы Гурыновіч і Алеся Кудраўцава і абмеркаваць з імі творчасць аўтара «міфаў Ктулху». Адрас кнігарні: пр. Незалежнасці, 72.

Говард Філіпс Лаўкрафт — амерыканскі пісьменнік, аўтар твораў у жанрах жахаў, містыкі і фэнтэзі, якія пасля яго смерці зрабіліся культавымі і істотна паўплывалі на сучасную літаратуру жахаў.

Творчасць Лаўкрафта настолькі ўнікальная, што даследчыкі выдзяляюць асобны паджанр — лаўкрафтаўскія жахі.

Лаўкрафт стварыў міфы Ктулху, у якіх вусціш нязведанага суседнічае з фантасмагарычнымі апісаннямі выдуманых старажытных гарадоў, багоў і артэфактаў. Перакладчыкі апавяданняў — Уладзіслава Гурыновіч, Павел Донаў і Алесь Кудраўцаў. Мастачка — Кацярына Дубовік.

 

Змест кнігі:

Алхімік. Пераклаў Павел Донаў
Склеп. Пераклаў Павел Донаў
Палярыс. Пераклала Уладзіслава Гурыновіч
Каты Ултара. Пераклала Уладзіслава Гурыновіч
Ньярлатхатэп. Пераклала Уладзіслава Гурыновіч
Чужаніца. Пераклаў Алесь Кудраўцаў
Музыка Эрыха Зана. Пераклала Уладзіслава Гурыновіч
Што прыносіць поўня. Пераклала Уладзіслава Гурыновіч
Герберт Уэст, рэаніматар. Пераклала Уладзіслава Гурыновіч
Ганчак. Пераклала Уладзіслава Гурыновіч
Стоены жах. Пераклала Уладзіслава Гурыновіч
Пацукі ў сценах. Пераклала Уладзіслава Гурыновіч
Фэст. Пераклала Уладзіслава Гурыновіч
Кліч Ктулху. Пераклаў Павел Донаў
Натуршчык Пікмана. Пераклала Уладзіслава Гурыновіч
Істота ў святле поўні. Пераклала Уладзіслава Гурыновіч

Уладзіслава Гурыновіч — перакладчыца і пісьменніца, працуе з такімі жанрамі, як фэнтэзі, жахі, містыка. Асобныя яе пераклады можна прачытаць на сайце «ПрайдзіСвета».

Павел Донаў — перакладчык, які працуе з творамі розных жанраў. Сярод перакладзенага — апавяданні Г. К. Чэстэртана (зборнік «Злачынства, сэр!»), Дж. Конрада, Г. Уэлса (зборнік «Вусцішны пакой»), О. Генры.

Алесь Кудраўцаў — перакладчык; шмат супрацоўнічаў з часопісам «Крыніца», дзе надрукаваў па-беларуску творы А. Бірса, Р. Брэдберы, С. Кінга, С. Лема, І. Шоу, У. ле Гуін.

Кніга «Кліч Ктулху» — першае выданне твораў Лаўкрафта па-беларуску і дванаццатае выданне з серыі інтэрнэт-часопіса «ПрайдзіСвет» «PostScriptum».

Раней у серыі выходзілі два зборнікі апавяданняў Дойла пра Шэрлака Холмса, «Знахар» Даленгі-Мастовіча, «Прыгоды барона Мюнхгаўзэна» Бюргера і Распэ, «Саламея» Уайлда, «Казкі» Гаўфа. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера