Знайсці
27.04.2017 / 11:407РусŁacБел

«13 прычын чаму»: сапраўды круты серыял

Піша Антон Лявіцкі. 

Новы серыял Netflix — «13 прычын чаму» (13 Reasons Why) — падлеткавая драма, якая абмяркоўвае жорсткасць школьнага жыцця. Гісторыі трынаццаці вучняў паказваюць няўхільнае памнажэнне прычын, якія вядуць да трагічнага фіналу галоўнай гераіні, Ханны Бэйкер, — да самагубства. Аб гэтым глядач даведваецца ў самым пачатку твора. Галоўны герой, Клэй Джэнсан, атрымлівае касеты, на якіх мёртвая школьніца падрабязна расказвае, як яна трапіла ў сітуацыю без іншага, з яе гледзішча, выйсця.

Серыял расказвае пра закаханасць, здраду, ганьбу, фанабэрыю і адчужэнне.

Гэта змястоўны бок сюжэту, але ён мае мала супольнага з сапраўднай вартасцю гэтай вельмі тэхнічна зробленай драмы. Напружаная дынаміка дзеяння, якая структуруе глядацкую ўвагу і прымушае з цікавасцю чакаць наступнай касеты, палягае не ў змесце дзеяння, а ў спосабе апавядання.

«See, the truth isn’t always the most exciting version of things, or the best or the worst. It’s somewhere in between», — разважае апавядальніца. Драматургія серыяла круціцца вакол таго, як гэта наогул магчыма, пэўна і слушна ведаць «не самую хвалюючую версію рэчаў». Цікава, што нямецкі варыянт назвы серыяла лепш, чым арыгінальны загаловак, адлюстроўвае гэтую нібыта пабочную інтрыгу: «Мертвыя дзяўчаты не хлусяць» (Tote Mädchen lügen nicht). 

Ці сапраўды яны не хлусяць, сказаць не так лёгка. Далёка не заўсёды вядома, ці можна давяраць закадраваму голасу мёртвай дзяўчыны. З гэтай нявызначанасці вынікае дынаміка адносін паміж персанажамі, вакол яе будуюцца дыялогі і ёй матывуецца дзеянне. Трапна гэтая энергія размяркоўваецца паміж сацыяльнымі ўстаноўкамі (школа мае абараняцца ў судзе супраць позвы бацькоў мёртвай вучаніцы, а суд заўсёды пра праверку і доказы) і нефармальнымі вучнёўскімі групамі. Там з цягам часу ўтвараецца «таварыства таямніцы» — кола вучняў, якія ведаюць пра існаванне касетных запісаў і імкнуцца прадухіліць іх магчымае абнародаванне.

Гэта, па вялікім рахунку, асноўнае пытанне кантаўскай філасофіі. «Што я магу ведаць?» Як адрозніць праўдзівыя выказванні ад непраўдзівых? Кант меў на мэце паказаць тыя катэгорыі чалавечага розуму, якія робяць магчымым пазнанне ўвогуле. «13 прычын чаму» перафармулюе гэтае пытанне. У цэнтр увагі змяшчаецца выпадкова складзеная супольнасць, унутраная дынаміка якой звязаная з фактам ведання ці няведання.

Такім чынам, да пэўнага моманту развіццё сюжэту, раскрыццё персанажаў і змест дыялогаў аказваюцца звязаныя з «адмністраваннем ведаў». Эмпірычная праверка — працэдура высвятлення праўды — пераўтвараецца ў сацыяльнае ўзаемадзеянне. Удача стваральнікаў серыялу ў тым, што гэта выглядае вельмі «кінематаграфічна». Галоўны герой паступова пазнае «цэлую гісторыю», змагаючыюся з сумненнямі, вонкавымі перашкодамі і ўласным глуздам.

Найлепшыя эпізоды серыяла звязаныя менавіта з гэтым Кантавым пытаннем. «I think you know exactly what you did» — крыху няўпэўнена кажа галоўная гераіня. Гэта дарэчнае сумненне: пад канец серыяла становіцца ясна, што праўда бывае адносным паняццем, і яе версіі моцна залежаць ад прынятай перспектывы. Праўда, гэтая думка не знаходзіць належнага развіцця: імаверна, яна занадта б ускладніла агульную карціну, тады як жанр накладвае свае абмежаванні.

Галоўны герой, між тым, моцна пакутуе ад сваёй неспадзяванай ролі «спазнаючага суб’екта». Гэта непасрэдна ўплывае на яго. Тут відаць, як самаўспрыманне і сацыяльны статус звязаныя з ведамі. Да гэтага дадаюцца няўпэўненая памяць, якая час ад часу з цяжкасцю адрознівае сапраўдную мінуўшчыну ад балесных відзежаў.

Эпізоды не маюць тэматычных ці сюжэтных назваў, а паказваюцца як паслядоўнасць запісаў. Гэты крыніцазнаўчы ход яшчэ раз патрабуе пільнасці да асноўнай думкі, якая арганізуе ўвесь серыял. На гэта стала паказваюць дыялогі герояў, як напрыклад: «Don’t you know what happened? — No, clearly, I don’t» — кажа галоўны герой пра падзеі, у якіх ён сам браў удзел.

Такім чынам зробленая фабула нагадвае найлепшыя апавядальныя знаходкі ў «Scrubs», «Arrested Development» ці «How I Met Your Mother».

З фармальнага гледзішча ў серыяле мала што адбываецца: проста хлопец, які слухае касеты. Раз-пораз ён рэагуе на атрыманыя веды, імкнучыся адпомсціць ці праверыць здабытыя звесткі. Зрэдчасу стваральнікі серыяла паказваюць, што памятае ён сам. У гэтым выпадку аб’ектам кіравання становіцца дасведчанасць гледача, а не пратаганістаў.

Прыклады таго, як сюжэт будуецца на элементарнай эпістэмалагічнай адрознасці (ведаю / не ведаю), можна знайсці нават у такіх класічных рэчах, як Friends. Але ў 13 Reasons Why гэта дасягае якасна іншага ўзроўню. У паасобныя моманты менавіта дынамічнае размеркаванне ведаў стварае нерв апавядання, перадаючы яму немагчымую напружанасць. У гэтым сэнсе «13 Reasons Why» можна пастаіць у адзін шэраг з ноланаўскімі «Memento» і (магчыма, у меншай ступені) «The Inception».

У апавядальнай структуры серыяла можна знайсці яшчэ адзін цікавы момант: фінал вядомы ў самым пачатку, самагубства змяшчаецца ў завязцы сюжэту. Гэта яшчэ раз падкрэслівае: цікавіць павінен не вынік, а працэс. Дакладна як у «Знаку бяды» Быкава, дзе сюжэт пачынаецца на папялішчы экзістэнцыяльнай катастрофы.

З быкаўскім трагічным наратывам «13 прычын чаму» лучыць таксама хваравіты натуралізм, абсэсіўна засяроджаны на гвалце. Ён імкліва нарастае па меры развіцця сюжэта, дасягаючы сцішнай кульмінацыі ў сцэне самагубства галоўнай гераіні.

IMdB не дасць зманіць: гэта ўсё агулам працуе вельмі крута.

Галоўны герой чытае плакат, на якім папраўдзе напісана «Youarenotalone». Оруэлаўская асацыяцыя, здаецца, невыпадковая: ягонае імя ўпамінаецца ў серыяле.

Антон Лявіцкі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930