Знайсці
26.04.2017 / 12:5698РусŁacБел

«Нацыяналізм — гэта нацызм. А сям’ю нацыяналіст створыць толькі з прадстаўніцай сваёй нацыянальнасці»: што ўкладваюць у галовы выпускнікоў

Напярэдадні Дня Перамогі ў школы ўсёй краіны сталі прыходзіць лісты ад Таварыства памяці воінаў і ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны.

Старшыня арганізацыі П.Карпіловіч абвяшчае аб правядзенні Гадзіны памяці сярод школьнікаў 10-11 класаў, прысвечаных перамозе ў вайне. Абсалютна пазітыўная ініцыятыва, нешта падобнае адбываецца ці не штогод. Вучні павінны ведаць і не забываць пра герояў Другой сусветнай.

Аднак на справе выйшла, што заданні, прапанаваныя Таварыствам, былі накіраваныя не на праслаўленне герояў, а на ачарненне нацыяналізму.

«У нашай краіне дзяржаўны патрыятызм з'яўляецца афіцыйнай ідэалогіяй з 1994 года. У апошні час яго актыўным канкурэнтам у духоўна-маральнай прасторы рэспублікі [Рэспублікі з малой літары, як у часы СССР — «НН»] зноў становіцца нацыяналізм. Абедзве ідэалогіі блізкія, але — розныя. У 30-х гадах ХХ стагоддзя нацыяналізм немцаў ператварыўся ў нацыянал-фашызм. І у 1941 годзе сутыкнуўся з савецкім патрыятызмам. Цяпер нацыяналізм у шэрагу былых савецкіх рэспубліках спараджае фашысцкія арганізацыі. Мы - удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны ўспрымаем гэта з трывогай і агідай», — гаворыцца ва ўступным слове.

«Сёння, калі Беларусь перажывае эканамічныя цяжкасці, кожны яе грамадзянін — ад вышэйшага кіраўніка да беспрацоўнага, — павінен спытаць сябе: «Што я зрабіў для Беларусі?» — працягваюць стваральнікі ліста.

Спачатку ідзе некалькі агульных і кароткіх пытанняў для школьнікаў: «Што такое патрыятызм? Прывядзіце прыклады патрыятызму?» Гэта аднасказавыя пытанні, у якіх няма ніякага развіцця. Затое, калі гаворка заходзіць пра нацыяналізм, то аўтара, як гавораць, пачынае «несці». Пытанні атрымліваюцца крайне маніпулятыўнымі.

«Шэраг вядомых беларускіх нацыяналістаў — К. Езавітаў, Я. Станкевіч, Ф. Кушаль, Р. Астроўскі, і іншыя прыхільнікі не ажыццяўленага праекта Беларускай незалежнай рэспублікі (1918) [у арыгінале менавіта незалежнай, а не народнай — «НН»] падчас Вялікай Айчыннай вайны сталі супрацоўнічаць з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, дапамагаючы ім замацоўваць акупацыйны рэжым у Беларусі. Прадстаўнікі сучаснага нацыянал-дэмакратычнага руху заяўляюць, што гэтыя дзеячы былі сапраўднымі патрыётамі, а не здраднікамі (калабарантамі), таму што хацелі стварыць БНР, выкарыстоўваючы абставіны барацьбы гітлераўскага рэжыму са сталінскім. Магчымы ці не, на вашу думку, такі патрыятызм зыходзячы з уяўленняў аб маральных каштоўнасцях? Чаму?»

Яшчэ больш дзікае сцверджанне ідзе пра тое, што нацыяналіст можа стварыць сям’ю толькі з прадстаўніцай сваёй нацыянальнасці. Адметна, што пра жанчын-нацыяналістак увогуле не гаворыцца. Ці могуць яны выйсці замуж за кагосьці іншага?

«Перакананы нацыяналіст створыць сям'ю толькі з жанчынай сваёй нацыянальнасці і сваіх перакананняў. Такая сутнасць нацыяналістычнай свядомасці. Для патрыятычнай свядомасці любоў паміж мужчынам і жанчынай не абмяжоўваецца нацыянальнай прыналежнасцю, што, напрыклад, у савецкі час прыводзіла да асабістых драм і нават трагедый, бо савецкае заканадаўства не дазваляла шлюб з грамадзянамі капіталістычных краін. Зафіксаваныя выпадкі, калі афіцэры Чырвонай Арміі ў акупаванай Германіі уступалі ў фактычны шлюб з немкамі і прасілі камандаванне яго зарэгістраваць, а замест гэтага атрымлівалі пакаранне і адпраўку ў СССР. У сучаснай Беларусі можна ўступіць у шлюб з асобай любой нацыянальнасці і грамадзянства. Ці не падрывае такая свабода беларускасці нашага народа?»

Неяк каментаваць такое глупства проста не выпадае. Беларускімі (і не толькі беларускімі) нацыяналістамі становяцца людзі самай рознай этнічнай прыналежнасці — і рускія, і ўкраінцы, і ўзбекі, і габрэі, і армяне, і гэтак далей. Аднак некаторым усё яшчэ вельмі хочацца атаясамліваць нацыяналізм з нацызмам.

Цікава, што ў анкеце зусім не згадваюцца беларускія героі Другой сусветнай — ні абаронцы Брэсцкай крэпасці, ні лётчык Гастэла, ні партызан Корж, ні мінскія падпольшчыкі, ні праведнікі свету, які ратавалі габрэяў, ні Марат Казей. Гэта ўсё прапушчана, затое столькі ўвагі адведзена барацьбе з нацыяналізмам.

Мы звязаліся з Таварыствам памяці войнаў і ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны. На сувязь выйшаў намеснік старшыні арганізацыі Мікалай Папоў. Ён быў вельмі ветлівы, пакуль не пачуў пытанне, якое мы хочам абмеркаваць.

— Не каментуем. Спадар Панкавец, не каментуем!

— Чаму?

— А таму! Нас ёсць каму каментаваць.

— Вы сапраўды ставіце нацыяналізм і нацызм на адны шалі?

— Не каментуем! Вы граматныя людзі, чытайце, вывучайце і кіруйцеся прыкладам.

— Але ж гэта вашы словы. Я зараз зачытаю.

— Граматным людзям нічога тлумачыць не трэба. Ідзіце самі тлумачце людзям. Што з вамі здарылася, я не разумею? Не трэба мне нічога чытаць! Да пабачэння.

На гэтым сувязь са спадаром Паповым абарвалася.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера