Знайсці
27.04.2017 / 06:20153РусŁacБел

Саліст сеніцкага гурту «СССР», які вывесіў сцяг «ДНР»: Хто нас крытыкуе, той на баку фашыстаў

Шал у беларускім інтэрнэце выклікалі здымкі з Сеніцкага дома культуры, што пад Мінскам, у грымёрцы якога салісты мясцовага гурту «СССР» развесілі сцягі фэйкавых «рэспублік» гэтак званай Наваросіі.

На фоне гэтай сімволікі мела неспадзяванку сфоткацца нават спявачка Жанэт, а кіраўніцтва клуба ў гэтым ніякай праблемы не ўбачыла. 

Чытайце таксама: Дырэктарка Сеніцкага дома культуры, дзе вісіць сцяг «ДНР»: У нас і партрэт Пуціна вісіць, і што?

«Наша Ніва» звязалася з гуртам «СССР», каб высветліць, чым яны кіраваліся, прывозячы ў Беларусь сімволіку «ДНР».

На нашыя пытанні адказаў саліст гурту Аляксандр Жадан — калегі сказалі, што ён умее «правільна гаварыць». 

Спявак пачаў з сустрэчнай крытыкі тых, хто пляжыў гурт «СССР» у інтэрнэце. 

«Нас крытыкавалі людзі, якія не ведаюць, што такое вайна. Як сабачкі: усе брэшуць і мы пабяжым-пабрэшам. Тыя, хто нас крытыкуюць — яны стаяць на баку фашыстаў. А гэтыя клерыкалы, якія пачынаюць ім падпяваць… Людзі, кажу вам, паехалі са мной — у мяне месца ў аўтобусе знойдзецца для двух-трох чалавек. Паглядзіце, як там жывуць», — сказаў ён і патлумачыў, чаму павесіў у грымёрцы (і не толькі) сцяг «ДНР». 

«Чаму сцяг ДНР? Найперш, я адтуль родам. Гэта мая радзіма. Нарадзіўся я ў Луганску, пасля жыў нейкі час у Крыме, пасля бацькі атрымалі кватэру ў Данецку. Далей я вучыўся ў Разані, ваяваў у Афганістане, пасля перавёз бацькоў у Беларусь, даслужваў тут у Віцебскай дывізіі.

Я чалавек у мінулым вайсковы, прайшоў дзве вайны, двойчы быў паранены, атрымаў тры кантузіі, пайшоў па творчай лініі. А што да назвы гурта, то я — жыхар Савецкага Саюза, ён у душы ў мяне жыве. Не тое, што хачу вярнуць усё, а менавіта адносіны — якія раней былі. І калі гінуць жанчыны і дзеці… Мы ў «Наваросіі» амаль 200 канцэртаў далі з 2014 года — ездзілі там, дзе ніхто не ездзіў. У людзей вочы гараць пасля нашых канцэртаў», — расказвае Аляксандр.

Аляксандр Жадан.

Спявак таксама дадаў, што адразу пасля публікацыі ў СМІ яму пазванілі «з адміністрацыі» і загадалі зняць сцягі, але ён, маўляў, адмовіў.

«Мне спадабалася, як яны хутка пазванілі, не разабраўшыся ў сітуацыі: «Так, хутка паздымайце ўсе сцягі». Пачакайце, чаму я ў сваёй студыі павінен здымаць сімволіку «Данецкай рэспублікі»? У мяне на адной сцяне сцяг «Металурга» жоўта-блакітны, на другой — ДНР. Нашая адміністрацыя, не разабраўшыся… Я пазваніў у ідэалагічны аддзел Мінскай вобласці, я з імі вельмі добра сябрую. Вось, Таццяна Мікалаеўна (Хмель — намесніца начальніка аддзела ідэалогіі — Рэд.), Галіна Тадэвушаўна, людзі выдатныя — сапраўдныя ідэолагі. Я так, чыста з боку як бы пацікавіўся, як вы ставіцеся да такой сітуацыі? Яны кажуць — негатыўна, мы не хочам, каб у нас тут дома было такое, усё залежыць ад нас. Таму нашыя патрыятычныя песні і тое, што нас паўсюль запрашаюць — гэта доказ слушнай пазіцыі», — перакананы Аляксандр Жадан. 

Як сказаў саліст гурта «СССР», у Беларусі ім арганізоўвае туры губернатар Мінскай вобласці Сямён Шапіра. 

«У Беларусі ў нас цяпер вялікі тур арганізоўваецца, зноў жа, дзякуючы адміністрацыі — губернатару. Па яго запрашэнні, па прапанове, зараз будзе ў нас 26 канцэртаў па гарадах Мінскай вобласці. Першы — у Слуцку, пачынаючы з 1 мая. Прымаюць нас выдатна ў Беларусі. А Расія проста на кавалкі рве. Мы вось зараз збіраемся: Калыма, Магадан, Якуція з вялікімі гастролямі. Пасля ва Уладзімір. У вайсковыя часці на Данбас запрашаюць. А на той бок (ва Украіну) я не паеду, каб мяне пасля сябры з турмы не даставалі. Не тое, каб яны нас як ворагаў успрымаюць, але я ж і ў Крыме быў. Памятаю, у 2014-м годзе, разам з «Любэ». Званок нам з упраўлення справамі расійскага прэзідэнта. Кажуць, хлопцы, заўтра а восьмай раніцы вы мусіце быць на ўрадавай стаянцы ва «Унукава». Прыязджаем на сваім бусе, там «Любэ». А куды ляцім, кажу? «А ляцім у Крым, ён стаў нашым», — адказваюць. Для мяне гэта як бальзам — я там жыў, для мяне гэта таксама радзіма. І мы ў Севастопалі далі шыкоўны канцэрт. Гэтая дзяўчынка-інвалідка Юлія Самойлава — яна таксама з намі была ў Крыме, а яе цяпер на Еўрабачанне не пускаюць. Таму я кажу — не трэба артыстаў мяшаць з палітыкай», — выказаўся Аляксандр і перайшоў да таго, што бачыў на Данбасе. 

«Я пісаў песню «Данбас у агні». Яны ж там (украінцы) жудаснае робяць. Выставілі на лініі судакранання паходныя крэматорыі і, каб не казаць маці, проста спальваюць іх там, а пасля пішуць, што салдат знік без вестак. А крэматорыі працуюць і ўдзень і ўначы», — падзяліўся ўбачаным Аляксандр і прызнаўся, што праз ягоную пазіцыю шмат хто абарваў з ім стасункі.

Пры гэтым лідар «СССР» шчыра кажа, што корміць іх Расія. 

«У нас 90% гастроляў па Расіі. Смаленскі губернатар аўтобус нам падарыў, апаратура… Ёсць людзі, якія дапамагаюць. Франц Клінцэвіч, напрыклад, — наш зямляк з Ашмянаў, мой баявы таварыш. Ён правобраз капітана Аляксея Серабракова з фільма «9 рота», калі глядзелі. Запрашэнні ён часта нам дасылае, вядома, не бясплатна, нам за гэта добрыя ганарары плоцяць. Ну і ў мяне вайсковая пенсія, расійская — я перавёў туды. Каля тысячы даляраў у мяне пенсія. Спадзяюся, што і ў іншых афіцэраў хутка будуць высокія пенсіі», — выказаў надзею Жадан.

Пры гэтым пераязджаць у Расію ён не хоча:

«Ні за што не пераеду, хаця пашпарт маю расійскі. Нам жа асаблівым прэзідэнцкім указам выдалі пашпарты! Усіх Уладзімір Уладзіміравіч узнагароджвае медалямі і ордэнамі, а нас — прапіскай смаленскай і пашпартамі. Ведаеце, гэта не забаронена. Камітэт (КДБ) запрашаў, пытаюцца, а я кажу — госпадзі, ну задайце гэтае пытанне Уладзіміру Уладзіміравічу, чаму ён нам зрабіў такі падарунак. Мы ж з Беларусі ўсё роўна не з'язджаем і не з'едзем — у нас тут сем'і. У мяне трое дзяцей тут.

Толькі аднойчы мяне абурыла ў адным беларускім горадзе на 9 Мая: прыехалі мы, а нам кажуць: давайце ў вайсковай форме не будзем выступаць, у вас шмат лірыкі, давайце яе, хай людзі патанцуюць, свята ўсё ж. А я кажу — гэта нашая гісторыя. Народ, які забывае гісторыю, пераўтвараецца ў статак, прыклад — мае землякі».

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930