Знайсці
26.04.2017 / 19:5060РусŁacБел

Гісторык Пашкевіч: «Нашай» верай было не толькі ўніяцтва

Не адмаўляючы пэўнай пазітыўнай ролі ў нашай гісторыі ўніяцтва, мушу ўсё ж адзначыць, што наданне яму падобнага выключнага значэння ў беларускіх гістарычных канцэпцыях прыносіла б куды больш шкоды, чым карысці, піша гісторык Аляксандр Пашкевіч

У велікодную нядзелю пераканаўся, наколькі сярод той часткі беларускай патрыятычнай супольнасці, якая гістарычныя веды чэрпае ў асноўным з падзелак айчынных «фолк-гісторыкаў», па-ранейшаму пашыраны закінуты ў масы яшчэ ў 1990-я гг. міф пра ўніяцкую царкву як нацыянальную царкву беларускага народа, для яго ледзь (а для многіх і не ледзь) не спрадвечную.

Распаўсюджанне ж іншых хрысціянскіх канфесій (асабліва праваслаўнай) — гэта, на думку такіх людзей, выключна вынік гвалтоўнага іх навязвання хцівымі маскалямі ды ляхамі. І такі падыход яны гатовыя агрэсіўна абараняць ды прасоўваць, нават і не думаючы пра нейкую элементарную логіку.

Не адмаўляючы пэўнай пазітыўнай ролі ў нашай гісторыі ўніяцтва, мушу ўсё ж адзначыць, што наданне яму падобнага выключнага значэння ў беларускіх гістарычных канцэпцыях прыносіла б куды больш шкоды, чым карысці. Бо калі лічыць «нашай» верай толькі ўніяцтва, то тады мы мусім прызнаць, што і ўся гісторыя, якая была ў нас да канца XVI ст. і якую рухалі выключна прадстаўнікі іншых канфесій, была «не наша». А гэта значыць, што выпадаюць самыя слаўныя часы Вялікага Княства Літоўскага з дзейнасцю Францішка Скарыны ўключна.

Ды і пасля гэтага аж да 1839 г. «нашая» гісторыя ў такім выпадку — фактычна толькі гісторыя сялянства, бо менавіта яно ў асноўным і складала парафіян уніяцкай царквы, а эліты належалі да іншых канфесій (перадусім рыма-каталіцкай). І ў такім выпадку дзіўна выглядаюць намаганні ўключыць у беларускі кантэкст дзейнасць прадстаўнікоў магнацкіх родаў і шляхты Беларусі, якія збольшага трымаліся «польскай» рыма-каталіцкай веры.

Гэта значыць, усё, што было звязана з высокай культурай у ВКЛ часоў Рэчы Паспалітай, таксама робіцца «не нашым». А «нашае» тады — гэта, кажучы ўтрыравана, толькі курныя хаты, лапці ды прыгон. Акурат тое, што шмат дзесяцігоддзяў намагаліся і сёння намагаюцца нам давесці многія нашыя непрыяцелі.

Ну, а рашучае адмаўленне ў беларускасці праваслаўю ставіць пад сумнеў нашае права на найбольш ранні і таксама дастаткова слаўны перыяд айчыннай гісторыі. Калі праваслаўе нам чужое — то што робяць у нашым нацыянальным пантэоне хоць бы такія знакавыя дзеячы, як Еўфрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі? Не кажучы пра многіх-многіх іншых, не менш слаўных і заслужаных? І што рабіць з цэлым «рускім» (фактычна праваслаўным) пластом гісторыі ВКЛ?

Карацей, не варта дурыцца і шукаць простыя шляхі там, дзе яны апрыёры складаныя. Так судзіў лёс, што тысячагадовая гісторыя Беларусі ў значнай ступені ёсць і гісторыяй узаемадзеяння ды суперніцтва тут розных хрысціянскіх канфесій. Кожная з якіх магла адыгрываць на розных этапах як пазітыўную, так і негатыўную ролю. Але дакладна гэтыя канфесіі не дзеляцца на «нашыя» і «не нашыя», бо яны ў аднолькавай ступені ўключаныя ў кантэкст нацыянальнай гісторыі.

І нічога з гэтага пазла выцягнуць немагчыма, не абваліўшы ўсю канструкцыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930