Знайсці
23.04.2017 / 22:0094РусŁacБел

39-гадовы ліберал Макрон мае ўсе шанцы стаць новым прэзідэнтам Францыі

У другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Францыі выходзяць левы ліберал Эманюэль Макрон і старшыня крайне правага «Нацыянальнага фронту» Марына Лё Пэн.

Паводле афіцыйных звестак, якія агучыла Міністэрства ўнутраных спраў Францыі, Макрон атрымаў 24,01% галасоў, Лё Пэн — 21,3%.

Чытайце таксама: Прэзідэнтам Францыі стане кандыдат, жанаты з жанчынай, на 24 гады старэйшай за яго?

Кандыдат ад крайне левых Жан Люк Мэляншон (19,58% голосов) і вылучэнец ад партыі «Рэспубліканцы» Франсуа Фіён (20,01%) выбываюць з прэзідэнцкай гонкі.

Кансерватар Фіён ужо заклікаў сваіх выбарцаў у другім туры прагаласаваць за Макрона, супраць папулісткі Лё Пэн. З такім сама заклікам выступіў кандыдат ад Сацыялістычнай партыі Бэнуа Амон. Так ужо было ў 2002 годзе, калі ўсе палітычныя сілы Францыі, ад галістаў да камуністаў, перад другім турам з'ядналіся, каб не дапусціць да ўлады бацьку Марыны, Жана Мары Лё Пэна. Такім чынам, Макрон мае ўсе шанцы стаць самым маладым прэзідэнтам у гісторыі Пятай Рэспублікі.

За прэзідэнцкае крэсла ў Францыі змагаліся 11 кандыдатаў.

Паколькі ніхто з кандыдатаў не набірае больш за 50% галасоў, пераможца будзе вызначаны ў часе другога тура, прызначанага на 7 мая. У ім возьмуць удзел два кандыдаты, якія па выніках нядзельнага галасавання набяруць найбольшую колькасць галасоў.

Усяго выбарчае права маюць каля 46 млн французаў.

Марына Лё Пэн

Марына Лё Пэн і яе цяперашні спадарожнік жыцця і правая рука па партыі Люі Альё. Фота Closer.

48-гадовая Марына Лё Пэн — дачка заснавальніка Нацыянальнага фронту Жан-Мары Лё Пэна.

Расійская прэса падае Лё Пэн абаронцай традыцыйных каштоўнасцей. Але пра тое, у якой атмасферы яна гадавалася, красамоўна сведчыць той факт, што за хрышчонага бацьку ёй бацька запрасіў галоўнага сутэнёра парыжскага раёна пляс Пігаль.

Іншы яскравы факт: стаўшы лідарам партыі, Марына выключыла з яе свайго тату. Такім чынам яна спрабавала змяніць яе імідж. Антысемітызм старога Лё Пэна ёй не прыдаваўся.

Лё Пэн па адукацыі адвакат, але па прафесіі амаль не працавала, з маладосці пайшла ў палітыку.

Лё Пэн была двойчы замужам, а апошнія 8 гадоў жыве нераспісаная з паплечнікам па партыі.

Эманюэль Макрон

39-гадовы Макрон быў самым маладым кандыдатам. Найбольш незвычайны факт з яго асабістага жыцця — ён у 17 гадоў сышоўся са сваёй ліцэйскай настаўніцай французскай мовы, старэйшай за яго на 24 гады. Іх раман аказаўся моцны, не аднадзённы. Ажэняцца яны толькі праз 12 гадоў, калі яму было 29, а ёй — 53. Дзеля гэтага Брыжыт Траньё, маючы трое дзяцей, разышлася з першым мужам. 

У выпадку перамогі Эманюэль Макрон стане не толькі самым маладым прэзідэнтам Францыі, але і першым у свеце кіраўніком дзяржавы, чыя жонка настолькі старэйшая за яго. Фота Ройтэрз.

«Гэта я ўгаварыла яго ісці ў прэзідэнты цяпер, — сказала ягоная жонка, — праз пяць гадоў праблемай для яго была б мая морда [ma gueule]», — пажартавала Траньё.

Ёй цяпер 63, супольных з Макронам дзяцей у іх няма. У часе кампаніі ў сацсеткі былі запушчаныя чуткі, што Макрон у асабістым плане «вядзе падвойнае жыццё», але бруд да Макрона не прыстаў.

Макрон атрымаў філасофскі дыплом, а пасля скончыў Нармальную школу адміністрацыі (яе можна груба параўнаць з нашай Акадэміяй кіравання).

Ён пачынаў кар'еру ў дзяржаўнай інспекцыі фінансаў, а пасля сышоўся з фінансістамі групы Nestle і банка Rothschild. Толькі за два гады з 2010 да 2012 гадоў ён як банкір зарабіў больш за 2 мільёны еўра. У 2012 годзе яго, беспартыйнага, прызначаюць міністрам фінансаў у сацыялістычны ўрад, што адкрывае яму дарогу ў палітыку.

Макрон — не першы цэнтрыст у гісторыі, які можа стаць прэзідэнтам Францыі. Да яго быў, напрыклад, Валеры Жыскар д'Эстэн у 1980-я. Але ўпершыню прэзідэнтам «шасцікутніка», як яшчэ называюць Францыю, можа стаць чалавек без партыі. Макрон абапіраецца на створаны пад выбары чыста паліттэхналагічны рух En marche («У рух» або «Наперад»).

Макрон — відавочны ўлюбёнец фінансавых колаў Францыі. Ён таксама, відаць, падаецца Маскве найгоршым кандыдатам.

У Францыі — прэзідэнцкая рэспубліка, таму ад прэзідэнта залежыць шмат. Прэзідэнтамі краіны часта станавілася значныя гістарычныя постаці. Шарль дэ Голь трымаўся правых нацыяналістычных поглядаў, Жорж Пампіду праславіўся як унікальны знаўца і мецэнат мастацтва, Франсуа Мітэран быў ветэранам-партызанам і сацыялістам, які, аднак, ідэальна ладзіў з Рональдам Рэйганам.

Праграмы кандыдатаў, сапраўды, істотна розняцца. Лё Пэн хоча выхаду з зоны еўра, разрыву адносін з ЗША і збліжэння з Расіяй. Макрон паходзіць з традыцыйнага істэблішменту і схільны працягваць палітычны курс Францыі апошніх дзесяцігоддзяў. 

Лё Пэн, спадзяюцца ў Расіі, аслабіла б Еўрасаюз і НАТА — стратэгічныя задачы Крамля. Ці азначае гэта, што «боты Крамля» замуцяць нешта супраць Макрона перад першым ці другім турам?

У Францыі вельмі дакладныя сацыялагічныя даследаванні. За іх вынікамі можна сачыць тут.

Сяргей Гезгала

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930