Знайсці
21.04.2017 / 21:22493РусŁacБел

Зянон Пазняк з паплечнікамі прэзентаваў праграму рэформаў Беларусі — прэзідэнцка-парламенцкая рэспубліка, талер, ваяводствы замест абласцей

Лідар КХП-БНФ Зянон Пазняк, які жыве ў палітэміграцыі, з групай аднадумцаў напісалі праграму развіцця краіны «Вольная Беларусь». Па задумцы аўтараў, 76-старонкавы дакумент павінен выкарыстоўвацца «часовым або пераходным урадам» краіны пасля змены «антынароднага рэжыму». Tut.by зрабіў кароткі пераказ таго, што прапануюць краіне Пазняк і яго паплечнікі.

belsat.eu

Прэзідэнт страчвае паўнамоцтвы, замест абласцей — ваяводствы

На пераходны перыяд (да паўгода) уся ўлада ў краіне пераходзіць да часовага Надзвычайнага камітэта. Ён засноўвае часовыя органы ўлады, ЦВК, законы і г. д. Аднаўляе дзеянне Канстытуцыя 1994 года.

Краіна пераходзіць на змешаную выбарчую сістэму: палова дэпутатаў абіраецца па партыйных спісах, палова — па мажарытарных акругах. Першы парламент абіраецца на тры гады, ён складаецца з адной палаты ў 360 дэпутатаў. Наступнае скліканне парламента — ужо будзе абірацца на пяцігадовы тэрмін.

Праз 4 месяцы абіраецца прэзідэнт. Па форме праўлення: Беларусь — парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка. Функцыі вярхоўнага галоўнакамандуючага выконвае прэм'ер-міністр.

Парламент фарміруе ўрад на кааліцыйнай аснове. Прэм'ер-міністр і першы віцэ-прэм'ер могуць быць толькі з ліку дэпутатаў. Да парламента пераходзяць паўнамоцтвы па прызначэнні большасці вышэйшых дзяржчыноўнікаў, суддзяў, складу ЦВК і г. д. Урад падсправаздачны парламенту, а не прэзідэнту.

Тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта — чатыры гады, абмежаванне для адной асобы — максімум два тэрміны. У кіраўніка дзяржавы — кантрольныя і прадстаўнічыя функцыі, права абмежаванага вета, якое парламент можа пераадолець 2/3 галасоў. Прэзідэнт мае заканадаўчую ініцыятыву, але не можа сам выдаваць заканадаўчыя акты. Любая спроба прэзідэнта пашырыць свае паўнамоцтвы вядзе да імпічменту.

Замест сённяшніх 6 абласцей і 110 раёнаў Зянон Пазняк і каманда аўтараў праграмы прапануюць дзяліць краіну на 16 ваяводстваў, плюс асобна — Мінск. Ваяводствы ў сваю чаргу будуць дзяліцца на 60 паветаў і 270 старостваў.

Спасылка на гэтую карту даецца ў праграме

Людзі абіраюць рады ў ваяводствах і паветах, магістраты і бурмістраў у гарадах, рады і старастаў у староствах.

Суды, паліцыя і замена КДБ

Канстытуцыйны суд не можа быць распушчаны і складаецца з 11 суддзяў. Яны, як і суддзі Вярхоўнага суда, абіраюцца на 17 гадоў парламентам. Суддзі іншых судоў — на 11 гадоў. Калі суддзі «ўдзельнічалі ў карупцыйных справах або выносілі палітычна матываваныя прысуды» пры Лукашэнку, яны не могуць працаваць у судовай сістэме.

Генпракурор прызначаецца парламентам, кіраўнік СК — прэм'ер-міністрам. Засноўваецца падначалены ўраду Антыкарупцыйны Камітэт.

Замест міліцыі з'яўляецца паліцыя. Паліцэйскі не можа быць сведкай у судзе па справе, якую ініцыявала паліцыя. Міліцыянтаў, якія пры сённяшняй уладзе ўжывалі незаконны гвалт па палітычных матывах, прапануецца адхіліць ад службы або пакараць у адпаведнасці з законам.

Замест КДБ з'яўляецца Служба Нацыянальнай Бяспекі, якая падпарадкоўваецца парламенту і дае справаздачу перад ім. СНБ не можа весці палітычнае сачэнне за грамадзянамі. У сістэме СНБ з'явіцца Беларускае бюро расследаванняў, якое зоймецца злачынствамі савецкай і сённяшняй улады.

Свабода слова, роспуск БРСМ і забарона антыдзяржаўных арганізацый

У праграме Пазняка запісаная свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый, пікетаў, стварэння аб'яднанняў, партый і прафсаюзаў. Партыі і палітычныя аб'яднанні нельга фінансаваць з-за мяжы.

Не дапускаецца ствараць партыі і арганізацыі, якія прапагандуюць гвалт, дэструктыўныя секты, камуністычныя і фашысцкія партыі і арганізацыі, парамілітарныя арганізацыі і групы антыдзяржаўнай скіраванасці, якія выступаюць супраць існавання беларускай дзяржавы, беларускай мовы, гісторыі і культуры народа.

Таксама нельга ствараць арганізацыі, якія прасоўваюць таталітарную ідэалогію сярод моладзі і дзяцей, накшталт камсамола, савецкіх піянераў і акцябрат, БРСМ.

Не дапускаецца палітычная цэнзура ў СМІ. Пры гэтым забараняецца «антыдзяржаўная (браць пад сумнеў існаванне Беларускай дзяржавы), антычалавечая, антыграмадская і антымаральная прапаганда».

Эканоміка: талер замест рубля, сыход расійскіх банкаў

У эканамічнай частцы праграмы прапануецца ўвесці іпатэчнае крэдытаванне з паніжанымі стаўкамі, а таксама ўвесці мараторый на дзейнасць расійскіх банкаў. Будзе пастаўлены верхні парог у 20% для капіталу з адной краіны ў банкаўскай сістэме.

Акрамя таго, прапануецца ўвесці чэкавую сістэму аплаты па прыкладзе ЗША ці Вялікабрытаніі.

Пасля стабілізацыі эканомікі ўвесці замест беларускага рубля талер (грошы замест капеек).

Бізнэсу даць максімальную свабоду, увесці прыватную ўласнасць на зямлю, прыняць жорсткія антыкарупцыйныя законы, стабілізаваць падатковую сістэму, знізіць падатковую нагрузку да 20-25%, прыватызаваць дзяржпрадпрыемствы і калгасы, захаваўшы стратэгічныя прадпрыемствы ў дзяржуласнасці, выйсці з ЕАЭС, дамовіцца аб свабоднай мяжы з Украінай, правесці з Польшчай і краінамі Балтыі перамовы аб альтэрнатыўных пастаўках энергарэсурсаў, адмяніць пошліны на легкавыя аўтамабілі, паменшыць колькасць ліцэнзуемых відаў дзейнасці.

Забарона прапаганды «збочаных адносін»

У раздзеле аб сям'і, які пісаў асабіста Пазняк, праграма прадугледжвае прыняцце закона аб прыярытэце і ахове сям'і, шлюбу (саюзу мужчыны і жанчыны), мацярынства, аб абароне сям'і ад замахаў і ўмяшання ў сямейныя справы з боку ідэалогіі і арганізацый. Ствараецца фонд дапамогі шматдзетным сем'ям.

Акрамя таго, прапануецца прыняць закон «аб абароне прыроды чалавека» і забараніць прапаганду «збочаных адносін супраць натуральнай прыроды чалавека».

Таксама забараняецца прапаганда «сацыяльнай, нацыянальнай, расавай і палавой нянавісці».

Руская застанецца «мовай міжнацыянальных зносін»

Дзяржаўнай мовай будзе беларуская, а руская ў «перыяд станаўлення свабоднай Беларусі стане мовай міжнацыянальных зносін і будзе валодаць неабмежаваным, але часовым статусам, заканчэнне якога вызначае парламент».

Кожны дзяржслужачы павінен будзе ведаць абедзьве мовы, і пажадана — англійскую. Ад гэтага будзе залежаць яго класнасць і зарплата.

Рускамоўныя змогуць «адчуваць сябе зручна ў адносінах з дзяржаўнымі ўстановамі» — па жаданні грамадзяніна камунікацыя (пісьмовая і вусная) будзе на той мове, на якой ён хоча. Гэты падыход будзе пастаянным.

Дзяржпалітыка, школы, ВНУ, радыё, тэлебачанне, кіно, мастацкая літаратура, увесь дзяржаўны апарат улады «будуць накіраваныя на адраджэнне беларускай мовы».

Выправіць моўную сітуацыю аўтары праграмы плануюць за «адно-два пакаленні».

Сысці ад Расіі, не спяшацца ў ЕС і НАТА і правесці люстрацыю

У праграме прапануецца не імкнуцца пакуль да сяброўства ў НАТА, каб пазбегнуць агрэсіі з боку Расіі.

Беларусь таксама не павінна імкнуцца стаць краінай ЕС «з прычыны ідэалагічнай нецярпімасці, левізны і агрэсіўнай бязбожнасці гэтага ўтварэння». Аўтары праграмы папракаюць ЕС у двайных стандартах і навязванні сваёй ідэалогіі.

Тавараабарот з Расіяй мяркуецца давесці да 7-9% знешняга гандлю. Пры гэтым уводзіцца паўнавартасная мяжа з Расіяй.

Для правядзення люстрацыі ствараецца Інстытут Нацыянальнай памяці пад кіраўніцтвам урада. Люстрацыі падвяргаюцца ўсе, хто супрацоўнічаў са спецслужбамі сённяшняй і савецкай улады. У залежнасці ад таго, ці прызнаецца чалавек у гэтым, яго прапануецца падвергнуць рознай ступені забароны на допуск да працы ў дзяржорганах.

Над праграмай, акрамя Зянона Пазняка, працавалі дэпутаты Вярхоўнага савета 12-га склікання Сяргей Папкоў, Юрась Беленькі, Лявон Баршчэўскі, Мікалай Крыжаноўскі, палітолагі і эканамісты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930