Знайсці
21.04.2017 / 09:351РусŁacБел

Палітвязня Касінерава выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе

Палітвязень Вячаслаў Касінераў выйшаў на волю раніцай 21 красавіка з ізалятара ГУУС Мінгарвыканкама, што на Валадарскага. Яму зменена мера стрымання.

Вызваленне стала для хлопца сюрпрызам.

«Было нечакана. Добрыя навіны, хоць нешта за апошні час, бо я рыхтаваўся да самага страшнага. Чакаў, што артымаю гады. І тое, што зараз пайду дахаты — вельмі нечакана, — прызнаўся Вячаслаў. —

Спадзяюся, што гэта — маё вызваленне — зрабілі яны: сябры, паплечнікі, грамадская супольнасць і, канечне, мая цудоўная дзяўчына.

Адпусцілі мяне пад падпіску. Я не баюся гэтага, бо сістэма, дзякуючы распаўсюду інфармацыі, адступіла ад сваёй карнай пазіцыі».

Па словах Касінерава падчас зняволення былі праблемы з поштай, лісты даходзілі не ўсе.

«Асноўная маса лістоў даходзіла толькі ад блізкіх — дзяўчыны і матулі. Ад адваката я ведаў, што пішуць многія, але шмат чаго не прыходзіла», - сказаў Касінераў.

Таксама Вячаслаў распавёў, як да яго ставіліся праваахоўнікі.

«Тут ёсць боксы — халодная падвальная камера, там чакаеш, пакуль пераедзеш на нармальную камеру. Я там правёў амаль суткі. Пытаўся, чаму мяне не пераводзяць? Адказвалі: «а цябе і не перавядуць». Там памяшканне чатыры на пяць метраў, і было там 4-5 чалавек, — распавёў Касінераў. — Увогуле, пракурор, калі абіраў меру стрымання, мне сказаў так: «Хацеў рэзанансу? Атрымай!».

Але на погляды Касінерава зняволенне не паўплывала.

«Сядзець за свае ідэі не так страшна, ты ведаеш, чаму ты там, ты перакананы ў сваёй пазіцыі і ведаеш, што людзі на тваім баку.

Я не чакаю, што мяне апраўдаюць, ведаю, што прызнаюць вінаватым, але, спадзяюся, не пасадзяць, — мяркуе Вячаслаў. — Але, які б судовы вырак не быў, я лічу, што дабіўся сваёй мэты. Я хацеў прыцягнуць увагу грамадства да міліцэйскага цемрашальства. Але кошт я трохі не разлічыў, так. Але ж, чым бы гэта ўсё не скончылася, гэта мяне не пужае.

Ёсць такая песня: «Калі ў гэтай краіне шлях да свабоды ляжыць праз турмы — такія як мы гатовыя ім ісці».

Таксама не пачаў Касінераў і ставіцца з павагай да гарадавога:

«Абвінавачванне — абсурд і цемрашальства. Гэта ж не помнік нават — скульптурная кампазіцыя. Калі пэўныя колы людзей ставяць сабе такія істуканы, калі хлусяць па ТБ, што ў мяне тры судзімасці… Калі яны лічаць сябе грамадствам, то я хачу ім сказаць — вы не грамадства.

Гэты «помнік» — тое не мая фраза — царскаму менту. Якое дачыненне ён мае да Беларусі?»

У найбліжэйшых планах у Вячаслава — пабыць з блізкімі, пабыць з дачкой. Далей — аформіць афіцыйныя адносіны са сваёй дзяўчынай.

 

Вячаславу Касінераву было выстаўлена абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) за праведзены ім 12 сакавіка 2017 г. каля будынку МУС перформанс, падчас якога ён накінуў пятлю на ўсталяваную там статую паліцэйскага-гарадавога. Ён сцвярджаў, што выказаў такім чынам свой пратэст супраць самавольства ведамства міністра Шуневіча і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

Суд над ім пачнецца 27 красавіка.

Уладзь Швядовіч, фоты Сяргея Гудзіліна, відэа Ірыны Арахоўскай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера