Знайсці
17.04.2017 / 20:261РусŁacБел

Прадстаўнікі МУС і Мінпрацы ўпершыню будуць дзяжурыць на гарачай лініі для ахвяр дамашняга гвалту

Прадстаўнікі міністэрстваў унутраных спраў, працы і сацыяльнай абароны ўпершыню возьмуць удзел у рабоце агульнанацыянальнай гарачай лініі для пацярпелых ад дамашняга гвалту 8-801-100-8-801. Пра гэта паведаміла на прэс-канферэнцыі старшыня праўлення міжнароднага грамадскага аб'яднання «Гендарныя перспектывы» Ірына Альхоўка, перадае БЕЛТА.

Прадстаўнікі двух ведамстваў будуць адказваць на пытанні абанентаў прамой лініі 20 красавіка з 9.00 да 13.00 (для абанентаў сеткі стацыянарнай тэлефоннай сувязі званок бясплатны), адначасова будуць дзяжурыць на лініі кансультанты грамадскага аб'яднання. Гэтае мерапрыемства пройдзе ў рамках рэспубліканскай акцыі «Дом без гвалту», якая стартавала сёння ў Беларусі.

Ірына Альхоўка выказала надзею, што сумесныя гарачыя лініі стануць традыцыйнымі.

Яна таксама расказала аб выніках апытання сярод жанчын, якія пацярпелі ад дамашняга гвалту, — у ім прынялі ўдзел 52 кліенткі, якія звярнуліся па дапамогу на гарачую лінію 8-801-100-8-801, з іх 11 жанчын пражывалі ў часовым прытулку арганізацыі.

Як паказала апытанне, у 13 працэнтах выпадкаў партнёр пачынаў прымяняць агрэсію яшчэ на пачатковай стадыі рамантычных адносін, а ў 37 працэнтах выпадкаў факты гвалту адзначаліся ў першы год шлюбу. Ірына Альхоўка назвала шакуючымі атрыманыя ў час апытання даныя аб тым, што амаль кожная другая жанчына, якая церпіць ад гвалту з боку інтымнага партнёра, зведвала псіхалагічныя атакі ў перыяд цяжарнасці. Кожную дзясятую жанчыну партнёр прымушаў да палавых кантактаў, нягледзячы на медыцынскія проціпаказанні ўступлення цяжарнай у інтымную сувязь.

Згодна з рэзультатамі апытання, у 35 працэнтах выпадкаў ахвяры рабілі адну-дзве спробы разарваць адносіны, у 52 працэнтах — спрабавалі пайсці тры-пяць і больш разоў. Толькі 14 працэнтаў жанчын ніколі не спрабавалі пакінуць агрэсара. Аналіз атрыманых даных у многім пацвярджае сусветную статыстыку: жанчына робіць у сярэднім пяць спроб пакінуць агрэсара, перш чым канчаткова парваць з ім, падкрэсліла Ірына Альхоўка. Сярод прычын, па якіх жанчыны вярталіся да агрэсара, - эканамічная і псіхалагічная залежнасць.

Агульнанацыянальная гарачая лінія для пацярпелых ад дамашняга гвалту 8-801-100-8-801 была адкрыта 13 жніўня 2012 года на базе МГА «Гендарныя перспектывы». Цяпер работа гарачай лініі падтрымліваецца ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Умацаванне нацыянальнага патэнцыялу ў сферы процідзеяння гендарнаму гвалту (з акцэнтам на гвалт у сям'і) у Рэспубліцы Беларусь» у партнёрстве з Фондам ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА), МУС і Мінпрацы і сацабароны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930