Знайсці
17.04.2017 / 15:039РусŁacБел

ЗША перакінулі ў Еўропу знішчальнікі пятага пакалення 

Амерыка вырашыла паказаць Маскве магчымасці свайго войска.

Вайскова-паветраныя сілы ЗША нечакана паведамілі пра адпраўку «невялікай колькасці» знішчальнікаў пятага пакалення F-35A Lightning II у Еўропу ў гэтую суботу ці нядзелю.

Само з’яўленне найноўшых самалётаў у Еўропе чакалася ўжо пэўны час, аднак незвычайна, што прэс-служба Пентагона паведаміла пра падзею ўсяго за адзін дзень да рэальнага з’яўлення «маланак» у Старым свеце.

Пара F-35A у амерыканскім небе. Фота: US Air Force.

Самалёты будуць удзельнічаць у навучальных палётах з іншай авіятэхнікай ЗША і НАТО ў Еўропе на працягу некалькіх тыдняў у межах «Еўрапейскай ініцыятывы запэўнівання» (European Reassurance Initiative).

Праграма падтрымання ЗША сваіх хаўруснікаў была распачатая летам 2014 года ў адказ на расейскую агрэсію супраць Украіны. У яе ўваходзяць павелічэнне сталай прысутнасці амерыканскіх войскаў у Еўропе, дадатковыя супольныя манеўры, пашырэнне і ўдасканальванне вайсковай інфраструктуры, дапамога ў сферы бяспекі краінам, якім пагражае Расея, у тым ліку Грузіі, Украіне і Малдове.

У 2017 годзе ЗША падвысілі ў чатыры разы выдаткі на гэтую праграму — з $789 млн да $3,4 млрд.

У межах праграмы адбываецца аперацыя «Атлантычная рашучасць» (AtlanticResolve) — серыя ратацыяў і маштабных вучэнняў у Еўропе з мэтай стрымлівання магчымай агрэсіі Масквы.

Прысвечаны аперацыі ролік. Відэа: USArmyEurope.

Гэтак, у Еўропу ўжо была дадаткова накіраваная паўнавартасная бранятанкавая брыгада арміі ЗША, заўважна павялічаная колькасць баявых верталётаў, у прыватнасці — знакамітых ударных машын АН-64 Apache.

Адзначаецца, што з’яўленне F-35A дапаможа высветліць, як палепшыць інфраструктуру еўрапейскіх авіяцыйных баз НАТО для прыёмкі самалётаў пятага пакалення, якія будуць стала знаходзіцца ў Старым Свеце праз некалькі год.

Пятае пакаленне баявой авіяцыі — рэактыўныя баявыя машыны, якія могуць весці бой у любое надвор’е, маюць стэлс-характэрыстыкі, то бок нізкую бачнасць для радараў, выкарыстоўваюць апошнія дасягненні ў авіёніцы і маюць інтэграваныя кампутарныя сістэмы кіравання для максімальна эфектыўнага ўзаемадзеяння з іншымі самалётамі, спадарожнікамі ў космасе, флотам, наземнымі войскамі і сіламі супрацьпаветранай абароны.

F-35A — класічная версія шматмэтавага стэлс-знішчальніка, якая прызначаная для ВПС ЗША. Адначасова існуюць ягоныя версіі — F-35B (мадэль вертыкальнай пасадкі і скарочанага ўзлёту для авіяцыі марской пяхоты) ды F-35C (мадэль для авіяцыі ВМС, аптымізаваная для ўзлёту і пасадкі на авіяносцах). Сёння толькі ЗША маюць на ўзбраенні і выкарыстоўваюць у баявых дзеянняў баявую тэхніку пятага пакалення — акрамя F-35 гэта і знішчальнікі F-22 Raptor.

F-22 Raptor праз прыбор начнога бачання падчас аперацый супраць «Ісламскай дзяржавы» ў Іраку.

Напружанасць у адносінах паміж НАТО і Расеяй заўважна вырасла пасля ўдару ЗША «тамагаўкамі» па сірыйскім аэрадроме Шайрат. Паводле звестак амерыканскай выведкі, з гэтага аэрадрому ўзляцеў самалёт, які атакаваў хімічнай зброяй горад Хан-Джэйхун, у выніку чаго загінулі як мінімум 74 чалавекі.

Кіраўніцтва Расеі не рашылася ці не змагло эфектыўна выкарыстаць супраць амерыканскіх ракетаў свае найноўшыя сістэмы супрацьпаветранай абароны С-300 і С-400, якія знаходзіліся ў Сірыі для абароны сірыйскіх аб’ектаў.

У гэтым кантэксце з’яўленне самых сучасных, малазаўважных для радараў амерыканскіх знішчальнікаў на еўрапейскім тэатры ў межах адкрытай аперацыі па стрымліванні Расеі можа азначаць дадатковую дэманстрацыю Вашынгтонам Маскве магчымасцяў амерыканскай ваеннай машыны.

Алесь Гелагаеў, belsat.eu

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930