Знайсці
15.04.2017 / 14:1316РусŁacБел

Пяць фактаў пра новага беларускага палітвязня Дзмітрыя Паліенку

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі анархіста Дзмітрыя Паліенку палітычным зняволеным.

Нагадаем, перад прэзідэнцкімі выбарамі-2015 Аляксандр Лукашэнка выпусціў з турмы Мікалая Статкевіча і некалькі іншых «палітычных». Аднак цяпер колькасць вязняў сумлення зноў пачынае расці.

Паліенка стаў трэцім у гэтым спісе — услед за віцебскім актывістам Міхаілам Жамчужным (у яго дачыненні патрабуецца не безумоўнае вызваленне, а справядлівы разгляд справы) і анархістам Вячаславам Касінеравым, якога чакае суд за перформанс каля помніка гарадавому.

«Наша Ніва» сабрала некалькі фактаў пра Дзмітрыя Паліенку — чалавека, чыё знаходжанне ў калоніі цяпер пастрожыць адносіны паміж Мінскам і Захадам. 

Пачынаў як нацбол

Карані палітычнай актыўнасці Паліенкі сыходзяць у нацыянал-бальшавісцкі рух. Расійскай ідэалогіяй «нацбольства» Паліенка зацікавіўся, наслухаўшыся песень вядомага панка Ягора Летава, які і быў адным з заснавальнікаў «НБП» — руху, нават у Расіі ў выніку прызнанага экстрэмісцкім.

Пасля пары гадоў актыўнасці ў якасці нацбола Паліенка, з яго словаў, перайшоў да анархізму, але ідэалам Летава не здрадзіў: 

«Я веру ў тое, што знішчэнне ўлады чалавека над чалавекам прывядзе да грамадства, дзе кожны жыве для сябе. Давялося тут падумаць наконт рэалізацыі… знаходжу просты адказ, узгадваючы песню Летава — «Забі ў сабе дзяржаву!». Да гэтага проста трэба імкнуцца! Забіваць прывязку да дзяржаўнай (кантралюемай) машыны», — казаў Паліенка пра свае палітычныя погляды.

Працаваў на МАЗе

Дзмітрый Паліенка мае некалькі рабочых спецыяльнасцяў, некалі працаваў слесарам на МАЗе. Але апошнім часам перабіваўся падпрацоўкамі, вышэйшай адукацыі не меў. Яго бацька — інвалід па зроку, маці памерла некалькі гадоў таму. 

Накіроўваўся ў ЛПП

У 2014 годзе Паліенка па рашэнні суда быў адпраўлены ў ЛПП праз праблемы з алкагалізмам.

Цікавы факт: падчас этапавання ў ЛПП Паліенка ўцёк, калі яго вывялі ў лес справіць патрэбы. Каля месяца ён жыў «па ўпісках», пакуль ўрэшце не трапіўся міліцыі — затрымлівалі проста на вуліцы са словамі «Ну паехалі, Паліенка».

У 2016 годзе суддзя таксама пастанавіў Паліенку прайсці прымусовае лячэнне ад алкагалізму. 

«Нелюбоў» да міліцыі

Да супрацоўнікаў міліцыі Паліенка адчувае непрыхаваную нелюбоў: не называе іх іначай, як «м*сарамі», у судзе над сабой трымаў у руках тэчку з абрэвіятурай УПСК (Усе псы сістэмы — курвы). Зрэшты, менавіта па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) Паліенку і асудзілі да 2 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай. Актывіста пяць месяцаў пратрымалі ў следчым ізалятары, але ў судзе выпусцілі.

Гісторыя была такая: Паліенка далучыўся да «Крытычнай масы» — масавага прабега раварыстаў. Падчас руху некалькі чалавек выехалі на праезную частку, супрацоўнікі ДАІ запатрабавалі іх пакінуць яе, тыя не падпарадкаваліся. Завязалася патасоўка, у выніку якой у даішніка аказалася парваная куртка.

«Сам я не бачыў, што менавіта ён парваў куртку. Прэтэнзій да яго не маю, маёмасных прэтэнзій не заяўляў. Ніякага збіцця і іншых фізічных траўм у мяне не было», — заявіў у судзе даішнік.

У судзе Паліенка маўчаў, але ў тлумачэннях, якія ў яго ўзялі неўзабаве пасля затрымання, хлопец сцвярджаў, што схапіў інспектара Калтунова за руку, каб спыніць збіццё Канавалава.

Яшчэ адно абвінавачанне супраць яго — за «распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў». Паліенка на сваёй старонцы ў сацсетках змясціў спасылку на 19-секундны ролік пад назвай «БелМузТВ паказвае порна» (у 2013 годзе інжынер канала, які меў асабістыя крыўды да працадаўцаў, сапраўды выдаў порна ў жывы эфір).

Адзначым, што яшчэ да атрымання тэрміну Паліенка атрымліваў штрафы і суткі за ўдзел у акцыях пратэсту. Здаралася, што яго саджалі «прэвентыўна» — напрыклад, перад чэмпіянатам свету па хакеі.

Замест умоўнага — рэальны тэрмін

Свой рэальны тэрмін Паліенка атрымаў за парушэнні, здзейсненыя ў час знаходжання «пад умоўкай».

У сакавіку 2017 года ён пачаў крычаць «Ганьба!» у памяшканні суда падчас вынясення прысуду былым фанатам «Партызана» па так званай «справе антыфашыстаў», за што быў пакараны 7 суткамі арышту.

Наступныя 15 сутак Паліенка атрымаў за ўдзел у сходзе супраць будаўніцтва бізнэс-цэнтра ў раёне Курапатаў. У дзень, калі актывіст мусіў выйсці на свабоду, стала вядома, што яму прысудзілі яшчэ 10 сутак.

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930