Знайсці
14.04.2017 / 09:596РусŁacБел

БДУ запусціць у космас першы беларускі ўніверсітэцкі нанаспадарожнік

БеКаСС — першы беларускі ўніверсітэцкі нанаспадарожнік, які будзе запушчаны ўжо ў агляднай будучыні. Карэспандэнты UniverScience даведаліся, як яго збіраюць, для чаго ён прызначаны і якім чынам будзе функцыянаваць.

Першыя крокі

Цэнтр аэракасмічнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта быў створаны ў 2008 годзе. З самага пачатку вызначылі тры асноўныя кірункі работы цэнтра: падрыхтоўка кадраў, апрацоўка і выкарыстанне дадзеных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, а таксама распрацоўка звышмалога студэнцкага касмічнага апарата як лятаючай вучэбна-навуковай лабараторыі.

Магчымасць узяць удзел у распрацоўцы нанаспадарожнікаў была ў кожнага, хто мае дачыненне да ўніверсітэта. У 2013 годзе Цэнтр аэракасмічнай адукацыі сумесна з аддзелам аэракасмічны даследаванняў НДУ «Інстытут прыкладных фізічных праблем імя. А. Н. Сеўчанкі» БДУ праводзілі конкурс «Адпраў сваю ідэю ў космас». Тады выбіралі найлепшыя праекты касмічнага эксперыменту для ўніверсітэцкіх нанаспадарожнікаў. У той момант вызначыліся і з назвай. У намінацыі на найлепшае імя перамагла прапанова «БеКаСС» (Беларускі касмічны спадарожнік студэнтаў). Аўтар ідэі — Пётр Лопух, загадчык кафедры агульнага землязнаўства і гідраметэаралогіі геаграфічнага факультэта.

Каманда

Над праектам працуе больш за 20 прадстаўнікоў розных факультэтаў БДУ: радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій, фізічнага, механіка-матэматычнага. Многія з іх — студэнты, магістранты, аспіранты.

Уладзімір Саечнікаў, навуковы кіраўнік Цэнтра аэракасмічнай адукацыі БДУ, загадчык кафедры фізікі і аэракасмічных тэхналогій ФРіКТ БДУ, доктар фізіка-матэматычных навук.

«У працэсе навучання яны могуць удзельнічаць у поўным цыкле стварэння і работы касмічнага апарата: ад ідэі да распрацоўкі, запуску, эксплуатацыі, апрацоўкі і выкарыстання дадзеных. Адна справа — штудзіраваць падручнікі, а зусім іншая — працаваць з уласным апаратам», — лічыць доктар фізіка-матэматычных навук, навуковы кіраўнік Цэнтра аэракасмічнай адукацыі БДУ, загадчык кафедры фізікі і аэракасмічны тэхналогій факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ Уладзімір Саечнікаў.

Да распрацовак звышмалых касмічных апаратаў прыцягнутыя навучэнцы ліцэя БДУ. Створаныя імі пікаспадарожнікі серыі Белсат пасля ўдалых атмасферных запускаў заваявалі ў 2012 годзе другое, а ў 2014 — першае месца ў чэмпіянаце «CanSat у Расіі», які арганізоўвае Навукова-даследчы інстытут ядзернай фізікі ім. Д.У. Скабельцына МДУ ім. М.В. Ламаносава. У 2015 і 2016 гг. у рамках таго ж чэмпіянату былі ўпершыню ажыццёўлены паспяховыя запускі нанаспадарожнікаў, распрацаваных студэнтамі і аспірантаў БДУ на вышыню 35 км. Пры гэтым летась каманда БДУ аказалася адзінай, якая прайшла ўсе папярэднія этапы падрыхтоўкі і была дапушчана да запуску.

Працоўны працэс

Асноўныя навуковыя складнікі праекта БДУ — вывучэнне ўздзеяння касмічнага асяроддзя на абсталяванне і матэрыялы касмічнага апарата, радыяцыйны маніторынг калязямной прасторы, даследаванне алгарытмаў кіравання актыўнай стабілізацыяй спадарожніка.

У цяперашні час ужо распрацавана некалькі інжынерных узораў спадарожніка, функцыянальна пратэставаны модулі яго асноўных падсістэм, прапрацавана структура наземнага комплексу кіравання і прапанавана мадэль размеркаванай сістэмы збору тэлеметрычнай інфармацыі з арбіты.

У працэсе працы над нанаспадарожнікам цяжкасці, вядома, узнікаюць, але Уладзімір Аляксеевіч падкрэслівае, што ўсё робіцца ўпершыню. Гэта зусім іншы ўзровень задач. Апарату БДУ трэба будзе існаваць ва ўмовах вакууму, жорсткага выпраменьвання, перападаў тэмпературы, таму ён старанна тэстуецца. Праходзіць тэрматэсты, вібрацыйныя выпрабаванні, выпрабаванні ў вакуумнай камеры. Распрацоўкі правяраюцца на інжынерных мадэлях — дакладных копіях спадарожніка, які на дадзены момант знаходзіцца ў сейфе. Ён зачынены па простай прычыне: збіраць лётны ўзор неабходна ў так званым чыстым пакоі. Гэта складанае тэхнічнае збудаванне, дзе падтрымліваецца спецыфічны мікраклімат, ён прадастаўлены кампаніяй ААТ «Пеленг». Аналагічнае памяшканне ствараецца цяпер і ў БДУ.

Спадарожнік запрацуе ў радыёаматарскім дыяпазоне. Каб атрымліваць інфармацыю з апарата, дастаткова будзе падключыць да ноўтбука невялікі прыёмнік. Спецыялісты БДУ стварылі партал, які дазволіць падключыць вялікую колькасць карыстальнікаў для збору дадзеных са спадарожніка.

Да пачатку 2017 года лётны ўзор нанаспадарожнікаў ужо будзе гатовы на 90%. Арыенціровачны запуск — канец гэтага года або першы квартал наступнага.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера