Знайсці
13.04.2017 / 16:267РусŁacБел

Берасцейцы ствараюць унікальную мапу з любімымі месцамі: Хочам, каб да нас прыязджала больш турыстаў з Захаду

Яшчэ тры гады таму кіраўнік кансалтынгавага агенцтва «Propus» Яўген Скрабутан захацеў стварыць нешта, што б прыцягнула ў Беларусь замежнікаў, зрабіла б краіну больш прывабнай для турыстаў. Тады яму ў галаву і прыйшла наступная ідэя: падрыхтаваць для гасцей карту, дзе б былі пазначаны любімыя месцы беларусаў — прыгожыя храмы, утульныя паркі, кавярні са смачнымі стравамі.

«Калі прыязджаеш у Варшаву ці Львоў, напрыклад, там на кожным кроку можна ўзяць кучу карт і буклетаў, якія дапамогуць зарыентавацца ў новым горадзе. У Беларусі да гэтага часу нават Мінск якасна не падрыхтаваны да прыёму гасцей. Паўнавартаснага даведніка аб магчымасцях краіны няма ні ў нашых інфацэнтрах, ні на замежных сайтах», — каментуе Яўген.

Хлопец выношваў гэтую ідэю, шукаў аднадумцаў, якія б дапамаглі яму ўвасобіць праект. Нарэшце, летась яны сустрэліся. Падабралася каманда з гісторыкаў, экскурсаводаў і проста неабыякавых людзей. Стваральніцай візуальнай часткі карты стала вядомая ў Брэсце дызайнерка і ілюстратарка Ганна Яцкевіч. Зараз працэс стварэння мапы наблізіўся да фінальнага этапа: на яе наносяць кавярні, месцы адпачынку і клубы, якія вельмі любяць мясцовыя жыхары і таму гасцінна прапануюць наведаць іх прыезджым. Скончыць справу плануюць у канцы красавіка, акурат перад травеньскімі святамі.

«У першую чаргу, мы скіраваны на турыстаў з Захаду, таму робім карту на польскай і англійскай мовах. Мы спадзяемся, што інфармацыя пра тое, што Брэст можа стаць бязвізавым горадам для замежнікаў, не толькі чуткі. У будучыні, можа быць, падрыхтуем і беларускамоўную версію для тых, хто любіць вандраваць па роднай краіне», — тлумачыць Яўген Скрабутан.

Распаўсюджваць папяровы тыраж карты будуць бясплатна ў гатэлях, кавярнях і іншых папулярных месцах Брэста, а таксама ў дыпламатычных установах Польшчы. Акрамя іншага, інфармацыя стане даступная ў інтэрнэце. Стваральнікі мапы ўлічылі, што наваколле хутка змяняецца, таму будуць аднаўляць яе змест раз на некалькі месяцаў. Калі з брэсцкім гайдам усё пойдзе, як трэба, далей энтузіясты возьмуцца маляваць дапаможнік па вандроўках у Гродна.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Кацярына Карпіцкая

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера