Знайсці
12.04.2017 / 23:21142РусŁacБел

Паток нянавісці ў ананімным фільме БТ: «Белы легіён» прыраўнялі да «Ісламскай дзяржавы», беларускую сімволіку звязалі з нацызмам 

Увечары 12 красавіка ў эфіры канала «Беларусь-1» выйшла «расследаванне», прысвечанае нашумелай «справе патрыётаў».

«Белы Легіён чорных душ» — так назвалі свой матэрыял на БТ.

Матэрыял уяўляе сабой вінегрэт са штампаў і страшылак. У імкненні застрашыць гледача аўтары не знайшлі сувязі хіба што паміж «Белым легіёнам» і вірусам Эбола, бо ўсё астатняе: нацысты, «Ісламская Дзяржава», «Талібан» — ускосна ці наўпрост прыплятаюцца да затрыманых. 

Фрагмент з эфіру БТ: прысяга «Беларускага згуртавання вайскоўцаў» параўноўваецца з нацысцкім парадам у Трэцім Рэйху.

Няма сэнсу пераказваць увесь паток нянавісці, які выліўся з экрана БТ, мы толькі занатавалі новыя, раней не агучаныя тэзісы і акцэнты.

— Напярэдадні 25 сакавіка было зроблена некалькі спробаў завезці ў Беларусь зброю і выбухоўку з-за мяжы. Нашы спецслужбы нічога не прапусцілі, «апошні раз такая сітуацыя на граніцы была 22 чэрвеня 1941». 

— Для чаго патрэбна была выбухоўка? — «На дэманстрацыі 25 сакавіка меўся адбыцца тэракт, а таксама меліся «разарвацца» смяротнікі». 

— Хто рыхтаваў «смяротнікаў»? — «Белы Легіён», «эстрэмісцкая ультраправарадыкальная групоўка». 

— «Белы Легіён» рабіў з дзяцей шахідаў. 

— «Маці» аднаго з дзяцей, які адзін раз схадзіў на заняткі ў лагер «Патрыёт», маўляў, баіцца расправы, таму з замыленым тварам расказала, што мае інфармацыю аб адным «легіянеру», які ваяваў ва Украіне на «баку нацыянальных батальёнаў, якія займаліся рабаваннем і згвалтаваннямі». 

— Апазіцыйныя палітыкі адчувалі правакацыю Статкевіча на Дзень Волі, таму зладзілі «масавы сыход» на суткі з разлікам выйсці ўжо пасля 25 сакавіка.

— Беларусы павінны быць удзячныя міліцыі за «лёгкую прагулку» ў пастарункі на Дзень Волі.

— Беларускае згуртаванне вайскоўцаў — гэта нацысцкая арганізацыя (Нагадаем, сузаснавальнікам БЗВ» быў Віктар Шэйман — НН).

— 1 мая — святы для кожнага беларуса дзень.

— «Белы легіён» хацеў зладзіць тэракт у маскоўскім метро.

— Польшча фінансуе «лагеры баевікоў» для беларусаў на сваёй тэрыторыі, Украіна таксама.

— Някляеў — хлус, таму што пачухаў нос у эфіры СТБ. (Аргументацыя «эксперта» Андрэя Мяцельскага прагучала так: «Калі я пытаюся, ці гэта шаурма з коткі, а прадавец кажа «не» і чухаецца, то я яе не купляю.) 

— У праграме ў якасці «экспертаў» выступаюць артысты Ярмоленка і Гасцюхін.

— Свая порцыя памыяў дасталася практычна ўсім недзяржаўным СМІ.

— Нацыянальную сімволіку беларусаў паказвалі ў асацыяцыі з нацызмам.

У прававых еўрапейскіх краінах аўтары такога фільма, імаверна, былі б прыцягнутыя да адказнасці за распальванне варожасці і паклёп. Не дзіўна, што фільм ананімны. Ніводзін аўтар стужкі ў цітрах не пазначаны.

АЯ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера