Знайсці
13.04.2017 / 14:1452РусŁacБел

Фільм «Сляды на вадзе», падтрыманы Шуневічам, у пракаце не акупіўся нават на 10%

Фільм «Сляды на вадзе» выйшаў у пракат 23 лютага. Аснову сюжэта склала барацьба беларускай міліцыі з бандытызмам у першыя пасляваенныя гады. На думку міністра унутраных спраў Ігара Шуневіча, фільм стаў выдатным падарункам да 100-годдзя беларускай міліцыі. Але сваімі грашыма гледачы не падтрымалі стужку. У асноўным пракаце, які скончыўся 31 сакавіка, яна ледзь здолела «адбіць» каля 8% патрачаных на яе сродкаў.

Фота: kino.bycard.by

Бюджэт карціны склаў амаль $1 мільён. Прычым 70% фінансавання ўзяло на сябе Міністэрства культуры: такі шчодры падарунак праекту дастаўся ў 2015 годзе пасля перамогі ў адкрытым рэспубліканскім конкурсе на вытворчасць нацыянальных фільмаў. Па курсе ліпеня 2015 года гэта склала 14 мільярдаў рублёў.

На колькі ўдалося акупіць выдаткаваныя грошы?

«Беларусьфільм» паведаміў, што на «першы айчынны баявік» завіталі 81 733 гледачы. Маўляў, гэта самы паспяховы нацыянальны фільм за апошняе дзесяцігоддзе.

Праўда, у Мінску «Сляды па вадзе» паглядзелі толькі 5836 чалавек. Масавасці ўдалося дасягнуць за кошт правінцыі. У папулярных замежных фільмах, на якія людзі ідуць па ўласным жаданні, прапорцыя звычайна адваротная — каса робіцца ў сталіцы.

Назваць агульныя касавыя зборы «Слядоў на вадзе» не змаглі ні ў «Кінавідэапракатах», ні ў Міністэрстве культуры.

Затое параілі падлічыць самастойна. Кошт квітка складаў 1,6-2 рублі. Нават калі браць па максімальнай стаўцы, выходзіць, што ўдалося сабраць 163 тысячы рублёў ($86 тысяч у эквіваленце). Такім чынам, бюджэт карціны акупіўся не больш чым на 8%. Як бачыце, лічба вельмі далёкая ад таго, каб хаця б выйсці «ў нуль».

kino.bycard.by

Начальнік аддзела рэалізацыі і рэкламы нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Юрый Ігруша лічыць, што такія вынікі не падстава для таго, каб шукаць негатыў.

«Я бачыў, што у сацыяльных сетках абмяркоўваюць, маўляў, як гэта так, адзіная стужка, знятая «Беларусьфільмам» у 2016 годзе, і не акупілася зусім. Але гэтыя людзі не разумеюць, што з фільмамі пасля 1,5-2-месячных паказаў так не бывае. Гэта доўгатэрміновая справа, куды ўваходзіць іх продаж на тэлебачанне, DVD-дыскі і іншае. Акрамя таго, у кінатэатрах Брэсцкай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей «Сляды на вадзе» можна будзе глядзець амаль да верасня»,— каментуе сітуацыю Юрый Ігруша і дадае, што толькі ў ЗША фільм можа пабіць рэкорды пракату за выходныя. А ў Беларусі, асабліва з нацыянальным прадуктам, гэта, маўляў, немагчыма: калі фільм і прыносіць прыбытак, то толькі праз гады.

Чытайце таксама: Кіно і палякі: у пракат выйшла чарговая стужка «Беларусьфільма» пра пасляваенны супраціў з савецкіх пазіцый

Кацярына Карпіцкая

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930