Знайсці
12.04.2017 / 11:2836РусŁacБел

Анатоль Сідарэвіч пра Радаўніцу: Замест штучных кветак ахвяруйце на добрую справу

У Мінску буянне красак — кветак. На ўсе колеры. Усіх гатункаў.

Тое ж, упэўнены, адбываецца і за мінскай кальцавой дарогай — у гарадах і гарадках. А больш увішлівыя прадаўцы і прадавачкі даязджаюць у вёскі і сёлы.

Набліжаецца Пасха, а там і Радаўніца. Дзе як. У адных мясцінах на могілкі ходзяць у дні Пасхі, у іншых — на Радаўніцу.

Да пасхальных дзён і Радаўніцы і прымеркавана буянне красак усіх гатункаў, але гэта не сапраўдныя кветкі, а штучныя. У Беларусі, як выглядае, цэлая індустрыя іх вырабу. Заняты, можна думаць, тысячы людзей.

Сёлета я не паеду на Пасху ў роднае Задуб’е, не пайду на могліцы (так у нас кажуць), дзе ляжаць мае продкі і сваякі, але ўяўляю, якое буянне красак будзе ў гэты дзень у нашым некропалі.

Пройдзе тыдзень, пройдзе два, пройдуць дажджы, і фарбы паблякнуць, А потым сельсавет закамандуе сацыяльным работніцам сабраць усе тыя кветкі і знесці іх у адну горбу. Прыйдзе машына ці трактар — і ўсё былое хараство павязуць на звалку.

Цяпер няма вёскі без звалкі. І пераважаюць на тых звалках вырабы са штучных матэрыялаў. І кожную вясну да іх абавязкова дадаюцца штучныя кветкі. У большых населеных пунктах іх вывозяць на звалкі цэнтнерамі і тонамі.

У нейкай незразумелай пагоні за штучным хараством людзі чыняць шкоду навакольнаму асяроддзю і сабе. І прыкра, што я не чую голас нашых эколагаў і нашых артадаксальных цэркваў, іх заклік да людзей, да вернікаў: схамяніцеся! І з павагай назіраю, як Украінская Грэка-Каталіцкая Царква ўжо каторы год запар напярэдадні Пасхі Хрыстовай звяртаецца да ўкраінцаў з заклікам адмовіцца ад штучных кветак на магілы, бо штучныя кветкі — гэта «сміття, згубне для здоров’я людини».

Быў бы ўзрадаваны, калі б пачуў такі заклік Беларускага Экзархату Рускай Праваслаўнай Царквы, Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі і грэка-каталіцкага духавенства. Бо менавіта на тых, хто лічыць сябе праваслаўнымі і каталікамі, у першую чаргу працуе кветкавая індустрыя.

Іерархі і проста духавенства маглі б патлумачыць вернікам, што на могілкі не абавязкова хадзіць з кветкамі, нават жывымі, што ад хаджэння з кветкамі патыхае паганствам, і пагатоў паганскі звычай — несці на могілкі чаркі, булкі, яйкі і да т. п. І хаваць чалавека з вянкамі штучных кветак таксама нядобра. Лепш хаваць без ніякіх кветак, як было даўней. Лепш тыя грошы, што траціце на куплю вянкоў штучных кветак, пакласці ля дамавіны нябожчыка, каб такім чынам матэрыяльна дапамагчы яго родным, або ахвяраваць на якую дабрачынную акцыю. У пратэстантаў (прынамсі ў маім сяле) так робяць. У артадаксальных іудзеяў так робяць. І ў мусульман, наколькі мне вядома, таксама. Так, ведаю, робяць і ў праваслаўных беларусаў у Штатах.

Зрабіць добрую справу, не нашкодзіць прыродзе, сабе і іншым людзям, адмовіцца ад эфемернага хараства штучных кветак — гэта ж так проста. І так па-хрысціянску.

Анатоль Сідарэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930