Знайсці
10.04.2017 / 06:2350РусŁacБел

Шаленства з бонсцікамі. Што гэта было?

За два месяцы невялічкія гумовыя пачвары-ліпучкі з «Еўраопта» апанавалі дамы тысяч беларусаў. Закупіўся на 15 рублёў — і вось ужо ў тваіх руках Лупач, Крол, Жаўтапуз ці яшчэ хтосьці з 24 персанажаў. І думай, што з ім рабіць: ці то выкінуць, ці то падарыць дзіцяці, ці то прыляпіць на лядоўню — падарунак, як-ніяк.

Стужка Instagram па хэштэгу #bonsticks

Увогуле, са здымкаў у Instagram можна было б скласці топ-20 месцаў, куды можна прыляпіць бонсцікаў: на лоб, на нос, на акуляры, на келіх, на пазногці, на гадзіннік, на шапачку для плавання… — карацей, варыянтаў процьма.

Хтосьці нават паспрабаваў «падсадзіць» на бонсцікаў рыб.

У нядзелю, 9 красавіка, кампанія абвясціла завяршэнне акцыі.

Відавочна, забава прыйшлася даспадобы не толькі дзецям, хоць гандлёвая сетка найперш меціла ў гэтую аўдыторыю: як не дапамагчы сабраць дзіцяці калекцыю, калі для яго гэта так важна? У сацыяльных сетках нават пачалі ствараць суполкі па абмене бонсцікамі, а некаторыя паспрабавалі на гэтым яшчэ і зарабіць, арганізаваўшы перапродаж.

«Еўраопт» зладзіў цэлы тур па Беларусі для чатырох плюшавых бонсцік-персанажаў. Яны аб’ехалі больш за 20 гарадоў і сустрэліся з 70 тысячамі беларусаў — гэта як пяць разоў сабраць «Мінск-Арэну».

У Оршы, дарэчы, першае знаёмства з бонсцікамі, на якое прыйшло некалькі тысяч гараджан, спыніла міліцыя — «несанкцыянаваная акцыя». 

Тур бонсцікаў па Беларусі.

Карацей, піяр-кампанія атрымалася заўважнай. У суполках бонсцікаў у сацсетках агулам больш за 30 тысяч падпісантаў — і гэта ўсяго за некалькі месяцаў. Дарэчы, першапачаткова планавалася, што акцыя працягнецца месяц. Аднак паколькі беларусаў, якія масава пачалі калекцыянаваць пачварак, было ўжо не спыніць, не стрымаць — кампанія вырашыла падоўжыць калектыўнае «вар’яцтва».

Армія бонсцікаў.

Лік бонсцікаў ідзе на мільёны

Як распавяла кіраўніца піяр-аддзела «Еўраопта» Таццяна Курбат, вобразы і імёны бонсцікаў прыдумала творчая група кампаніі. Таццяна запэўнівае, што гэтых фігурак няма больш нідзе ў свеце, хоць сама ідэя і не новая.

«Мы прааналізавалі рэакцыю людзей на падобныя праекты ў іншых краінах і зразумелі, што хочам зрабіць яшчэ больш маштабна і больш заўважна. На наш погляд, у нас гэта атрымалася. Тое, што «заліпла» ўся краіна, як мы кажам унутры кампаніі, гэта відавочна, — адзначае Таццяна.

— Асноўная актыўнасць была збудаваная на ажыўленых персанажах і бонсцік-мабілі, на якім яны перасоўваліся. Гэтая велізарная зялёная машына выклікала захапленне і «ваў». Мы зразумелі, што ідэя ажывіць некалькі герояў аказалася слушнай, таму што дзецям, як паказала практыка, крыху не хапае свята. Мы гэтае свята пастараліся для іх зрабіць. Вельмі шчыра, без нейкага там намеру. І вельмі рады, што ў нас гэта атрымалася. Мы прыдумалі для дзяцей казку, у якую яны паверылі».

Колькі дакладна бонсцікаў за час акцыі было выпушчана — камерцыйная таямніца, аднак Таццяна кажа, што лік ідзе на мільёны.

Бонсцікі ў Гомелі. Фота gp.by.

«Выглядае, што існуе дамоўленасць паміж «Еўраоптам» і ўладамі»

У акцыі кампаніі няма нічога звышгеніяльнага і новага, але гэта працуе. Падаецца, цудоўны прыклад іншым гульцам на беларускім рынку: бяры і рабі. Аднак вядомы рэкламіст, кіраўнік праекта Belretail.by Сяргей Скараход так не лічыць.

«Еўраопт» — гэта асобны вельмі вялікі гулец нашага рынку, якому дзяржава надала асаблівую ролю сацыяльнага рытэйлера. Выглядае, што існуе дамоўленасць паміж кампаніяй і ўладамі, — мяркуе Сяргей.

— Кампанія робіць шмат для таго, каб цывілізаваны гандаль дайшоў паўсюль, у тым ліку і да нашых маленькіх вёсак. Існуе погляд, што яна захапіла ўвесь рынак і не пускае нікога да канкурэнцыі, але гэта пытанне адносінаў «Еўраопта» з дзяржавай».

Рэкламіст не думае, што на акцыі з бонсцікамі кампанія зарабіла нейкія шалёныя грошы. Ён мяркуе, што пры іх аб’ёмах гэта толькі адзін невялікі інструмент уплыву праз дзяцей на мэтавую аўдыторыю, праца на лаяльнасць. Сяргей Скараход не бачыць нічога заганнага ў тым, што беларусы звар'яцелі на гэтых фігурках. На яго думку, калі так здарылася, значыць, людзям не хапала эмоцый, нейкіх маленькіх радасцяў у жыцці. Калі бізнэс даў ім гэта — добра.

На сустрэчы з бонсцікамі ў Баранавічах. Фота intex-press.by.

«Мне падаецца, што якасць гэтых фігурак ніжэй за еўрапейскую планку, трэба было зрабіць лепшыя. Аднак з пункту гледжання маркетынгу — усё добра, яны малайцы, — кажа Сяргей. — «Еўраопт» выглядае інавацыйна, ідзе па такіх самых эфектыўных шляхах маркетынгу, якія ўжо адпрацавалі на рынку Заходняй Еўропы».

НР

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера