Знайсці
07.04.2017 / 11:49РусŁacБел

8 красавіка ў галерэі «Ў» пачынаецца арт-фестываль, прысвечаны «Эпосе рэвалюцый»

«ARTES LIBERALES» — гэта адукацыйна-мастацкі фестываль, які аб’ядноўвае не толькі вучоных і даследчыкаў, прадстаўнікоў гуманітарных навук, але мастакоў і музыкаў. Штогод фестываль абірае тэму, збіраючы моцны склад экспертаў з розных сфераў, і раскрывае яе сучасны кантэкст. Сёлета тэма «Artes Liberales-2017» гучыць як «Эпоха рэвалюцый». Падставай для размовы ў коле «вольных мастацтваў і навук» стала стагоддзе Кастрычніцкай рэвалюцыі, аднак ініцыятары праекта хочуць пашырыць поле даследванняў і разгледзець Ідэю Рэвалюцыі ў розных сацыяльных і тэарэтычных кантэкстах.


«У межах нашага праекта мы хацелі б абмеркаваць, як змянілася само ўяўленне пра рэвалюцыю і якую ролю ў гэтым граюць актуальныя ці нядаўнія падзеі, новыя тэорыі і практыкі. Як прыходзіць усведамленне таго, што «надышла новая эпоха» і што «свет ніколі не будзе ранейшым»? Як адбываюцца і зацвярджаюцца нябачныя рэвалюцы ў асобных абласцях сацыяльнага жыцця і ў навуковым пазнанні? І, нарэшце, якім чынам у сучасных палітычных перформансах, медыйных рэпрэзентацыях, а таксама ў мастацкіх практыках актуалізуецца і перафармулюецца ідэя Рэвалюцыі?» — пазначаецца ў прэс-рэлізе форума.

У праграме фестывалю — больш за 40 падзей: ад лекцый, дыскусій і майстар-класаў — да канцэртаў эксперыментальнай музыкі і тэматычных кінапаказаў з абмеркаваннямі. 

Сярод замежных удзельнікаў форума — Влодко Боднар (Украіна), Agnieszka Wiśniewska (Польшча), Lina Dokuzović (Аўстрыя), Саша Закревска \ Poly Chain (Украіна), Нікіта Кадан (Украіна), Dawid Krawczyk (Польшча), Gerald Raunig (Аўстрыя), Elske Rosenfeld (Германія) ды іншыя.

Удзельнікі фестывалю з беларускага боку — Тацяна Арцімовіч, Аляксандр Вашкевіч, Павел Вайніцкі, Міхаіл Волчак, Віталь Гармаш, Андрэй Горных, Святлана Ермаковіч, Аляксандра Ігнатовіч, Ганна Карпенка, Вікторыя Канстанцюк, Аляксандр Лісаў, Валянціна Мароз, Павел Няхаеў, Аляксей Пікулік, Ірына Раманава, Галіна Русецкая, Антаніна Серакова, Ала Сакалова, Альміра Усманава, Сяргей Харэўскі, Андрэй Чарнякевіч, Тацяна Чуліцкая, Ксенія Шталенкава, Тацяна Шчытцова, Кацярына Янчэўская ды іншыя. 

Распачнецца «Artes Liberales-2017» у галерэі сучасных мастацтваў «Ў» 8 красавіка выставай Сяргея Шабохіна.

Абіраючы з яго багатай праграмы, прапануем агляд гістарычнага і палітычнага блокаў — лекцый і дыскусій, якія могуць зацікавіць чытачоў «Нашай Нівы».

9 красавіка (15.00) адбудзецца лекцыя Андрэя Чарнякевіча «Беларуская нацыянальная рэвалюцыя: да пытання ўзаемаадносінаў БНР і бальшавікоў»

Вытрымкі з яе анатацыі:

«Звычайна рэвалюцыя 1917 г. у нацыянальнай гістарыяграфіі разглядаюцца, як толькі уступ да бальшавіцкага перавароту ды абвяшчэння незалежнасці БНР. Важны, але другасны эпізод. Тым часам, менавіта яна сталася той кропкай адліку, якая істотным чынам не толькі вызначыла ўсе далейшыя падзеі, але паўплывала на фармаванне ідэялогій і рухаў, наўпрост з ёй не звязаных. Гэтак адбылося з бальшавіцкай ідэялогіяй ды беларускіх нацыянальным рухам, для якіх рэвалюцыя была адным з галоўных рухавікоў, і якія, у рэшце-рэшт, выступілі, няхай і кожны на сваім узроўне, яе апанентамі ды палітычнымі канкурэнтамі».

 

12 красавіка (18:00) Ксенія Шталенкова прапануе лекцыю «Грошы і ідэалогія: Рэвалюцыя беларускасці даўжынёй у 100 год».

З анатацыі:

«Наколькі часта мы глядзім на грошы? Дзякуючы свайму візуальнаму дызайну, грошы могуць выступаць у якасці ідэалагічнага інструмента па прамоцыі своеасаблівага «іміджу»

5 снежня 1917 года на I Усебеларускім з’ездзе ўпершыню было ўзнята пытанне аб утварэнні беларускай дзяржаўнасці, але праз два тыдні з’езд быў разагнаны Савнаркамам Заходняй вобласці і фронта. З гэтага часу беларускія тэрыторыі былі наводненыя рознымі грашовымі знакамі, на якіх уключэнне Беларусі ва ўсходнееўрапейскія палітычныя працэсы інтэрпрэтавалася па-рознаму. У 2016 годзе ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь былі ўведзены беларускія рублі новага ўзору, і хаця гэта ўжо чацвёрты выпуск нацыянальных грошай, менавіта ў іх дызайне пачынае афармляцца ідэя беларускасці — гэтыя грошы літаральна пачалі размаўляць на беларускай мове. Што ж могуць паведаміць і што стойваюць аб Беларусі грошы, якія цыркулявалі на гэтай тэрыторыі апошнія 100 гадоў?»

13 красавіка (18.00)— лекцыя Ірына Раманавай «1937 год: як тэрор стаў Вялікім».

З анатацыі:

«Неад’емнай часткай масавых аперацый 1937-1938 гг. сталі паказальныя судовыя працэсы рознага ўзроўню, якія былі накіраваны на мабілізацыю грамадства на выяўленне ўсіх відаў «ворагаў». Першы «паказальны працэс у сельскай гаспадарцы» па СССР меў месца на Беларусі ў Лепельскім раёне. Па выніку правядзення такіх судоў у шэрагу раёнаў былі арыштаваны не толькі ўсе члены партарганізацыі, але і райвыканкама — у раёнах проста ліквідавалі бальшавіцкую і савецкую ўладу!

Размова пойдзе аб тым, як масавыя аперацыі праводзіліся ў БССР, якія ліміты атрымала рэспубліка, як беларускія кіраўнікі прасілі цэнтр аб іх павелічэнні, як гэтыя аперацыі ўплывалі адна на адну і колькі дзесяткаў тысяч чалавечых жыццяў каштавалі Беларусі».

13 красавіка адразу за лекцыяй Ірыны Раманавай адбудзецца выступленне Сяргея Харэўскага (20.00) — «Зачараваныя рэвалюцыяй: лёсы мастакоў і архітэктараў Беларусі ў святле падзеяў 1917 года».

 «Большасць інтэлігенцыі Беларусі з натхненнем сустрэлі рэвалюцыйныя падзеі, актыўна спрычыніліся да стварэння новае культуры. Сярод іншых да гэтае працы спрычыніліся Марк Шагал, Аляксандр Ахоло-Вало, Казімер Малевіч, Уладзіслаў Стрэмінскі і архітэктары Атон Краснапольскі і Станіслаў Шабуневіч. Імі было створана багата твораў, што ўслаўлялі рэвалюцыйныя падзеі. Яны аддалі рэвалюцыі належнае ня толькі ў творчасці, але і ў тагачаснай публіцыстыцы. Неўзабаве, аднак, надышло расчараванне. Лёсы творцаў у Беларусі, урэшце, склаліся па-рознаму» — пазначана ў анатацыі да выступлення.

Тых, хто цікавіцца паліталогіяй і дзяржаўным кіраваннем, можа зацікавіць дыскусія «Новы дзяржаўны менеджмент ці класічная бюракратыя: як можна навучыцца кіраваць дзяржавай у Беларусі?», якая пройдзе 10 красавіка ў 18:30 у «Прэс-Клубе» (вул.Харужай, 3).

Вытрымкі з анатацыі да дыскусіі:

«Што павінны вывучаць будучыя бюракраты? Якія канцэпцыі важныя для разумення дзяржаўнага кіравання. Якія формы навучання дзяржаўнаму кіраванню ўжо існуюць ў сучаснай Беларусі? Што можна і трэба мяняць у вышэйшай адукацыі па данным кірунку? Гэтыя і іншыя пытанні мы будзем абмяркоўваць у рамках дыскусіі «Новы дзяржаўны мэнэджмент альбо класічная бюракратыя: як можна навучыцца кіраваць дзяржавай ў Беларусі?»

Удзельнікі: выкладчыкі і выпускнікі магістэрскай праграмы ЕГУ «Публічная палітыка», эксперты SYMPA/BIPART Дзмітрый Маркушэўскі, Іна Рамашэўская, а таксама выпускнікі школы SYMPA. Мадэратары: Тацяна Чуліцкая./ Андрэй Сцяпанаў (ЕГУ).

 Азнаёміцца з усёй праграмай фестывалю можна тут

Працягнецца адукацыйны-мастацкі форум тры тыдні — да 30 красавіка.

Заснавальніца і кіраўнік праекта «Artes Liberales» — Альміра Усманава, культуролаг, кандыдат філасофскіх навук, прафесар дэпартамента медыя Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільнюс, Літва).

Падрыхтавала Дар’я Амяльковіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930