Знайсці
07.04.2017 / 11:5865РусŁacБел

Чаму расейцы не збілі амерыканскія крылатыя ракеты ў Сірыі?

У ноч на 7 красавіка ЗША нанеслі ракетны ўдар па сірыйскім аэрадроме, які знаходзіцца пад кантролем сілаў Башара Асада. Гэта стала першай прамой атакай амерыканцаў супраць сілаў сірыйскага прэзідэнта за некалькі гадоў ваеннай кампаніі. 

Са словаў Трампа, 59 «Тамагаўкаў» — гэта адказ на меркаванае ўжыванне сірыйскім урадам хімічнай зброі супраць паўстанцаў і мірнага насельніцтва ў правінцыі Ідліб. 

На што варта звярнуць увагу: у Расіі, якая таксама бярэ ўдзел у сірыйскім канфлікце, але на баку Асада, у Сірыі знаходзяцца комплексы супрацьпаветранай абароны: «Панцыр», С-300 і С-400. Але ніводзін з іх не перашкодзіў амерыканскім ракетам пацэліць у месца прызначэння, хаця іхняй задачай лічылася менавіта супрацьдзеянне ракетным атакам ЗША. 

«С-400 там даўно, і ўсе да гэтага нармальна ставіліся. С-300 з'явіліся там пасля таго, як пайшлі ўкіды ад блізкіх да ЗША экспертаў, якія, напэўна, мелі падставы казаць, што могуць бамбіць крылатымі ракетамі сірыйскія аэрадромы», — тлумачыў для ТАСС расійскі МЗС мэты знаходжання комплексаў у Сірыі.

Дык што, атрымліваецца, расійскія сістэмы не змаглі збіць ніводную амерыканскую ракету? 

Свае думкі на гэты конт «Нашай Ніве» выказалі эксперты ў сілавой сферы. 

Аляксандр Алесін лічыць, што рускія не вельмі і хацелі. 

«Расія не ваюе супраць ЗША ў Сірыі. А ў саміх сірыйцаў комплексаў С-300 няма, і С-400 няма. Калі б захацелі… Там ёсць і «Панцыр» у рускіх, і авіяцыйнымі ракетамі класа «паветра-паветра» можна перахапіць. Але практычна гэта б азначала, што Расія ўзброеным шляхам абараняе Асада ад ЗША, — мяркуе Алесін. —

Гэта такая вельмі двухсэнсоўная дыпламатычная сітуацыя. Атрымліваецца, Расія б уступіла ў вайну з ЗША на баку Асада? Таму, канечне, я думаю, Расія нават і не спрабавала. Яна цяпер паспрабуе выкарыстоўваць гэтую сітуацыю, каб блакаваць любыя ініцыятывы Рады бяспекі ААН. То бок нават што да галасавання — калі раней Расія толькі пагражала вета, то цяпер у яе развязаныя рукі. Яна можа любыя ініцыятывы ЗША і заходніх краін, якія падтрымалі ЗША, адрынаць з лёгкім сэрцам, кажучы, што гэтыя краіны не маюць маральнага права». 

Па словах Алесіна, ЗША груба парушылі міжнароднае права, калі нанеслі ўдар без ўхвалення Рады Бяспекі ААН. 

На думку іншага эксперта, Андрэя Паротнікава, Расія магла сесці ў лужыну. 

«Але гэта толькі адзін з магчымых варыянтаў, калі яны не здолелі сваечасова выявіць цэлі і паспрабаваць адбіць. Але ці спрабавалі? Іншы варыянт — яны ж былі папярэджаныя аб удары, і гэтая інфармацыя, як я разумею, дазволіла вывесці з месца ўдара нейкае абсталяванне. Рускія маглі самі вырашыць не абвастраць», — сказаў Паротнікаў.

«Далейшыя падзеі пакуль не зразумелыя. Для мяне словы Трампа пра такі адказ на хімічную атаку — гэта проста гульня на публіку. Пакуль рана разважаць, нейкі час мусіць прайсці. Адзінае, што ясна дакладна — Трамп вельмі сур'ёзна адзначыў, што ў будучыні гатовы вельмі сур'ёзна рэагаваць на любыя падзеі ў Сірыі», — сказаў Паротнікаў. 

Дзеянні ЗША ў Сірыі ўхвалілі краіны заходняй кааліцыі, Саудаўская Аравія, Турцыя, Аўстралія. Традыцыйную незадаволенасць выказалі Расія і Іран.

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера