Знайсці
16.04.2017 / 10:5610РусŁacБел

Будучыня танкаў: да 100-годдзя баявых машын

Летась танкі адзначылі 100 год свайго баявога хросту — 15 верасня 1916 года нямецкія жаўнеры на Заходнім фронце ўбачылі гіганцкія ромбападобныя машыны, якія няўмольна рухаліся ў іх бок праз ранішні туман.

Людзям, пераважна сялянам, якія ніколі не бачылі нічога падобнага, было лёгка прыняць монстраў, якіх не бяруць кулі, за істотаў, што вылезлі з самога пекла.

«Д'ябал ідзе!» — падняўся панічны крык. Так разам з танкам узнікла і танкабоязь, якую нямецкія жаўнеры перамаглі толькі праз некалькі тыдняў баёў.

Брытанскі танк Першай сусветнай вайны Mark I падчас выпрабаванняў.

Першыя танкі — брытанскія Mark I — былі ненадзейнымі машынамі, абароненымі толькі ад звычайных куль стралковай зброі. З тых 49 танкаў, якія мусілі пайсці ў першую атаку, толькі 32 даехалі да перадавой і толькі 18 змаглі дабрацца да пазіцый праціўніка — астатнія зламаліся ці загрузлі. Аднак нават такія недалугі змаглі тое, чаго не мог ніхто — прарваць калючы дрот і знішчыць кулямётныя гнёзды, адкрываючы дарогу пяхоце.

З тых часоў не раз тэарэтыкі вайны заяўлялі пра канец «эпохі танкаў» — з’явіліся супрацьтанкавыя рвы і міны, гранаты, бранябойныя кулі, супрацьтанкавыя гарматы і гранатамёты, спецыяльныя авіяцыйныя бомбы і ракеты. Кожны заўважны бой, дзе танкі адносна масава знішчаліся пяхотай, артылерыяй, мінамі ці з паветра, спрабавалі абвесціць сімптомам таго, што хутка танкі ўжо нікому не будуць патрэбныя, аднак сухапутныя браняносцы працягваюць жыць.

З 1916 года пачынаецца гонка танкавых узбраенняў, якая не спыняецца дагэтуль.

Зброя бліцкрыгу — нямецкі танк Pz. III у Францыі ў 1940 годзе.

І скальпель, і молат

Танк аказаўся ўнікальнай прыладай, патрэба ў якой не знікае незалежна ад развіцця сродкаў супрацьдзеяння.

Спалучаючы добрую бронь, цяжкае ўзбраенне і мабільнасць, танк робіцца цэллю, якую цяжка знішчыць на полі бою. Сапраўды, развіваюцца розныя супрацьтанкавыя комплексы, здольныя знішчыць любы існуючы танк. Але танк так ці інакш застаецца найлепш абароненым мабільным комплексам узбраення ў баявых умовах — зброя, якая здольная з пэўнай доляй імавернасці яго знішчыць, знішчыць абсалютна лёгка і любую іншую бранятэхніку: бронетранспарцёр, баявую машыну пяхоты, самаходную артылерыйскую гармату. Зразумела, што гэта не прычына адракацца ад любой бранятэхнікі наогул.

Амерыканскі танк Abrams M1A1 знішчаны падчас вайны ў Іраку ў 2003 годзе.

У шмат разоў падвышаецца ступень абароненасці танка пры правільным выкарыстанні баявой тэхнікі, а таксама праз сінергію, якая забяспечваецца ўзаемнай падтрымкай розных родаў зброі.

Гэтак, калі мы паглядзім на поле бою з вышыні птушынага палёту, мы ўбачым, што кошт, маса і габарыты сапраўды магутных супрацьтанкавых комплексаў не дазваляюць узброіць імі пяхоту настолькі масава, каб надзейна гарантаваць сабе абарону ад масіраванага танкавага прарыву. Тым больш такога прарыву, які будзе падтрыманы падаўляючым агнём артылерыі, пяхотай, авіяцыяй.

Умоўна кажучы, пакуль кожны другі-трэці жаўнер не будзе мець дастаткова лёгкую і дальнабойную зброю, здольную знішчыць танк на адлегласці як мінімум 1—1,5 км, танку, як віду баявой тэхнікі, нішто не пагражае. А да гэтага яшчэ вельмі далёка. 

Дзякуючы сваёй броні і мабільнасці, танк знаходзіць сябе і ў пазіцыйнай вайне. Гэта фактычна рухомы форт з вельмі дакладнай гарматай, які здольны падтрымліваць абарону сваёй пяхоты, змагацца з іншымі танкамі, знішчаць агнём варожыя акопы, снайперскія і кулямётныя пазіцыі.

«Браніраваная снайперская вінтоўка самага буйнога калібру», — так часам эксперты апісваюць сучаснае выкарыстанне танкаў у часе канфлікту на Данбасе.

Украінскія Т-64 падчас вайны на Данбасе

Новая гонка?

Пасля заканчэння халоднай вайны арміі ўсяго свету амаль не ваявалі са шматлікімі рэгулярнымі войскамі праціўніка — выключэннем сталі войны антыіракскіх кааліцый на чале з ЗША ў 1991 і 2003 гадах.

Якраз у 2003 годзе хуткі рух механізаваных калон на чале з танкамі цалкам дэзарганізаваў абарону іракскай арміі, дэмаралізаваў яе і прывёў да амаль бяскроўнага захопу Багдада, хоць да яго абароны дыктатар Садам Хусейн рыхтаваўся некалькі месяцаў.

Такім чынам, танкі, як і ў пачатку 1940-х гадоў, сябе паказалі як інструмент бліцкрыгу — хуткай манеўранай вайны, мэта якой — нанесці рашучую паразу ворагу за мінімальны тэрмін.

Аднак у цэлым Захад у апошнія 25 год перастаў звяртаць асаблівую ўвагу на свае танкавыя войскі. Заканчэнне супрацьстаяння з савецкім блокам дазволіла заўважна скараціць выдаткі на абарону, а баявыя дзеянні ўсё больш скіроўваліся супраць паўпартызанскіх-паўтэрарыстычных атрадаў баевікоў. У такіх умовах «вялікім танкавым дзяржавам» дастаткова было займацца мадэрнізацыяй распрацовак 1960—1970-х гадоў.

На гэтым фоне толькі Расія ў 2009 годзе вырашыла, маючы мільярды даляраў нафтавага звышпрыбытку, распрацаваць прынцыпова новы танк, які атрымаў назоў Т-14 «Армата». У Маскве танк называюць машынай новага пакалення, кажуць пра ўсталяванне на ёй самых сучасных сістэм назірання, сувязі, абароны. Цяпер яна праходзіць вайсковыя выпрабаванні.

У адказ павялічваць свае арсеналы бранятэхнікі, мадэрнізаваць свае танкі пачалі і самыя ўплывовыя краіны НАТА: ЗША, Нямеччына, Брытанія, Польшча, Турцыя. Сімптомам новага штуршка гонкі ўзбраенняў стала прэзентацыя новай танкавай 130-мм гарматы, якую вырабіла кампанія Rheinmetall — пастаўшчык нямецкіх танкаў Leopard 2. Улічваючы, што, па дадзеных СМІ, гармату пачалі распрацоўваць у 2015 годзе, а яна была гатовая ўжо ў 2016, тэмпы працы інжынераў мала адрозніваліся ад ваенных.

Калона амерыканскіх танкаў і БМП наступае ў Іраку. 2003 год.

Акрамя таго, Францыя і Нямеччына дамовіліся пачаць працу над будучым супольным танкам, які аб’яднае найлепшыя характарыстыкі французскіх танкаў Leclerc i нямецкіх танкаў Leopard 2. Зацікаўленасць у далучэнні да еўрапейскага танкавага альянсу агучыла і Польшча.

У лістападзе 2016 года вайсковая прэса ЗША пачала паведамляць пра праграму «Баявая машына наступнага пакалення», вынікам якой можа стаць з'яўленне будучага амерыканскага танка.

Студзень 1940 года. Фінскія жаўнеры аглядаюць танкі, кінутыя чырвонаармейцамі.

Пакуль рана казаць, як будзе выглядаць новае пакаленне сучасных рыцараў. Адзінае, што зразумела пра танкі будучыні, — яны будуць мабільнымі, добра абароненымі, цяжка ўзброенымі, мець найноўшыя сістэмы перадачы дадзеных.

«Арматы» на парадзе ў Маскве

Але ваююць не асобныя танкі, а складаныя вайсковыя структуры, якія выйграюць ці прайграюць войны праз лепшую каардынацыю, узаемадзеянне паміж пяхотай, артылерыяй, танкамі, авіяцыяй, выведкай. 

Выйграюць арміі з лепш падрыхтаванымі, матываванымі і больш ініцыятыўнымі афіцэрамі і жаўнерамі, дзяржавы з больш магутнай эканомікай і перакананым у патрэбе змагання за сваю незалежнасць насельніцтвам.

Аляксандр Гелагаеў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930