Знайсці
30.03.2017 / 12:4120РусŁacБел

Віцэ-старшыня Вярхоўнага суда пра прысуды за 25 сакавіка: «Суддзяў ніхто не праграмаваў. Вы лічыце, што я ідыёт? Я не хачу сядзець пяць гадоў»

Суды ў Беларусі разглядаюць усе справы індывідуальна, усе выдумкі, што яны дзейнічаюць па зададзенай праграме, — гэта спробы ачарніць правасуддзе, лічыць першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч. Ён пагутарыў з журналістамі TUT.BY перад пасяджэннем пленума ВС па пытаннях адміністрацыйнага судаводства.

Фота: TUT.BY

Адказваючы на пытанне TUT.BY, чаму суды па ўсёй краіне пачалі часцей выносіць арышты ўдзельнікам масавых мерапрыемстваў, хаця амаль два апошнія гады абмяжоўваліся штрафамі, Калінковіч адзначыў:

— Пры разглядзе кожнай справы — ці гэта будзе крымінальная, ці адміністрацыйная справа, — калі гаворка ідзе аб прызначэнні меры адказнасці, павінен выконвацца прынцып індывідуалізацыі адказнасці. Адным словам, у адпаведнасці з гэтым прынцыпам суды і падыходзяць да разгляду спраў.

Суддзя дадаў, што, калі адзін з бакоў не згодны з прынятым рашэннем, ён можа абскардзіць яго ў судзе вышэйшай інстанцыі.

— Выдумкі, якія распаўсюджваюцца некаторымі рэсурсамі і СМІ, аб тым, што суды дзейнічаюць па нейкай зададзенай праграме, не адпавядаюць рэчаіснасці і з'яўляюцца не чым іншым, як спробамі ачарніць беларускае правасуддзе ў вачах недасведчаных у пытанні права грамадзян.

Другое пытанне TUT.BY датычылася сітуацыі з журналістам «Белсат» Аляксандрам Баразенкам. Яго, нагадаем, адправілі на 15 сутак арышту пасля Дня Волі на падставе паказанняў супрацоўнікаў міліцыі, якія казалі, што ён лаяўся матам, размахваў рукамі і не назваўся журналістам. На судзе было прадэманстравана відэа затрымання, знятае самім Баразенкам, якое не пацвярджае гэтыя паказанні міліцыянтаў.

Журналісты запыталіся ў Валерыя Калінковіча, як у такім выпадку наогул можна даказаць сваю невінаватасць у адміністрацыйным працэсе.

— Вы цяпер хочаце прымусіць мяне ўмяшацца ў ажыццяўленне правасуддзя. Калі Аляксандр Баразенка або нехта яшчэ не згодны з вынікамі разгляду яго справы судамі першай інстанцыі, ён мае права звярнуцца са скаргай у вышэйшы суд. Усе яго довады аб тым, што суд чагосьці не ўлічыў, чагосьці не даследаваў альбо прыняў няправільнае рашэнне, будуць уважліва разгледжаны і атрымаюць ацэнку кампетэнтнага суда. Я гэтыя довады ацэньваць тут і цяпер не маю права. Я зараз выкажуся, а паслязаўтра Мінгарсуд будзе разглядаць скаргу Баразенкі. Гэта недапушчальна — мне выказвацца па канкрэтнай справе на ўсю краіну.

Першы намеснік старшыні ВС адзначыў таксама, што пры накладанні адміністрацыйнага спагнання судамі ўлічваюцца асоба, ступень віны, характар і памеры шкоды, маёмаснае становішча, абставіны, якія змякчаюць або абцяжарваюць становішча.

Вяртаючыся да пытання аб тым, што па ўсёй краіне суды сталі часцей даваць арышты замест штрафаў за справы па выніках масавых мерапрыемстваў, Калінковіч дадаў:

— Суддзі вырашылі так, іх ніхто не праграмаваў. Іх ніхто не можа праграмаваць у прынцыпе, гэта парушэнне закона, якое прадугледжвае ў тым ліку крымінальнае пакаранне да пяці гадоў пазбаўлення волі, паводле 392 артыкула КК. Вы лічыце мяне ідыётам? Я не хачу сядзець пяць гадоў.

На сённяшнім пленуме Вярхоўнага суда плануецца разгледзець пытанні абскарджвання пастаноў па адміністрацыйных справах. У прэс-рэлізе ВС да пленума гаворыцца, што суды не заўсёды забяспечвалі ўмовы для рэалізацыі ўдзельнікамі адміністрацыйнага працэсу права на абскарджанне пастаноў па іх справах. Каментуючы падрыхтоўку пасяджэнне пленума, Калінковіч дадаў:

— Мы маем намер пацвердзіць ўстаноўкі, якія ўтрымліваюцца ў законе, пра неабходнасць строга індывідуальнага падыходу да кожнай справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, аб вызначэнні таго, хто вінаваты, законнай і справядлівай меры адказнасці, аб безумоўным захаванні прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці.

Паводле яго слоў, гэтыя ўстаноўкі ў цэлым сёння вытрымліваецца ў рабоце судоў.

— Трэба сур'ёзна заняцца пераглядам адміністрацыйна-прававых санкцый з мэтай іх аптымізацыі. У прыватнасці, магчыма, неабходна адмовіцца ад ўвядзення ніжняга парога адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафаў у канкрэтных складах правапарушэнняў.

Валерый Калінковіч выступіў таксама за тое, каб пашырыць магчымасці па вызваленні ад адміністрацыйнай адказнасці пры наяўнасці змякчальных абставінаў і ўнесці ў закон папраўкі, якія дазволяць наогул не пачынаць адміністрацыйны працэс пры малазначнасці правін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930