Знайсці
29.03.2017 / 21:1019РусŁacБел

«Наша Ніва» знайшла сваякоў затрыманага на Дзень Волі, які тры дні адмаўляўся называць сваё імя

Ім аказаўся былы альпініст Валеры Цімашэнка.

Невядомы арыштант — 63-гадовы былы альпініст і інжынер з Мінска. Спадар Валеры дагэтуль ходзіць у паходы, тры разы на тыдзень бегае па 10 кіламетраў і адзявае кашулю з кароткім рукавом пры тэмпературы +15.

Сёння дзецям затрыманага паведамілі, што ён адбывае адміністратыўны арышт у ЦІП на Акрэсціна.

Цімашэнка тры дні адмаўляўся называць сваё прозвішча пасля затрымання падчас мірнай дэманстрацыі 25 сакавіка. Дагэтуль дадзеныя арыштаванага не фігуравалі ў спісах затрыманых. Родныя Валерыя тры дні шукалі яго па аддзяленнях міліцыі, ізалятарах і СІЗА.

«У час акцыі цесцю пазванілі і сказалі, што ў навінах гавораць пра затрыманні. Маўляў, сыходзь адтуль. Пасля гэтага на сувязь ён ужо не выйшаў, што і як там было, мы не ведаем», — гаворыць Раман Аўласенкаў, зяць Валерыя Цімашэнкі.

Дачка Цімашэнкі, Алена, гаворыць, што яшчэ 25-га ўвечары ім патэлефанаваў сябар і сказаў, што бацька затрыманы. Ад відавочцаў затрымання стала вядома, што ў спадара Цімашэнкі пашкоджаны рэбры і ёсць праблемы са здароўем.

«Мы трошкі супакоіліся, калі бачылі інфармацыю, пра чалавека, які адмаўляўся сябе называць. Праўда, калі на нейкім інфармацыйным рэсурсе прачыталі пра дастаўленага ў шпіталь і збітага Валерыя — ледзь не звар’яцелі. Высветлілася, што гэта не Цімашэнка Валерый, а Валерый Шчукін. Больш сітуацыя праяснілася, калі Павал Белавус, якога судзілі за акцыю 26-га распавёў, што сядзеў у адной камеры з Валерам, былым альпіністам, які адмаўляецца сябе называць. Пачалі тэлефанаваць на Акрэсціна з таго часу», — сказала дачка.

У аўторак родныя датэлефанаваліся ў ЦІП, дзе ім сказалі, што асоба бацькі высветлена. Праз дзве гадзіны адбыўся суд. Суд Ленінскага раёна прысудзіў Валерыю Цімашэнку да 15 сутак адміністратыўнага арышту.

Імаверна, што суд адбыўся без удзелу родных, сведак і адваката. Сёння ў ЦІП пацвердзілі, што Валеры Цімашэнка знаходзіцца ў іх і прынялі перадачу. Адміністрацыя ўстановы адмовілася перадаваць арыштанту цёплыя рэчы.

«Не здзіўляюся, што тата не назваў свае дадзеныя міліцыянтам. Напэўна, не казаў нічога з-за беспадстаўнасці затрымання. Не ведаю, ці запалохвалі чым бацьку ці не, але ён не з пужлівых. У мінулым годзе ён з сябрамі хадзілі ў паход на Каўказ. Да іх у намёт ледзь не ўварваўся мядзведзь. Вось гэта быў экстрэмальны выпадак, іншы ад страху памёр бы і запанікаваў. А яны сцішыліся, перачакалі і працягнулі паход», — падсумавала Алена Цімашэнка.

Зміцер Хведарук, фота Ірына Арахоўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930