Знайсці
29.03.2017 / 14:5758РусŁacБел

Ці браў удзел расійскі спецназ у разгоне Дня Волі? Аналіз фактаў

Пасля брутальнага разгону святкавання Дня Волі 2017 у Мінску па інтэрнэце палезлі чуткі, што людзі ў зялёнай форме — гэта расійскі спецназ. 

Пасля такая думка аформілася ў навіну на сайце «Магілёўскага рэгіёна», адкуль пачала падарожжа па сацыяльных сетках.

«Наша Ніва» разабралася, ці ёсць падставы казаць пра «расійскі спецназ». 

Разбярэм папунктава. 

Шлемы на расійскім вайскоўцу і беларускім спецназаўцы, якія аўтар называе «аднолькавымі» і якія прыводзяцца ў якасці доказу прысутнасці расіян на Дні Волі, насамрэч не аднолькавыя — на іх нанесены розны камуфляж, рознае абарончае шкло.

Расійскі вайсковец (злева) і беларускі спецназавец. «Касатка» на грудзях — гэта найхутчэй пазыўны ці мянушка ў роце, а не датычнасць да мурманскага спецназа ФБС «Касатка», як сцвярджаецца ў артыкуле. Аднолькавы тып балаклавы таксама ні пра што не кажа — «зялёныя» спецназаўцы былі ў абсалютна розных.

Форма «Горка» таксама выкарыстоўваецца ў Беларусі — насуперак сцвярджэнню ў артыкуле. 

Розныя варыяцыі «Горкі» носяць у беларускім спецназе, гэтак жа, як і умоўны «Мульцікам» і «Акупат», якія больш уласцівыя натаўскім арміям.

Больш за тое, за чалавекам у «Горцы» стаяць хлопцы ў статутнай форме Унутраных войскаў Беларусі — канкрэтна ў Мінску так апранутыя службоўцы в/ч 3214 і 3310. 

Не сакрэт, што афіцэры і кантрактнікі часам лічаць за лепшае адмовіцца ад статутнай для тэрміновых жаўнераў формы і самастойна купіць іншую — больш зручную канкрэтнаму чалавеку. Гэта звычайная практыка для сілавікоў. 

Падобную думку выказаў «Нашай Ніве» і вайсковы эксперт Аляксандр Алесін. 

«У нашых краінах існуюць міжведамасныя калегіі МУС, КДБ і ФСБ. Там прынятыя аднолькавыя стандарты абмундзіравання, і гэта датычыць не толькі Унутраных войскаў — з Расіяй у нас аднолькавая стралковая зброя, аднолькавая вайсковая тэхніка. Таму, калі вы ўбачыце салдата з аўтаматам Калашнікава ў Беларусі, вы ж не падумаеце, што гэта расіянін? — кажа Алесін. — Ну і калі дапусціць, што тут хтосьці прыехаў з Кыргызстана, Германіі ці Расіі, каб паназіраць за работай тутэйшага спецназа для абмена досведам, то наўрад ці б яны афішавалі тут сваю прысутнасць — стаялі б сабе ў цывільнай ці спартовай форме. Таму я ацэньваю чуткі пра прысутнасць рускіх як фэйк, запушчаны з разлікам на неабазнаных у тэме людзей».

Прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі сказаў «Нашай Ніве», што каментаваць усур'ёз гэтыя чуткі было б дурасцю і ліццём вады на млын тых, хто іх запускае.

Яшчэ адна крыніца з Унутраных войскаў назвала чуткі пра «спецназ ФСБ» лухтой.

Аналітык Андрэй Паротнікаў сказаў нам, што аргументацыя рэальнасці расійскага спецназа ў Мінску вартая смеху, бо ўсе згаданыя элементы экіпіроўкі выкарыстоўваюцца ў Беларусі. 

Па фота, якія ёсць у інтэрнэце, можна зрабіць высновы, што ў разгоне акцыі ўдзельнічалі адначасова міліцыя, АМАП і спецназ Унутраных войскаў.

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930