Знайсці
29.03.2017 / 12:4888РусŁacБел

Андрусь Горват напісаў адкрыты ліст Лукашэнку: Вас больш ніхто не баіцца

Фота Сяргея Гудзіліна

Дарагі таварыш Аляксандр Рыгоравіч!

От захацеў напісаць вам ліст. Я напішу спакойна. Я, разумееце, два дні працаваў рукамі і паспакайнеў. Разважлівым стаў.

Аляксандр Рыгоравіч, маю для вас паганаю навіну — савецкай Беларусі больш няма. Яна скончылася. Разумееце, скончылася.

Вы ніколі не былі ў Прудку (і дзякуй богу!), а я вам раскажу, што чую ад прудкаўцоў цяпер. Яны гавораць:

— Няхай мяне пасадзяць, а я болей маўчаць не буду.

Не баяцца.

Гэта не інтэлігенцыя і не атмарозкі (так вы нас ласкава называеце). Гэта даяркі і трактарысты. Газаэлектразваршчыкі. Механізатары. Вас, таварыш, больш ніхто не баіцца.

Вы можаце паказаць яшчэ сто мільёнаў сваіх нквдэшнікаў, але баяцца іх ужо ніхто не будзе. Ведаеце чаму? Таму што савецкіх беларусаў больш няма. Цяпер у нас ёсць воля. Свабоду вы можаце забраць, а волю — не. Нам, ведаеце, болей не трэба пракладаць тратуары, з якіх нельга збочыць.

Дарагі таварыш Аляксандр Рыгоравіч, прашу перадаць прывітанне вашаму паплечніку таварышу Давыдзьку. А разам з прывітаннем скажыце, што нават за 300 кіламетраў ад МКАДа ніхто не верыць тэлевізару. Калі цётка-пенсіянерка, у якой нават старонкі ў аднакласніках няма, гаворыць, што чытае навіны на «Свабодзе», я разумею, што не толькі савецкая Беларусь скончылася, а і ваш Давыдзька скончыўся таксама. Усё, разумееце? Усё. Цёткі глядзяць на беларускіх баевікоў, якімі вы пужаеце, і шкадуюць іх. Разумееце? Шкадуюць.

Шкадуем.

Уся ваша сістэма прапаганды, БРСМы, суботнікі, начальніцы ідэалогіі з прычоскай «гняздо» — гэта смецце, якое трапіла ў зубчатыя колы гістарычнага працэсу. Яно — смецце — стрымлівала гістарычны працэс. Але зубчатыя колы змалолі яго ў пыл. Ну добра, яшчэ не змалолі, але гэта ўжо не спыніць.

Вы бачыце, я спакойна пішу. Не нярвуюся, не дзёргаюся. Гэта таму, што ў мяне тут цёплая сонечная раніца. Спакойнае надвор’е. Я спакойны — надвор’е спакойнае.

Я не палітык і нават не рэвалюцыянер. Наадварот — я ўнутранай эміграцыяй займаўся. Мне не важна, хто працуе прэзідэнтам. Няхай хоць вы. Але тут разумееце якая штука? Тут вам трэба выбіраць: альбо вы з намі, альбо мы без вас.

Андрусь Горват, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930