Знайсці
28.03.2017 / 17:4138РусŁacБел

«Не спынімся, пакуль не памром» — у Барысаве пенсіянеры трымаюць галадоўку, бо не маюць 800 рублёў сплаціць крэдыт

Прычыны такога ўчынку — адсутнасць грошай, працы і крыўда на мясцовыя ўлады.

59-гадовая Наталля і 62-гадовы Уладзімір Дакукі доўгі час жылі ў доме, падзеленым на дзве сям’і. Іх частка невялікая, прычым там жыло адразу васьмёра: Наталля з мужам, іх сын з жонкай і дзіцём, іх дачка з малым дзіцём. Плюс дарослая унучка — яе маці, дачка Наталлі і Уладзіміра, загінула, калі дзяўчыне быў год.

Наталля і Уладзімір Дакукі.

Жылі няпроста, але ў 2012 годзе суседзі прадавалі сваю палову дома за $10 тысяч. Дакукі вырашылі ўзяць крэдыт і выкупіць яе.

У банку ўзялі 12 мільёнаў рублёў — гэта $1500 па тагачасным курсе.

«Мы ж працавалі, кантракты былі працягнутыя, былі ўпэўненыя, што ўсё сплацім, пасля і печку паставім…», — кажа Наталля.

Яна была сацработнікам, працавала ў аддзеле надомнага абслугоўвання насельніцтва. Муж працаваў кіроўцам. Калі надышла пенсійная пара, Дакукі працягнулі працу.

«Зараблялі мільёнаў па пяць, плюс пенсія… Маглі плаціць крэдыт і займацца домам», — кажуць яны.

Дом паціху прыводзілі ў парадак, але не паспелі паставіць печку.

А пасля пачаліся праблемы. У 2015 годзе Наталлю звольнілі.

«Мне 26 лістапада працягнулі кантракт, а праз месяц — звольнілі», — кажа жанчына.

Сама яна сцвярджае, што яе «падставілі», бо яна не хацела звальняцца добраахвотна. У выніку Наталлю выкінулі з працы па артыкуле, бо яна «страціла давер кіраўніцтва». Пасля звольнілі і мужа, сказалі, што пенсіянеры не патрэбныя.

«Калі селі чыста на пенсію, муж атрымліваў 270 рублёў пенсіі, я — 180. 210 рублёў быў крэдыт. Плюс аплачвалі вучобу ўнучкі ва ўніверсітэце…», — кажа Наталля.

Грошай стала не хапаць. Дакукі ўжо не маглі плаціць за крэдыт. Справа пайшла ў суд, у выніку і Наталлю, і мужа абавязалі аддаваць на пагашэнне крэдыта па 20% пенсіі.

Па стане на цяперашні момант трэба сплаціць 800 рублёў (за пратэрміноўку налічваецца пеня).

«Дзеці дапамагчы не могуць. Дачка ў дэкрэце, а сын зарабляе недзе 2 мільёны. Мы дружная сям’я, ніхто не п’е, дапамагаем адно аднаму, але грошай хапае толькі на ежу. Адкласці не можам ані капейчыны», — скардзіцца Наталля.

Каб не цясніцца з малымі ўнукамі, Наталля і Уладзімір пераехалі ў летнюю кухню побач з домам. Але ж зімой і яе, і хату давялося грэць маслянымі абагравальнікамі, печкі ж не было.

У выніку за зіму электрычнасці нагарэла на 1400 рублёў, кажа Наталля. Плаціць за святло таксама няма чым.

«Пайшла ў выканкам прасіць дапамогі, маўляў, вельмі цяжкае ў нас матэрыяльнае становішча. Паабяцалі дапамагчы, даць 1400 рублёў», — распавядае Наталля Дакука.

Грошы выканкам выдзеліў, праўда, толькі 400 рублёў.

«700 рублёў трэба на цэглу, 500 — майстру на печку, плюс уся патрэбная фурнітура: заслонкі і іншае… Яшчэ рублёў 200-300. Я пайшла ў выканкам. Мне кажуць: будзь здарова, баба, скажы «дзякуй», што хоць гэта далі», — узгадвае Наталля.

У выніку 22 сакавіка Наталля і Уладзімір Дакукі абвесцілі галадоўку.

«Прэзідэнт крычыць, што калі дужа цяжка, то ідзіце да ўладаў, а насамрэч гэта брахня і хлусня», — перакананая Наталля Фёдараўна.

Жанчына заяўляе, што не спыніць галадоўку, пакуль на яе не звернуць увагу. Ці пакуль не памрэ.

«Мы ўсё жыццё спадзяваліся на саміх сябе, што будзем працаваць, пакуль будуць сілы, нічога не прасілі ні ў кога. А тут няма працы, няма нічога. Што нам рабіць?»

УШ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера