Бацька папрасіў суд даць яму арышт, а не штраф, каб быць з асуджаным на 10 сутак хворым сынам
У судзе Заводскага раёна Мінска сёння асудзілі бацьку і сына — Анатоля і Максіма Фраловых.
Анатоль Пятровіч Фралоў, 1964 года нараджэння, каваль з Жодзіна, артыкул 17.1, яго судзіў Генадзь Янкоўскі. Фралоў сказаў, што ў яго язвавая хвароба, прасіў спецыяльную ежу, яму не далі, галадаў да суда, і не піў вады. Прапанавалі адваката.
Фралоў: А яно нешта зменіць?
Суддзя: Вось менавіта. Я бачу, што псіхічных захворванняў няма. Вам ваша адукацыя дазваляе абараняць сябе самога.
Затрыманы растлумачыў, што прыехаў з сынам у Мінск пайсці па крамах. Абодвух затрымалі, калі яны былі разам, без тлумачэнняў. У пратаколах напісана, што яны з сынам былі затрыманыя ў розных дамоў - 73 і 83 па праспекце Незалежнасці.
Фралоў прасіў дапытваць міліцыянтаў на паліграфе, суддзя адмовіў.
Сведку маёра Васкевіча дапытвае суддзя.
— Кампанія 15 чалавек, прыцягнула ўвагу, крычалі, шумелі, размахвалі рукамі.
— Што супрацьпраўнага яны зрабілі?
— Крычалі, шумелі, размахвалі рукамі.
— У вашых паказаннях напісана, што ён нецэнзурна лаяўся.
— Пару мацюкоў паміж словамі праскочыла, не болей.
Потым суддзя паказаў на блытаніну ў нумарах дамоў, маёр сказаў, што не з Мінска, таму ўсе нумары дамоў не памятае. Але сказаў, што затрымлівалі каля Парку Чалюскінцаў.
Лейтэнант Андрэй Рагатка наогул назваў нумар дома Незалежнасці 80 і заявіў, што ў натоўпе, які прыцягнуў увагу, было 30 чалавек. Ён сказаў, што затрымалі Фралова каля Акадэміі Навук. На пытанне, у чым было парушэнне Фралова і кампаніі, у якой яго бачылі, лейтэнант адказаў:
— Паводзілі сябе агрэсіўна, матам нецэнзурна лаяліся.
Суддзя: На каго?
- Можна лічыць, што і на людзей, і на супрацоўнікаў міліцыі.
Суддзя вырашыў, што не давяраць паказанням супрацоўнікаў міліцыі няма падстаў, бо не супярэчаць адзін аднаму.
Вердыкт — штраф 10 базавых з улікам стану здароўя.
Сын, Максім Фралоў, атрымаў 10 сутак. Бацька, Фралоў-старэйшы, зайшоў да свайго суддзі, прасіў яго перапісаць штраф на суткі, каб быць з сынам, у якога ёсць праблемы з сэрцам.