Знайсці
27.03.2017 / 13:43158РусŁacБел

Статкевіч заклікаў працягнуць пратэсты 1 Мая і ў Дзень Перамогі

Лідар беларускай апазіцыі Мікола Статкевіч заклікаў працягнуць пратэсты ў Мінску 1 Мая і 9 Мая. «1 Мая збярэмся на маёўку, напрыклад, на Кастрычніцкай плошчы. А 9 Мая пройдзем разам з ветэранамі, ускладзем кветкі, са спадзяваннем, што Беларусь зноў будзе вызваленая», — сказаў Статкевіч.

Падпалкоўнік запасу Статкевіч расказаў, што быў затрыманы 23 сакавіка на кватэры свайго сябра па партыі. Ён перабраўся туды са сваёй хаты ў спадзеве, што ўдасца пазбегнуць затрымання перад Днём Волі. Гэта была аднапакаёўка без рамонту на вуліцы Лабанка ў раёне метро «Каменная Горка».

З Лошыцы да Каменнай Горкі яго везлі спачатку жонка на машыне, пасля ён перасеў на метро, а пасля яго вёз паплечнік па партыі Сяргей Кунцэвіч — пазней затрыманы.

Ягоны паплечнік прынёс туды прадукты і сышоў. Праз нейкі час пасля гэтага дзверы пачалі адмыкаць — спачатку ключом, тое не ўдалося, тады фомкай.

Пры затрыманні з палітыкам абыходзіліся карэктна. Паказалі пасведчанні МУС, а адвезлі ў турмы КДБ. Статкевіч адзначае, што везлі на дарагім «Лексусе». «На «Лексусах», блін, ездзяць затрымоўваць!» — востра зрэагаваў падпалкоўнік запасу Статкевіч.

Статкевічу паабяцалі паведаміць пра арышт жонцы, але таго не зрабілі. Больш за тое, праз тры дні пасля затрымання ў КДБ ёй адказвалі, што не ведаюць, дзе ён.

Статкевічу было выстаўленае падазрэнне ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, прычым ад 2011 года, хоць ён да 2015-га знаходзіўся ў зняволенні. Гэта так званая справа «Белага легіёна», Статкевіч называе яе «справай аб «Зарніцы».

У турме Статкевіч адмаўляўся даваць паказанні і нават адмаўляўся прадстаўляцца. У той жа час ідучы па калідоры, ён кожны раз гучна крычаў «Тут Статкевіч, добрай раніцы, тэрарысты!», каб іншыя зняволеныя ведалі, што ён тут і жывы.

Статкевіч высока ацаніў дзеянні людзей 25 Сакавіка. На ягоную думку, людзі паказалі сваю годнасць, нягледзячы на застрашванні. Дзякуючы 25-му, сказаў Статкевіч, свет пабачыў сутнасць рэжыму і гэта сарве магчымасць атрымання крэдытаў, кажа ён. «Пасля падзей 25-га ў персанала турмы змяніліся паводзіны, — кажа Статкевіч. — З'явілася ніякаватасць», — расказаў палітык.

Статкевіч выглядае цвёрдым і ўпэўненым. Ён заклікаў працягнуць пратэсты, у тым ліку 1 Мая і 9 Мая. «Пройдзем разам з ветэранамі, ускладзем кветкі, са спадзяваннем, што Беларусь зноў будзе вызваленая».

«Мы недаацанілі ступень панікі гэтага рэжыму», — кажа Статкевіч.

Палітыка Міколу Статкевіча адпусцілі ўранку панядзелка. 

«Пяць хвілін таму [8:50] яго падвезлі дахаты, ад пятніцы ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ», — расказала жонка палітыка Марына Адамовіч.

Мікола Статкевіч распавёў сёння журналістам пра затрыманне. 23 сакавіка зранку «адарваўся» ад назірання за ім, уцёк у метро, паехаў на кватэру да знаёмых.

Каля 21.30 таго жа дня ў кватэру прыйшлі праваахоўнікі: Статкевіч кажа, не меў з сабой электронных прыладаў, па якіх яго можна было б адсачыць. Кватэру, дзе ён знаходзіўся, адчынілі фомкай. Тыя, хто яго затрымлівалі, паказалі пасведчанні супрацоўнікаў МУС, яго затрыманне здымалі на відэа. З кватэры яго вывялі ў «шыкоўны Лексус», нацягнулі на вочы шапку. Адвезлі ў СІЗА КДБ. Ён расказвае, што з ім размаўляў следчы Васілеўскі.

«Мне паказалі пастанову аб завядзенні крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Маўляў, з 2011 года я рыхтаваў беспарадкі. Смешна, я быў у зняволенні ў гэты час! Дакумент быў зацверджаны першым намеснікам І.Сергіенкам 21 сакавіка.

Мяне змясцілі ў камеру СІЗА КДБ. Я калі выходзіў у прыбіральню, то крычаў іншым: «Тут знаходзіцца Мікалай Статкевіч».

Фота Сяргея Гудзіліна

У палове сёмай раніцы сёння мяне вывелі з камеры, абшукалі, аддалі рэчы. Пасадзілі ў мікрааўтобус, сказалі, што вязуць на следчыя дзеянні. Але я пабачыў, што вязуць па Партызанскім праспекце, вывезлі ў бок Магілёва, збочылі на Жодзіна, выпусцілі на прыпынку Сокал. Тэлефанаваў жонцы, не змог датэлефанавацца. Узяў таксі і даехаў дахаты. Я прыношу прабачэнні ўсім мужным людзям, што выйшлі 25-га, а не здолеў прыйсці. Але не па маёй волі».

«Калі Лукашэнка 20 сакавіка ў Магілёве заявіў, што былі баевікі, то гэта няпраўда. КДБ завёў справу раніцай наступнага дня».

«Я пытаўся следчых, а Дашкевіча за што ўзялі. Ён толькі палатку ў Курапатах паставіў». Мне ў адказ: «Вы ведаеце, якія ў яго ў палатцы былі». «А за Лагвінца за што збілі?» — «Ён прытвараецца», — мне ў адказ.

Нагадаем, што ад пятніцу экс-кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч не выходзіў на сувязь. Ён узяў на сябе адказнасць за акцыю 25 сакавіка, якая скончылася брутальнымі затрыманнямі.

У нядзелю ў СІЗА КДБ і СІЗА МУС сказалі Марыне Адамовіч, што Міколы ў іх няма.

СГ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930