Знайсці
25.03.2017 / 22:4038РусŁacБел

Дзядуля з кійком, якога цягнулі некалькі амапаўцаў, расказаў, як уцёк з аўтазака

Фотаздымак дзядулі з кійком, якога затрымліваюць трое амапаўцаў на акцыі ў Дзень Волі ў Мінску, разышлася па медыя і сацыяльных сетках. TUT.BY знайшоў героя ілюстрацыі і даведаўся, што яму ўсё-такі ўдалося пазбегнуць затрымання.

АМАП затрымлівае Яна Грыба, 80 гадоў. На несанкцыянаваную ўладамі акцыю ў Дзень Волі ён прыйшоў са старэйшай дачкой (справа). Фота: svaboda.org

Яну Грыбу 80 гадоў. У рукі амапаўцаў ён трапіў, калі заўважыў, як міліцыя збівае дваіх хлопцаў. Не вытрымаў, падышоў да іх і сказаў усё, што думае. Пасля гэтага вырашылі затрымаць і яго.

— Амапаўцы падскочылі — і мяне пад рукі. Не столькі я ўжо ішоў, колькі яны мяне неслі. І занеслі ў аўтазак. Туды яшчэ кінулі некалькі жанчын, хлопцаў, нават аднаго карэспандэнта. Павезлі нас ад плошчы Якуба Коласа за філармонію і спыніліся. Там сталі перагружаць з нашага аўтазака ў суседні. Пачалася мітусня, людзі сталі вылазіць з аўтазака. Малады і хуткі хлопец як ірвануў уцякаць — амапаўцы кінуліся за ім. Скарыстаўшыся момантам, я шмыгнуў за аўтазак. Ішоў і знарок клыпаў яшчэ больш, чым звычайна, каб іншыя амапаўцы мяне ўжо не чапалі. Яны і не чапалі. Так я ўцёк, — распавядае дзядуля.

Ян Грыб нарадзіўся ў 1936 годзе на Палессі ў вёсцы Куршыновічы на мяжы Ляхавіцкага і Ганцавіцкага раёнаў.

— Калі пасля вайны бальшавікі пачалі ў Заходняй Беларусі ствараць калгасы, моладзь пачала разбягацца, заплюшчыўшы вочы, ва ўсе бакі. У асноўным на расійскія бясконцыя палі і ўсякія заводы, дзе патрэбна была добрая рабочая сіла. Расійскія бальшавікі ахвотна туды вербавалі беларусаў, таму што ведалі, што працавітыя. Так я апынуўся ў Расіі і да 1960-га года там жыў, потым прыехаў і паступіў ва ўніверсітэт, — успамінае ён.

Па спецыяльнасці дзядуля — інжынер-электронік. Да пенсіі чытаў лекцыі ў Мінскім каледжы электронікі. Таксама ён стаяў ля вытокаў БНФ і Таварыства беларускай мовы. Цяпер з'яўляецца старшынёй савета таварыства ў Кастрычніцкім раёне Мінска.

На акцыі пратэсту, па яго словах, ходзіць пастаянна і яго часта затрымліваюць.

— Мяне і судзілі і штрафавалі, і білі, ой-ой-ой, успамінаць проста прыкра, — адзначае ён.

Яшчэ Ян Грыб піша вершы. У лесе пад Дзяржынскам ён пабудаваў сваімі рукамі драўляны дом з печчу. У ім жыў 15 гадоў. Там жа збіраў і аднадумцаў.

— Я называў гэта «шырокім шляхецкім прыёмам». У маіх сябрах хадзіў, светлай памяці, Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Міхась Скобла, Уладзімір Арлоў… Усе былі ў мяне на маёнтку. Цяпер я не магу там жыць, таму што прайшоў толькі год пасля інфаркту. Аднаўляюся патроху, — кажа ён.

На несанкцыянаваную ўладамі акцыю ў Дзень Волі Ян Грыб пайшоў, таму што лічыць гэты дзень вялікім нацыянальным святам.

— Хоць напаўмёртвы буду, але пайду, — сказаў ён.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера