Знайсці
24.03.2017 / 21:3832РусŁacБел

Алексіевіч пра рэпрэсіі: Гэта самы самагубны варыянт, які ўлада магла выкарыстаць

Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч называе рэпрэсіі ўлады напярэдадні Дня Волі «самагубным варыянтам», і лічыць, што трэба «накопліваць энергію пратэсту».

Ганна Соўсь: Амаль сем гадоў таму пасля жорсткіх рэпрэсій пасля выбараў 2010 года вы напісалі адкрыты ліст кіраўніку Беларусі, дзе звярталіся да яго як выбарніца і як пісьменніца. Цытую: «У гісторыі застаюцца не героі «зачыстак», а тыя, хто мудры і велікадушны. Я ніколі не была вашай прыхільніцай, але і ў рэвалюцыі таксама не веру. Нават баюся хаосу натоўпу. Я — за эвалюцыйны шлях. І нашы людзі баяцца рэвалюцыі. Але жыць па-старому ўжо ніхто не хоча». Што бы вы цяпер маглі сказалі ці хацелі бы сказаць Аляксандру Лукашэнку?

Святлана Алексіевіч: Я магу сказаць, што гэта самы самагубны варыянт, які ўлада магла выкарыстаць. Гэта настолькі нечакана і настолькі самагубна, што я ніколі не думала, што наша ўлада не мадэрнізуецца, што яна не мяняецца і не адчувае час, таму што людзі хочуць пераменаў, а замест пераменаў — арышты. Гэта проста гаворыць пра бездапаможнасць улады, больш ні пра што.

А ўладзе падаецца, што яна паказвае сілу і народ запалохвае. Улада хоча сказаць, што яна непахісная. Гэта немагчыма. Жыцьцё патрабуе і ад улады, і ад апазіцыі, і ад усіх быць больш пластычнай, прыстасоўвацца да часу, мяняцца разам з часам. А гэтая непахіснаьць вельмі небясьпечная, яна прывядзе да выбуху, якога па вялікім рахунку ніхто напэўна не жадае. Бо выбух — гэта заўсёды кроў. Мая асцярога, што нашая ўлада ніколі ня сыдзе без крыві.

І гэтая наіўнасць нашага вельмі мілага Сярэдзіча, які вярнуўся такі акрылены ад прэзідэнта і сказаў, што ён хоча безбалесна перадаць уладу, сабраць «круглы стол». Мне патэлефанавалі журналісты з Польшчы, пыталіся, як я стаўлюся, ці буду ўдзельніцай «круглага стала». Я кажу: «Круглы стол», па-мойму, у нас збірае толькі Іосіф Сярэдзіч. Нічога падобнага ні я, ні народ ад прэзідэнта не чуем». Гэтая такая наіўнасць, а ўлада стаіць непахісна… Але быць непахіснай — не значыць быць той уладай, якая цяпер патрэбная.

Дэманстрацыя магла б быць мірнай. Дэманстрацыя магла б быць такой, каб улада хаця б даведалася, што адбываецца з народам, ува што народ не верыць, у чым расчараваўся.

А так яна ізноў сілай заганяе, запалохвае, і ізноў так і не будзе ведаць, што насамрэч адбываецца ў грамадзтве. Гэта такі тупіковы шлях улады і тупіковы шлях для нас, бо мы не можам выказацца, мы не можам зрабіць прадстаўніцтва, якое ўжо ёсьць у народзе. Якія новыя цудоўныя абліччы з'явіліся, як цудоўна гаварылі гэтыя людзі. Мы проста не ведаем патэнцыялаў свайго грамадзтва, ды ўлада і не хоча ведаць. Яна тасуе адзін і той жа набор людзей як патранташ, і ўсё, больш нічога. Для мяне гэта проста трагічныя падзеі…

Калі б я была вялікім палітыкам, я ўсё ж не спяшалася б. Трэба гэтую энергію пратэсту накопліваць, яна ўжо пачала збірацца, але трэба яшчэ яе накопліваць, тым больш што ўлада губляе самакантроль і самае галоўнае — што нічога не можа прапанаваць на гэты пратэст. Яна ніякіх пераменаў нам не можа прапанаваць. Арышты — гэта не перамены.

Паводле: Ганна Соўсь, радыё «Свабода»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930