Знайсці
23.03.2017 / 16:17РусŁacБел

Віцебск, відэаблог і прыгажосць штодзённасці — фільм «Каханне і партнёрства» Мікіты Лаўрэцкага пакажуць у Мінску

З 30 сакавіка па 2 красавіка ў кінатэатры «Беларусь» адбудуцца паказы другога поўнаметражнага фільма беларускага рэжысёра Мікіты Лаўрэцкага «Каханне і партнёрства», адзначанага дыпломам журы «За адчуванне часу» на 23-м Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад».

Сам аўтар называе свой фільм рамантычнай камедыяй, але не варта чакаць ад яго драматургічных хадоў, якія і так набілі аскоміну. Сюжэт карціны, на першы погляд, просты: малады хлопец Ігар разам са сваёй дзяўчынай адпраўляюцца на выхадныя ў родны Віцебск. Яны наведваюць яго сям'ю, па горадзе шпацыруюць, і Ігар запісвае ўсё гэта на камеру для свайго відэаблога. Аднак за простай гісторыяй хаваецца праблема маральнага выбару ў штодзённых сітуацыях. «…Усё гэта выглядае як кавалкі чыйгосьці жывога жыцця, і таму ўсе глабальныя тэмы аб самарэалізацыі і каханні, якія хаваюцца на іх фоне, выглядаюць абсалютна незнарок, без пафаснай пошласці», — піша пра фільм Лідзія Міхеева ў «Беларускім часопісе».

Прэм'ера карціны адбылася на ММКФ «Лістапад-2016», дзе рэжысёр сам прэзентаваў фільм публіцы: «Галоўнай мэтай для мяне было зняць кіно пра каханне. Хочацца, каб у свеце было больш здаровых, высокамаральных адносін. У маім фільме герой клапоціцца аб сваёй каханай, а яна яго падтрымлівае ў цяжкую хвіліну. Мабыць, гэта і ёсць сапраўднае каханне».

Мікіта Лаўрэцкі — адзін з найбольш яркіх маладых беларускіх рэжысёраў, які здымае ў жанры мамблкор (разнавіднасць незалежнага кінематографа, для якой уласцівыя нізкі бюджэт, удзел непрафесійных акцёраў і натуральнасць дыялогаў). Пасля некалькіх кароткаметражных работ Лаўрэцкі дэбютаваў у поўнаметражным кіно ў 2015 годзе фільмам «Беларускі псіхапат», які стаў пераможцам Нацыянальнага конкурсу «Лістапада», а таксама ўзяў удзел у міжнародным кінафестывалі ў Вісбадэне (Германія).

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера