Знайсці
23.03.2017 / 13:4541РусŁacБел

У цэнтры Кіева забіты ўцякач з Расіі, экс-дэпутат Дзярждумы Вараненкаў

Кіраўнік Службы бяспекі Украіны Васіль Грыцак паведаміў, што ў выніку страляніны ў цэнтры Кіева ёсць загінулыя і параненыя, на месцы здарэння працуюць следча-аператыўныя групы Нацыянальнай паліцыі Украіны і СБУ.

Як паведаміў начальнік паліцыі Кіева, па непацверджаных дадзеных, загінуў экс-дэпутат Дзярждумы Расіі Дзяніс Вараненкаў.

Былы дэпутат Дзярждумы Ілля Панамароў напісаў у фэйсбуку, што Дзяніс Вараненкаў ішоў на сустрэчу з ім. Паводле яго слоў, забойства адбылося ў 11:25 па мясцовым часе (12:25 па Мінску).

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка выклікаў кіраўніка Службы бяспекі Украіны Васіля Грыцака.

Забойца дастаўлены ў бальніцу Кіева. Яго параніў ахоўнік Вараненкава. Сам ахоўнік таксама паранены. Пра гэта паведаміў намеснік кіраўніка паліцыі Кіева.

***

Спікер Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Арцём Шаўчэнка заявіў, што за забойствам Вараненкава могуць стаяць расійскія спецслужбы.

***

sputnik

Дзяніс Вараненкаў стаў дэпутатам Дзярждумы ад КПРФ у 2011 годзе і правёў у парламенце адно скліканне. Практычна ўся біяграфія звязаная з дзяржслужбай. Ён працаваў у Ваеннай пракуратуры, Дзярждуме, Вярхоўным судзе, намеснікам мэра Нар'ян-Мара ды інш. У 2015 г. Фонд барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага абвінавачваў Вараненкава ў тым, што заробак чыноўніка і дэпутата наўрад ці мог дазволіць яму купіць пяць кватэр, пяць аўтамабіляў і дачу (у наступнай дэкларацыі быў указаны толькі адзін аўтамабіль).

Па-сапраўднаму праславіўся ў Расіі Вараненкаў, сыграўшы самае гучнае вяселле ў Дзярждуме. Ён ажаніўся з дэпутатам ад «Адзінай Расіі», опернай спявачкай Марыяй Максакавай.

У пачатку снежня 2016 г. Вараненкаў і Максакава пераехалі ў Кіеў. Вараненкаў даў паказанні па справе былога прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча.

Са слоў генпракурора Украіны Юрыя Луцэнкі, паказанні Вараненкава і іншага былога дэпутата Дзярждумы Іллі Панамарова (ён таксама пераехаў ва Украіну) «сведчаць аб тым, што механізм ўводу войскаў РФ на тэрыторыю Украіны быў запушчаны Крамлём яшчэ ў снежні [2013 г.], калі Майдан яшчэ стаяў у цэнтры Кіева».

Сам Вараненкаў свае паказанні не каментаваў да лютага 2017-га. Сярод іншага, ён тады заявіў, што Крым далучылі няправільна, і ён за гэта не галасаваў — хтосьці прагаласаваў яго карткай без даверанасці, а таксама, што расійская дзяржава «звар'яцела менавіта ў псеўдапатрыятычным угары», і сітуацыя ў краіне стала «падобная на нацысцкую Нямеччыну», піша meduza.io.

Бі-бі-сі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера