Знайсці
23.03.2017 / 11:581РусŁacБел

Пачалася краўдфандынгавая кампанія па выданні «Адысеі палешука» Паўла Нічыпарука

Безумоўна, кожны з нас чытаў раман-эпапею Міхаіла Аляксандравіча Шолахава «Ціхі Дон». Трагедыя Рыгора Мелехава не пакінула абыякавым ніводнага чалавека. Аднак такіх твораў можна было б напісаць тысячы, калі б кожны, хто перажыў выпрабаванні ХХ стагоддзя, пазней апісаў іх у якасці мемуараў. Беларус Павал Каленікавіч Нічыпарук такія ўспаміны пакінуў, і яго жыццё — лепшая ілюстрацыя таго, праз якія цяжкія выпрабаванні давялося прайсці жыхарам Беларусі падчас Другой сусветнай вайны.

Цікавым фактам з’яўляецца тое, што ў 1989 г. з рукапісам успамінаў гэтага чалавека азнаёміўся знакаміты беларускі пісьменнік, удзельнік Другой сусветнай вайны Васіль Быкаў. «Я прачытаў Вашыя мемуары. Несумненна, яны заслугоўваюць увагі. Трэба іх выдаць. Дзеля гэтага Вам трэба звярнуцца ў выдавецтва ў Мінску ці ў Маскве (напрыклад, у выдавецтва «Беларусь»), якое выдае падобнага кшталту літаратуру, і прадставіць туды два экзэмпляры рукапісу. Справа гэтая працяглая, таму трэба пачынаць не губляючы часу. Жадаю Вам поспехаў!», — пісаў Васіль Уладзіміравіч сваяку Нічыпарука. Аднак тады мемуары беларуса так і не ўбачылі свет. Доўгія дзесяцігоддзі яны ляжалі і чакалі свайго даследчыка.

Павал Каленікавіч Нічыпарук нарадзіўся ў жніўні 1902 г. на хутары Жардзечна каля вёскі Запруды (зараз Кобрынскі раён Берасцейскай вобласці). У лютым 1941 г. яго арыштавалі і накіравалі ў лагер ГУЛАГу ў Свярдлоўскай вобласці. У 1942 г. беларус аказаўся ў Арміі Андэрса і ў яе складзе ўдзельнічаў у баях з нацыстамі ў Італіі. У 1948 г. Нічыпарук паехаў у ЗША, дзе і пражыў да самай смерці ў 1979 г. У нататках Паўла Каленікавіча, надрукаваных на машынцы на маленькіх, «амерыканскіх» аркушах паперы, ёсць усё: цяжкая сялянская праца, нечалавечыя ўмовы савецкіх турмаў і ГУЛАГу, фронт і баі з нацыстамі, расстанне з сям’ёй і жыццё ў эміграцыі. А яшчэ — вялікая настальгія па роднай Беларусі. Лёс Нічыпарука тыповы для шматлікіх беларускіх андэрсаўцаў. Нехта пасля вайны вяртаўся ў БССР, і ў 1951 г. савецкія ўлады дэпартавалі гэтых людзей у Іркуцкую вобласць. Іншыя вырашалі застацца «на Захадзе». Пра гераізм беларускіх жаўнераў Другога польскага корпуса, якія мужна змагаліся супраць гітлераўскіх войскаў на Заходнім фронце, на іх Радзіме, на доўгі час забыліся. І толькі зараз, калі тых ветэранаў Другой сусветнай ужо няма з намі, праўда пра іх жыццё і выпрабаванні, праз якія яны прайшлі, становіцца здабыткам беларускай грамадскасці.

Збор сродкаў на выданне ўнікальных успамінаў Паўла Нічыпарука «Адысея палешука» адбываецца на краўдфандынгавай пляцоўцы «Вулей». Кожны, хто жадае падтрымаць гэты праект і атрымаць гэтую цікавую кнігу, можа зайсці па гэтай спасылцы (http://ulej.by/project?id=117723) на старонку праекта і падтрымаць яго. Усе спонсары, не гледзячы на сумму ўдзелу ў падтрымцы выдання кнігі «Адысея палешука» будуць узгаданы на старонках новага выдання. Спадзяюся, што нам разам атрымаецца рэалізаваць гэтую цікавую і вельмі карысную для беларускага грамадства справу.

Заслаўе, 19.03.2017 

Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера