Знайсці
23.03.2017 / 10:4223РусŁacБел

Лукашэнка: Мы яшчэ вельмі маладыя, каб працаваць на ўзроўні ЕС

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дакладчыкам па Беларусі камісіі па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Андрэа Рыгоні заявіў аб неабходнасці працягу дыялогу краіны з еўраструктурамі.

«Мы па ўсіх пытаннях, якія ў вас выклікаюць неспакой і ў нас у Беларусі, вядзём дыялог. На сённяшні дзень мы не сядзім кожны за сваім плотам, а размаўляем. Гэта ўжо вялікая справа. У дыялогу, я думаю, нараджаецца ісціна. З часам гэтая ісціна будзе і ў нашых адносінах», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Вельмі важна, што вы разумееце, у якой сітуацыі знаходзіцца Беларусь сёння і наколькі складана часам нават на прынцыпах развітой дэмакратыі Еўрапейскага саюза ў Беларусі дзейнічаць. Усё гэта не так проста», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што Еўропа ва ўмовах сваёй цяперашняй палітычнай сістэмы жыве ўжо некалькі стагоддзяў. «А мы яшчэ занадта маладыя, каб працаваць на вашым узроўні. Трэба разумець, што ў кожнай дзяржавы ёсць свая спецыфіка, таму ўсялякія пытанні палітыкі, дыпламатыі, дэмакратыі трэба ўсё ж такі пераламляць праз тую спецыфіку, у якой знаходзіцца тая ці іншая дзяржава, у тым ліку наша», — перакананы беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Андрэа Рыгоні за канструктыўную пазіцыю ў дачыненні да Беларусі і яго імкненне ўнесці пазітыў у развіццё ўзаемадзеяння Беларусі з еўрапейскімі структурамі. «Такіх палітыкаў сёння мала. Кожны пераследуе нейкія мэты. Вы пераследуеце высакародную мэту. Вы спрыяеце збліжэнню пазіцый нават самых антаганістычных сіл, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.— Нягледзячы на рознагалоссі па пэўных палітычных пытаннях, якія існуюць паміж намі і Еўрасаюзам, усе-такі вы імкнуліся надаць нашым адносінам пазітыўную дынаміку. За гэта я вам удзячны».

БелТА

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера