Знайсці
26.03.2017 / 14:5912РусŁacБел

«Не хныкаць, а рабіць»: гутарка з праграмістам, які за свае грошы збірае ўнікальны архіў старых фота Беларусі

Алег Лісоўскі збірае па ўсім свеце старыя фота з выявамі беларускіх мясцін.

Больш за ўсё ў яго калекцыі магілеўскіх сюжэтаў — роднай вобласці. Апроч таго, ён актыўна займаецца перакладамі гістарычных замежных кніжак на мову: цяпер, напрыклад, працуе над вялікім апісаннем Рэчы Паспалітай і ВКЛ 1657 года. Гэта пры тым, што ўжо 9 гадоў Алег разам з сям’ёй жыве ў Германіі і вось так, праз кіламетры, дапамагае нашым музеям і краязнаўчым арганізацыям.

Цяпер перад Алегам стаіць новая задача «Х»: на аўкцыёне eBay яму ўдалося выйграць найбуйнейшую калекцыю фотадакументаў Магілёва 1918 года, якая дасць магчымасць убачыць горад такім, якім ён быў да ваеннай разрухі і камуністычных перабудоў.

Але для таго, каб выкупіць фотаздымкі, патрэбна больш за 4000 рублёў. Усе неабыякавыя беларусы могуць падтрымаць гэтую добрую справу на Талацэ. А мы пакуль пазнаёмім вас з яе ініцыятарам крыху бліжэй.

Мост праз Дняпро.

«Наша Ніва»: Заняткі гісторыяй займаюць шмат часу, як вы паспяваеце сумяшчаць сваё хобі з працай?

Алег Лісоўскі: Дзякуй богу, я працую ў IT-сферы, якая пакідае мне вольны час на ўласныя справы: пошук здымкаў, праца па папаўненні і ўдакладненні маіх анлайн-архіваў з выявамі Магілёва, пераклады гістарычных тэкстаў і інш. Калі б усё, што я пералічыў, было маім асноўным заняткам, эфектыўнасць была б у разы большай. Аднак перакладамі, на жаль, сям’ю не пракорміш.

«НН»: Калі не сакрэт, колькі сваіх грошай вы выдаткавалі на захапленне гісторыяй? Вас ніколі не папракалі родныя: маўляў, губляеце сродкі дарма, лепш бы іх на сямейныя справы накіроўвалі?

АЛ: Дакладны падлік я вёў толькі па здымках Другой сусветнай вайны: за 6 гадоў на іх сышло каля 4800 еўра. Астатнія набыткі не настолькі маштабныя: думаю, не перавысілі 1000 еўра. Што да папрокаў, мне пашанцавала мець мудрую жонку, якая хоць і не адчувае радасці ад выдаткаў на маё «хобі», але разумее, што гэта не горшы варыянт, куды мужчына можа марнаваць грошы.

«НН»: Калісьці ў адной гутарцы вы казалі, што гісторыя — не самая папулярная з’ява сярод нашых суайчыннікаў, але ж, наколькі я ведаю, выстава з фотаздымкамі Магілёва зімой прайшла там з аншлагам. Ці адбываюцца ў нашым грамадстве, на ваш погляд, нейкія змены ў рэчышчы цікавасці да мінулага, сваіх каранёў? Ці ўсё адно гэта застаецца справай «абраных» інтэлектуалаў?

АЛ: Гісторыя, на жаль, сапраўды не вельмі папулярная. Хаця дзякуючы сучасным тэхналогіям і інтэрнэту, навокал стала больш даступнай і цікавай інфармацыі па розных тэмах. Таму ўсё больш людзей пачынаюць цікавіцца мінулым сваёй сям’і, родных мясцін, краіны.

З магілёўскіх музеяў у мяне наладзіўся кантакт толькі з Ратушай (Музеем гісторыі Магілёва): з яго дырэктарам мы амаль што пасябравалі, шмат у чым працуем разам. Яны мне дапамагаюць падтрымліваць сувязь з грамадскасцю, а я імкнуся вяртаць на радзіму розныя гістарычныя каштоўнасці. Гэта вельмі добры прыклад, наколькі эфектыўнай можа быць супраца афіцыйных арганізацый са звычайнымі аматарамі «з народу». Іншыя ўстановы, на жаль, дагэтуль ігнаруюць мае прапановы і праекты.

«НН»: Як можна зацікавіць абыякавага чалавека гісторыяй?

АЛ: Тут, на мой погляд, няма панацэі. Кожны мае свой позірк на свет, свае «слабыя месцы». Аднак, на мой погляд, сучасны чалавек больш за ўсё цікавіцца яскравымі, незвычайнымі рэчамі, якія здольныя выцягнуць яго з шэрасці штодзённага жыцця. І дзеці, з маленства знаёмыя са смартфонамі, планшэтамі, звяртаюць увагу менавіта на незвычайныя спецэфекты, інтэрактыўнасць.

Гісторыя (у прыватнасці, музеі) мусіць пераходзіць да візуалізацыі і інтэрактыўнасці: 3D-мадэлі, галаграмы, гульні і г. д. Трэба ствараць асяроддзе, якое магло б забяспечыць гледачу ілюзію падарожжа ў мінулае.

Пад'ём ад моста ў стары горад, 1916 год.

«НН»: Калі вы глядзіце на старыя фотаздымкі, якіх будынкаў ці з’яў, якія мы страцілі, вам найбольш шкада?

АЛ: Мне шкада шмат якіх будынкаў, асабліва тых, якія стваралі нейкі непаўторны вобраз горада, яго аблічча. Магілёў за сто гадоў страціў усе адметнасці і асаблівасці, акрамя Ратушы. Ды і тая была толькі нядаўна адноўленая з нуля. Дзе ўсе тыя вежы, што рабілі Магілёў Магілёвам? Чаму іх замянілі на бесхарактарныя шэрыя цагляныя каробкі? Асабліва балюча за тое, што шмат чаго было знішчана без мэты: яно не пала ахвярамі вайны, што яшчэ можна было б зразумець, гэта адбылося ў мірны перыяд. Так, напрыклад, здарылася са знакамітай халоднай сінагогай, роспісы якой, паводле легенды, на пачатку 18 стагоддзя рабіў продак Марка Шагала. У 1938 годзе яе проста разабралі на дровы.

Нацыстаў свет дагэтуль ганьбіць за «Крышталёвую ноч». А камуністы, што ўзарвалі і разабралі сотні храмаў, адкрыта адзначаюць свае святы…

В. Садовая насупраць брамы архірэйскага палаца, 1941 год.

«НН»: Час ад часу ў сеціве можна сустрэць апытанкі з выяўленнем самага «прарасійскага» горада Беларусі. Для некаторых гэта Магілёў. Як можаце пракаментаваць такое? І ці сапраўды, на вашу думку, заходняя частка Беларусі істотна адрозніваецца ад усходняй?

АЛ: У чымсьці Магілёў можна назваць «прарасійскім» горадам. Ці проста «савецкім». Жыццё на мяжы і той факт, што ён быў адным з першых гарадоў далучаным да Расіі, дае свае вынікі. Але, нягледзячы на моцны ўплыў з усходу, Магілёў гістарычна спалучаў у сабе рысы і заходняй культуры.

Калі паглядзець на стары і на сучасны Магілёў, то гэта горад са шматлікімі абліччамі, які аб’ядноўваў розныя культуры, стылі, традыцыі. І мне хацелася б, каб ён заставаўся менавіта такім. Толькі няхай будзе трошкі больш уважлівым у адносінах да гістарычнай спадчыны.

«НН»: Вы з дзяцінства размаўляеце па-беларуску?

АЛ: Па-беларуску размаўляю не з дзяцінства. Мне цяпер вельмі сорамна, але ў школе мова мне нават не падабалася. Пераломным момантам стаў снежань 2010 года. Мы сачылі за падзеямі Плошчы ўжо з Германіі, пасля якіх я вырашыў, што хаця б у сеціве буду карыстацца выключна беларускай мовай (акрамя тых выпадкаў, калі мой суразмоўца нават тэарэтычна не можа мяне зразумець) у імя салідарнасці.

Што да маіх праектаў, калі я сутыкнуўся з даволі непрыемнай пазіцыяй адносна беларускай мовы нават з боку жыхароў і грамадзян Беларусі, чуў выказванні, што па-беларуску нічога вартага не зробіш ані ў культурным, ані ў навуковым плане, то са свайго боку вырашыў зрабіць усё магчымае, каб аспрэчыць такія тэзісы. Менавіта таму ўсе мае пераклады старажытных тэкстаў існуюць толькі ў беларускамоўным варыянце. Таксама я напісаў гістарычна-прыгодніцкі раман «Кніга», сюжэт якога цалкам круціцца вакол сапраўдных падзей з магілёўскага мінулага. Мабыць, усе гэтыя справы маглі б дасягнуць большага поспеху і прынеслі б мне большую папулярнасць, калі б я рабіў іх па-руску, аднак куды прыемней мець чыстае сумленне. Каб я мог шчыра казаць, што не хныкаў і не скардзіўся на цяжкае становішча роднай мовы, але ўзяў і зрабіў хаця б нешта сам, каб падтрымаць яе.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота з архіваў героя.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930