Знайсці
21.03.2017 / 10:464РусŁacБел

«Крама» прэзентавала песню «Стэфка праз 30 год» АЎДЫЁ

Гурт «Крама» прэзентуе на Еўрарадыё канцэртную версію новай песні «Стэфка праз 30 год». Упершыню яна прагучала ў канцы 2016 года.

Увогуле, «Стэфка» — адна з песень гурту «Бонда», аўтарамі якой з'яўляюцца бубнач Сяргей Кныш і спявак Ігар Варашкевіч. Пасля таго, як музыкі сышлі з «Бонды», яны сталі граць у «Краме», адпаведна, некаторыя песні іх аўтарства — «Мама», «Стэфка», «Слуцкая брама» сталі выконвацца новым гуртом. Пазней Сяргей Кныш перастаў пісаць тэксты і цалкам адышоў ад музыкі. «Стэфка» ж стала хітом не толькі гурта «Бонда», але і «Крама», а яе прыхільнікі задумаліся пра лёс самой дзяўчыны, ды і музыкі падумалі: чаму б не?

«Сяргей знайшоў вельмі ўдалы вобраз — рамантычнае каханне звычайных беларускіх хлопца і дзяўчыны з невялікага мястэчка ці вёскі, — распавядае цяперашні тэкставік «Крамы» Зміцер Лукашук, які ўзяўся прыдумаць працяг гісторыі пасля таго, як Ігар Варашкевіч напісаў мелодыю ў духу першай «Стэфкі». — У аснову наступнай «серыі» я паклаў лёс нашай рок-н-рольнай тусоўкі, удзельнікаў гурта «Крама». Як мы жылі? Зразумела, не зусім у стылі сэкс-драгз-рок-н-рол, але без алкаголю, музыкі і вясёлых прыхільніц не абыходзілася. Не склалася жыццё ў герояў «Стэфкі», бо хлопец палюбіў алкаголь, больш думаў пра «гулі», чым пра сур'ёзныя адносіны. Стэфка ж — нармальная беларуская дзяўчына, якая хацела светлага кахання і адказнага мужа, а не раздзяўбая рок-н-рольшчыка. Ён разумее, што ён вінаваты ў тым, што ў іх не атрымалася, ён яе дагэтуль кахае, але не можа змяніць свой лад жыцця».

Ігар Варашкевіч і Зміцер Лукашук.

Песня «Стэфка праз 20 гадоў» увайшла ў альбом «Крамы» 2007 года «Усё жыццё — дзіўны сон». Але музыкі вырашылі на гэтым не спыняцца і зрабіць з гісторыі трылогію. Прайшло яшчэ 10 гадоў, героі наблізіліся да перадпенсійнага ўзросту. І вось яны выпадкова сустракаюцца.

«Яна ўжо бабуля, у яе ёсць унукі, у яго жыццё ў плане сямейным не склалася. І што далей? — працягвае Зміцер Лукашук, які ўзяўся і за трэцюю «Стэфку». — У нас было шмат ваганняў. Бо, з аднаго боку, хацелася напісаць баладу кшталту Стэфка «пайшла ўгару», зрабіла кар'еру, стала чыноўніцай, жартавалі нават, што гастролькі на канцэрты выдае».

Але, кажа Лукашук, вырашылі ў выніку спыніцца на простым варыянце песні: маўляў, жыццё прайшло, але ўсё добрае ў ім застаецца. Хаця думаць над лёсам Стэфкі Змітру даводзілася нават па начах:

«Тры разы я перапісваў тэкст, у выніку канчатковыя праўкі я ўносіў на рэпетыцыі непасрэдна перад прэзентацыяй… Ёсць у Ігара песні, якія не «кладуцца» мне, не магу напісаць тэкст, і ўсё. А некаторыя, калі музыка падабаецца, нараджаюцца адразу. Так і тут было, першы баладны тэкст ўначы прыйшоў у галаву, хаця, разумеў, што ён не пойдзе, бо не клаўся на музыку Ігара».

Фота гурту «Бонда» з сайта радыё «Свабода». Ігар Кныш — першы злева.

Што думае пра працяг гісторыі аўтар першай «Стэфкі» Сяргей Кныш?

«Лёс Стэфкі мог скласціся па-рознаму, — кажа былы бубнач «Крамы». — Але тое, што атрымалася ў Лукашука, мне падабаецца. Што будзе са Стэфкай далей — не ведаю».

Але, кажа Зміцер Лукашук, «крамчукі» вырашылі на трылогіі скончыць гісторыю Стэфкі, хоць сам Зміцер спадзяецца, што аднойчы гурт перадумае.

Пачуць адразу ўсе тры «Стэфкі» можна будзе 26 сакавіка: у рэстаране «Друзья» гурт грае вялікі сольны канцэрт.

euroradio.fm

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930