Знайсці
21.03.2017 / 10:2215РусŁacБел

Першае сутыкненне беларусаў з «рускім светам»: як гэта было

Сёння дзень нараджэння Францішка Багушэвіча (1840—1900) — аднаго з тых, хто сфармуляваў для наступных пакаленняў Беларусь.

Францішак Багушэвіч 1898 год.

Цікава чытаць яго вершы сёння і дзеля жывога адлюстравання сітуацый ХІХ стагоддзя, калі на беларускіх землях мацаваўся расійскі імперскі парадак.

Адной з ідэалагічных задачаў новай улады быў перавод вялізнага масіву беларускіх уніятаў у маскоўскае праваслаўе дзеля хутчэйшай русіфікацыі. «Што не дарабіў рускі штык — даробіць рускі чыноўнік, руская школа і рускі поп» — казаў у 1860-я адзін з царскіх чыноўнікаў. У наступным вершы Багушэвіч паказаў, як тое было «на месцах».

Хрэсьбіны Мацюка

Калісь, як у нас казакі-то стаялі,
У «шнурах» за горкай раз мяне спаткалі.
Сказаў «пахвалёны», а яны смяюцца,
Адзін штось спявае, іншы дзьме на дудца,
А старшы скіпеўся: «Ты што за адзін?»

Думаю: хто ж я? - ужо ж Юркаў сын!
«Тутэйшы, - кажу я, - свой чалавек:
Сын бацькі свайго, а бацька дзяцей,
Тут і радзіўся, тут жыву век;

Юркам зваць бацьку, я дык Мацей.
Вун гдзе і хата, і выган, і сад;
Там жнець мая жонка, а тут гарэць брат!..»

Ён кіпіць горай, пытаючы, лае,
Крычыць, і б'ецца, і ў твар штурхае.
«Да хто ты, да хто ты, ці рускі, ці не?»

Я дай круціцца туды і сюды,
Думаю: што б тут сказаць яму мне?
«Я не нашу, - кажу, - барады».
«Да ты, - ён кажа мне, - веры якой?
Ці ты праслаўны, ці ты - паляк?»
«А дайце ж, паночку, - кажу, - мне пакой,
Да я ж тутэйшы, я ж казаў так!..»
Як сцебане, пракляты, мяне, -
Аж у вачах чырвона здалося!
Каб я ж чым-кольвек ў якой віне,
А то не ведаць, скуль узялося?

Я кажу гэтак: «Калі ж ужо так,
Што васпан б'ешся без дай прычыны,
То, мусіць, і праўда, што я і паляк
І буду паляк я ад гэтай гадзіны!..»

Ну і далі ж мне добра на знак:
Цягнулі, біўшы, у Замаслаў,
Каб помніў крэпка, што я паляк,
Каб і вам гэта здарэнне сказаў!
Тое прайшлося, пайшлі і казакі,
Калі пад восень завуць нас у збор.
«Прыехаў, - кажуць, - начальнік такі,
Сам князь Хаванскі, ідзіце у двор!»
Трэба ўсё кідаць (хоць святам было).
Народам, як макам, весь двор заліло:

Князь у палетах, васолы такі!
«Эх, - кажа, - рыбяты! - вы дуракі,
Што ў рускай зямлі ды каталікі!

Ну, цар вас прымае ў сваю веру;
Дасць зямлі многа!.. Вы на паперу
Тут падпішыце, а поп пасвенце, -
Будзе ўсё добра, усюды пашэнце.
Ну, братцы, вып'ем па чарцэ усе;
Бацюшка крыж і крапідла нясе!»
Мы ж толькі зірк адзін на другога,
Маўчым, трасёмся, не кажым нічога:
Ён Міруна за плечы узяў,
Вядзець да стала, гарэлкі падаў:
«Пій на здароўе і так пішы:
- Вот сабраліся дзве тысяч душы;
Рускую веру хочым прыняць,
Каб каталіцкай не ведаць, не знаць…»
Мірун папярхнуўся, як хуста, збялеў,
Глянуў на ўсіх, на мяне паглядзеў.
«Як, - кажа, - людзі, так, - кажа, - я,
Спытайце, - кажа, - вун Мацяя;
Як ён ды скажа перавярнуцца,
Дык усе вёскі на яго здадуцца».

Цягнуць мяне да таго князя,
А тут аж мурашка за скурай лазе.
«Ну што, маладзец, нап'ёмся водкі?»
Даець мне грошы, такі салодкі:
Усё гавора, радзе, пытае,
Жонку цалуе, дзяцей гайдае.

«Ну што ж, надумаўся, гатоў?..»
«Надумаўсь, - кажу, - каб сто катоў
Дралі мне скуру, пяклі на агню,
Я веры сваей тыкі не змяню!»
Іх! закіпеў той князь, аж зароў,
Аж вылупіў вочы, счырванеў ён, як кроў…
«Розаг падайце, нагаек, сто лоз!
Ён з веры смяецца мне тут пад нос!»
Хапілі мяне якісьць гайдукі,
І розаг падалі чатыры пукі,

І б'юць - не баліць, хоць за сэрца бярэ:
За што ж ён мне гэта ды скуру дзярэ?!
Як крыкну гэта: «Эй, бійце ж мацней,
Мацнейшы ад веры вашай Мацей!»

О так-то хрысцілі мяне казакі
З тутэйшага ды у палякі!

* * *

Замаслаў - мястэчка Жэмаслаў (Жамаслаўе) у колішнім Ашмянскім павеце (цяпер Іўеўскі раён). Вясной і ўлетку 1861 г. тут адбыліся сялянскія хваляванні, якія скончыліся сутычкай з войскам; непакорлівых цягнулі на пакаранне ў Замаслаў, дзе стаялі казакі. У Замаслаўі жыў Багушэвічаў знаёмы Казімір Умястоўскі.

СМ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера