Знайсці
25.02.2017 / 17:408РусŁacБел

«А я нікога тут не ведаю» — маналог хлопца з Курапат, які ўпершыню далучыўся

Піша Зміцер Завадскі з Мінска.

Я ні з кім тут асабліва не размаўляў. Людзі каля бочкі гавораць пра палітыку, пра ўлады, пра Чарнобыль, распавядаюць гісторыі абароны пачатку 2000-х, спяваюць вясёлыя (і не вельмі) песні — нашы песні. Яны жартуюць і дыскутуюць.

Але нічога не кажуць пра Курапаты, пра тое, што прымусіла іх у гэтае паскуднае надвор'е, ноччу, быць тут. А я скажу. За сябе.

Тут і ніжэй фота Ірыны Арахоўскай

Майго прадзеда забілі. «Антысавецкая агітацыя». Арыштавалі быццам на 5 гадоў, але ён не вярнуўся. Па заканчэнні тэрміну прыйшла такая паперка: «Памёр ад хваробы адразу пасля вызвалення. Дадому, на жаль, не даедзе». Такія часта дасылалі і сем'ям тых ахвяраў, каго расстралялі і адразу ж пасля арышту. Таму я не ведаю, дзе ён пахаваны. Можа недзе ў Расеі, дзе павінен быў адбываць тэрмін, можа на роднай Магілёўшчыне, а можа дзе яшчэ… Ёсць два месцы, дзе памяць пра яго асабліва блізка кладзецца сваім святлом і боллю на маё сэрца. У роднай вёсцы і тут, у Курапатах.

Пару месяцаў таму я купіў стары, амаль разбураны, домік, у той вёсцы. Можа калі-небудзь пастаўлю там хату і буду пісаць вам кнігі — пра сям'ю, пра вёску, пра Беларусь. Як Андрусь Горват. Які таксама стаіць тут, непадалёк ад бочкі. Са сваім сябром.

А я нікога тут не ведаю, хаця твары амаль усе знаёмыя, з навінаў. Ну толькі што Змітра Дашкевіча, было, пазнаёміўся, на апошняй Плошчы. З таго часу, бывае, перасякаемся тэлефоннымі гутаркамі, па рабоце. Але цяпер з ім не пагаворыш — яго няма каля вогнішча. Ён робіць Справу. Цяпер нешта абмяркоўвае з сябрамі, якія таксама амаль да нас не падыходзяць, — патрулююць дарогі да бочкі, да сцягоў, да нас… А калі і падыдзе хто з іх, то і не кажа нічога. Пагрэе сабе рукі над вогнішчам, паслухае, паглядзіць і зноў ідзе ў снег, які так хутка студзіць нашы кубкі з гарбатамі і прыглушае вогнішча, без якога я б тут і гадзіны не пратрымаўся. Але ўсё адно раніцай людзей зусім не застанецца — хто пешшу, хто на таксоўцы, хто з першымі аўтобусамі паедзе дадому. І я таксама буду чакаць на восьмую гадзіну, якую ўжо сам сабе адмераў, каб нарэшце выбрацца з гэтага холаду, каб легчы ў сваю цёплую пасцелю. Нягледзячы на тое, што а восьмай толькі пачнецца сапраўдая барацьба. Нягледзячы на тое, што нехта з сапраўдных абаронцаў папросіць мяне застацца даўжэй. Яны, здаецца, могуць лёгка абысціся і без гэтага вогнішча, і без цёплай пасцелі.

Здаецца. Таму што раніцай да бочкі падыдзе адзін з іх. Ён будзе такі скурчаны і так калаціцца ад холаду, што, хіба, зараз страціць прытомнасць.

Я правяду яго ў цёплую прагрэтую машыну аднаго з удзельнікаў, але не вытрымаю і залезу грэцца і сам. За нейкіх паўгадзіны абаронца паспее сагрэцца і выспацца, і вернецца да Справы, а я паеду дадому. Бо я так не магу. Бо я так не ўмею. Як прачнуся, у першых навінах зноў убачу гэтага хлопца. Ён прычэпіць сябе да МАЗа і закрые сабой магілы дзядоў. Будзе бараніць маю сям'ю, маю краіну, мой народ.

Але гэта будзе потым. А пакуль што я стаю тут, грэюся каля бочкі, і мне здаецца, што раблю тое самае. І што заўтра трэба абавязкова напісаць пра гэта ў фэйсбуку і кантакце.

facebook.com/zmicier.zavadski

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930