Знайсці
24.02.2017 / 10:1638РусŁacБел

Газета «Чырвоная звязда» з Іванава дэкамунізавалася ў «Янаўскі край»

Газета Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ад 2017 года змяніла назву з «Чырвонай звязды» на «Янаўскі край». Мінінфармацыі Беларусі зацвердзіла новую назву.

Назву абралі чытачы на сайце выдання, затым яе зацвердзілі ў райвыканкаме. Янаў або Янова — гэта мясцовая назва Іванава.

Заснаваная ў 1943 годзе газета раней насіла назвы «Партызан Палесся», «Камуніст», «Сталинский путь». Нагодай да перайменавання стала ліквідацыя ў Беларусі дротавага радыё: неактуальнай стала другая палова назвы установы — «Рэдакцыя газеты «Чырвоная звязда» і праграмы радыёвяшчання «Гаворыць Іванава».

«Гэта была мая такая радыкальная ініцыятыва, — расказаў галоўны рэдактар Ігар Гетман. — Можна было проста адкінуць «Гаворыць Іванава» і пакінуць «Чырвоную звязду». Але я вырашыў апытаць чытачоў, наколькі актуальна захоўваць «Чырвоную звязду» — і ці не лепей прывязаць назву да мясцовых рэаліяў. Пачалася доўгая жывая дыскусія, пісалі лісты, тэлефанавалі, пісалі на сайт.

Што самае цікавае, не было ніводнай сур’ёзнай прапановы са словам «Іванава», усё ішло са словам «Янаў» — «Янаўскі прастор» і «Янаўскі край» найбольш. І калі прапанавалі чытачам такія варыянты назвы, ніхто не запярэчыў з чытачоў. Зрабілі такі аналіз: аказалася, палова арганізацый у горадзе называюць сябе са словам «Янаў», а не «Іванава».

Мы тут не былі першапраходцамі — але ўпершыню на афіцыйным узроўні «Янаў» вярнуўся ў назву. Вы ж разумееце, заснавальнікі — райвыканкам і райсавет. І аднагалосна прагаласавалі за гэтую назву, 29 снежня было паседжанне выканкама і райсавета, дык нават апладысменты прагучалі, бо момант гістарычны быў».

«Янаўскі край» выходзіць па аўторках і пятніцах накладам у 6800 асобнікаў, падпіска на месяц каштуе 4 рублі, можна падпісацца і на PDF-версію.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера