Знайсці
23.02.2017 / 00:52108РусŁacБел

23 лютага — не беларускае свята

Мужчын-беларусаў віншуюць у Дзень беларускай вайсковай славы — 8 Верасня.

(архіўны матэрыял)

23 лютага ніяк не звязана з беларускай гісторыяй, з дзеямі нашых продкаў. Гэтае свята ўстанавілі бальшавікі.

Бо ў гэты дзень у 1918 годзе першыя бальшавіцкія атрады выступілі супраць немцаў пад Псковам. Прычым тут беларусы?

Дзень беларускай вайсковай славы варта святкаваць 8 верасня ці 27 лістапада.

8 верасня 1514 года 30-тысячнае беларускае войска пад Оршай перамагло 80-тысячны экспедыцыйны корпус Маскоўскай дзяржавы. Гэта дало Вялікаму Княству Літоўскаму 100-гадовую перадышку. За гэтыя сто гадоў беларусы мелі Скарыну, Сапегу, Статут Вялікага Княства і Залаты век культуры. Уласна, тады і былі закладзены многія асновы нашай нацыянальнай цывілізацыі. І ў вайсковым сэнсе гэта была бліскучая бітва, прадуманая выдатным военачальнікам — праваслаўным князем Канстанцінам Астрожскім.

Другая дата беларускай вайсковай славы адносіцца ўжо да перыяду нацыянальнага будаўніцтва. Але яна больш трагічная. 8 верасня — дзень перамогі, а 27 лістапада — дзень самаахвярнасці. У гэты дзень 1920 года слуцкія паўстанцы — сяляне, гімназісты, афіцэры — узняліся супраць бальшавікоў, на абарону незалежнай, самастойнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Яны пацярпелі паразу, але памяць пра іх геройскі чын засталася.

Шануючы беларускіх вайскоўцаў, мужчын увогуле, іх віншуюць па-ранейшаму 23 лютага. Гэты дзень перайменавалі з Дня Савецкай арміі ў Дзень абаронцаў айчыны. Але беларусы —асобная нацыя, і каб аднавіць повязь часоў, варта перанесці гэты дзень на дату, звязаную з беларускай, а не каланіяльнай гісторыяй.

Вось што піша пра дату 23 лютага гісторык Анатоль Сідарэвіч.

У 2008 годзе Узброеныя Сілы Беларусі адзначалі сваё… 90-годдзе. Гэта значыць: у перыяд ад 18 да 23 лютага 1918 г., калі галоўнакамандуючы Заходняга фронту Мяснікоў даў лататы ў Смаленск, а немцы ішлі на Магілёў і Полацк (далей ісці намеру не мелі), нарадзілася беларускае войска.

Не,

скажуць, 23 лютага нарадзілася Чырвоная Армія.

Яна спыніла немцаў пад Псковам і Нарвай.

Усё прасцей: ніхто немцаў не спыняў, бо ісці на ўсход далей за Пскоў і Нарву яны не планавалі. Былыя нямецкія ўладанні Курляндыя, Ліфляндыя і Эстляндыя апынуліся ў складзе райху — і дастаткова.

Калі стаяць на грунце фактаў, а не міфаў, дык днём нараджэння Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі трэба лічыць 15 студзеня.

Менавіта тады быў выдадзены дэкрэт Савета Народных Камісараў аб арганізацыі добраахвотнай Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. Іншая справа, што ісці ў гэтае войска добраахвотна і рабочыя, і асабліва сяляне не надта хацелі. Толькі нямецкі наступ змусіў бальшавікоў актыўна ўзяцца за армейскае будаўніцтва. І не на добраахвотнай аснове.

Але пры чым тут беларускае войска?

У перыяд 1918—1920 гг. Украіна сапраўды мела армію (у жніўні 1920-га яна, дарэчы, дапамагла Войску Польскаму здзейсніць «цуд на Вісле»). Але нашы браты-ўкраінцы вядуць гісторыю сучаснай арміі не ад таго часу, і нават не ад часу, калі з’явіліся рэестровыя казакі, і не ад часу, калі войска Багдана Хмяльніцкага першы раз перамагло палякаў, а ад таго дня, калі Вярхоўная Рада прыняла закон аб стварэнні сучаснай арміі сучаснай Украінскай дзяржавы. Ёй, гэтай арміі, няма і 20 год.

Яшчэ дурней выглядае афіцыйная гісторыя Памежных войскаў Беларусі. Лічыцца, што яны былі заснаваныя 28 мая 1918 г. — тады, калі Беларусь па Дняпро і Дзвіну займалі немцы.
…Саўковасць, цяжкая каланіяльная спадчына.

Яна ўжо ў шасцізначнай індэксацыі паштовых аддзяленняў, у назве старажытнай сталіцы (польска-расейскі Навагрудак) і сталіцы сучаснай (польска-расейскі Мінск) і ва ўвекавечаным скароце BY. Так і застаецца тут Byelorussia, Белоруссия з яе 90-гадовай арміяй і 310-гадовым інжынерным войскам.

Анатоль Сідарэвіч; уступ Міколы Бугая

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031