Знайсці
02.02.2017 / 14:5725РусŁacБел

«Спытайце ў Лукашэнкі, чаму ён лічыць маці, якія выхоўваюць дзяцей, дармаедкамі»

Мы атрымалі вось такі ліст ад чытачкі Марыі (адрас у Рэдакцыі):

«Паважаная рэдакцыя! У артыкуле «Лукашэнка 3 лютага ладзіць «Вялікую Размову з прэзідэнтам» напісана, што «ад «Нашай Нівы» на прэс-канферэнцыі будзе намеснік рэдактара Зміцер Панкавец».

Калі ласка, папрасіце спадара Змітра спытаць у гр-на Лукашэнкі, чаму ён лічыць маці, якія выхоўваюць дзяцей да 10 гадоў, дармаедкамі?

Як увогуле можна было да гэтага дадумацца?! Бо нават Міністэрства па падатках і зборах выходзіла ва ўрад з прапановай выключыць маці, якія выхоўваюць дзяцей да заканчэння iмi пачатковай школы, з ліку плацельшчыкаў гэтага бесчалавечнага, антыканстытуцыйнага і г.д. і да т.п. збору!

Нават пры СССР была фармулёўка пры звальненні па ўласным жаданні: «Па доглядзе за дзіцём да 14 гадоў» Да 14-ці! А тут у 7 гадоў дзіця ўжо само павінна адно і ў школу, са школы хадзіць, і ежу сабе гатаваць (ды нават калі і разаграваць), і па горадзе перамяшчацца (калі займаецца якім спортам, музыкай, танцамі і г.д.). Аб бяспецы самастойнага перамяшчэння дзіцяці па Менску і наогул казаць няма чаго (ДТЗ, згвалтаванне на Маскоўскім аўтавакзале і г.д.). А хіба бяспечна такому маленькаму дзіцяці аднаму дома знаходзіцца?! Колькі выпадкаў гібелі дзяцей, якіх пакідалі адных (тут табе і пажары, і ўсё астатняе…) А калі што не дай Бог здарыцца, то, безумоўна, бацькі вінаватыя: не забяспечылі бяспеку і г.д.

А працы на час, пакуль дзіця ў школе (з 8.30 да 11.50), няма ні ў Менску (праверана асабіста), ні ў іншых гарадах. (Пра 50 тысяч новых працоўных месцаў — хлусня. Яны калі і ёсць, то толькі ў справаздачах чыноўнікаў.) І бабуль-дзядуляў няма, якія маглі б узяць на сябе клопат пра дзіця. І на няню не зарабіць з нашымі цяперашнімі рэальнымі заробкамі.

З такім стаўленнем да жанчын і маці, як цяпер, хутка наогул не будзе каму працаваць, каб у будучыні пенсіянерам хоць нейкую пенсію плаціць.

Хачу напісаць артыкул на гэтую тэму, але на гэта патрэбны час (я ж не журналіст, а простая мама), а «сустрэча» ўжо 3-га лютага… Ды і задаць такое пытанне ў вочы іншага шанцу не выпадзе (а простаму чалавеку такая магчымасць і наогул не выпадзе ніколі).

Калі ласка, дапамажыце данесці ўсё гэта да Лукашэнкі.

P.S. І пра нібыта права мясцовых выканкамаў вызваляць ад выплаты індывідуальна людзей «у сувязі з цяжкімі жыццёвымі абставінамі», таксама хлусня. Нікога яны не вызваляюць (можа, толькі 1-2 з тысяч (ды і тое для справаздачнасці). А па абставінах, апісаных мною вышэй, тым больш нікога не вызваляць.

Загадзя вам удзячная!

З павагай, ваш сталы чытач Марыя».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера