Знайсці
22.01.2017 / 17:5960РусŁacБел

У «дэкрэце аб дармаедах» змяніліся акцэнты — плаціць будуць толькі заможныя

Пасля ўнясення ў пачатку гэтага года змяненняў у дэкрэт № 3 ад 2 красавіка 2015 «аб дармаедах» палітычны сэнс гэтага нарматыўнага акту памяняўся.

Былі знятыя некаторыя раздражняльныя для грамадства фактары, але адначасова ўнесены новыя раздражняльнікі.

Варта адзначыць, што ў 2015 годзе, калі Лукашэнка прапанаваў распрацаваць нарматыўны акт супраць дармаедаў, сітуацыя ў эканоміцы ўжо пагоршылася, і Аляксандр Лукашэнка толькі па інерцыі казаў пра неабходнасць матываваць да працы тых, хто чамусьці адлыньвае.

Насамрэч улады сталі шукаць лішнюю капейку для папаўнення бюджэту. Насельніцтва ж і так шукала працоўныя месцы і не магло знайсці.

Улады марылі атрымаць па 20 базавых велічынь (у 2015 годзе базавая велічыня складала 180 тыс. старых беларускіх рублёў, або каля 10 еўра) з кожнага «дармаеда», толькі ўрад бачыў ужо не 500 тысяч «падатных душ», як прэзідэнт, а парадку 125 тысяч.

Гэта значыць, быў арыенцір на прыцягненне 450 млрд старых рублёў (ці 45 млн новых, або каля 25,5 млн еўра).

13 студзеня 2017 года ў прэс-цэнтры БелТА начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька паведаміў: «Падатковымі органамі ў адрас плацельшчыкаў накіравана каля 400 тысяч паведамленняў. Каля 24 тысяч грамадзян ужо заплацілі збор. У бюджэт паступіла больш за 7 млн рублёў. З улікам таго, што ўнесены змены ў дэкрэт, нейкім грамадзянам будзе паменшаная сума збору альбо яго выплата будзе цалкам адменена. Асобным грамадзянам паведамленні яшчэ будуць накіраваны ».

Увогуле, ужо можна папярэдне ацаніць, колькі ўдалося сабраць, бо асноўны тэрмін выплаты збору дэкрэтам № 3 прадугледжваўся да 15 лістапада мінулага года.

Сабралі ў шэсць разоў менш, чым планавалі. Зрэшты, падпісаны 12 студзеня дэкрэт № 1 перанёс канчатковы тэрмін выплаты збору на 20 лютага 2017 года. Пасля гэтага можна будзе падвесці канчатковы вынік.

Калі ўлічыць чалавека-гадзіны, затрачаныя чыноўнікамі на пошук сацыяльных утрыманцаў, перапіску з 400 тысячамі патэнцыйных плацельшчыкаў збору (адных лістоў адправілі мінімум на 144 тысячы рублёў, або 69 тысяч еўра), то зразумела, што адміністраванне гэтага збору атрымліваецца вельмі дарагім.

Бедных могуць пашкадаваць

Але дэкрэт № 1 змяніў палітычны сэнс дэкрэта № 3 і фактычна дазволіў згарнуць яго дзеянне з поўным захаваннем твару. 

Незалежныя прафсаюзы, апазіцыйныя партыі, дэпутат Ганна Канапацкая заклікалі адмяніць дэкрэт № 3, а кіраўнік дзяржавы яго ўсяго толькі ўдакладніў.

Дэкрэтам № 1 ўведзена норма: «Мясцовыя Саветы дэпутатаў або па iх даручэнні мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы маюць права вызваляць ад выплаты збору грамадзян у сувязі са знаходжаннем у цяжкай жыццёвай сітуацыі».

У нарматыўным акце ўдакладняецца, што ў гэтым сэнсе «пад складанай жыццёвай сітуацыяй разумеюцца аб'ектыўныя абставіны (сукупнасць абставін), што не залежаць ад грамадзяніна, якія ён не можа пераадолець за кошт наяўных магчымасцяў».

Такім чынам, згодна з дэкрэтам № 1 у Беларусі будзе адразу некалькі катэгорый сацыяльных утрыманцаў:

• тыя, хто афіцыйна не працуе, не мае асабістых афіцыйных даходаў і плаціць прадугледжаны дэкрэтам № 3 збор;

• тыя, хто быццам бы павінен плаціць збор, калі не плаціў падаткі, але вызвалены ад выплаты, паколькі знаходзіцца ў творчым саюзе, знаходзіцца ў спісачным складзе нацыянальнай або зборнай каманды Беларусі, з'яўляецца ваеннаслужачым і г.д.;

• тыя, хто вызвалены ад выплаты збору па беднасці.

Агаворка, якая вызваляе ад выплаты збору тых, «хто знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі», амаль адмяняе дэкрэт № 3 для бедных (хоць фармулёўка там шырокая, могуць быць розныя трактоўкі), але пакідае яго дзейным у дачыненні да законапаслухмяных жыхароў, якія не маюць неабходнасці працаваць для атрымання зарплаты.

Цікава, што дэкрэт № 3 распаўсюджваецца на ўсіх, хто жыве ў Беларусі больш за паўгода па-за залежнасці ад грамадзянства, а мясцовыя Саветы могуць вызваляць ад выплаты збору толькі грамадзян Беларусі.

Лукашэнка неаднаразова казаў, што дэкрэт № 3 не скіраваны супраць хатніх гаспадынь, якія выхоўваюць дзяцей і таму не працуюць. Аднак дэкрэтам № 1 з 2017 года ўводзіцца норма, што асоба, якая выхоўвае дзіця, вызваляецца ад збору толькі «пры ўмове, што дзіця ва ўзросце ад 3 да 7 гадоў не атрымлівае дашкольную адукацыю».

Фокус на заможных

Калі прааналізаваць дэкрэт № 3 з папраўкамі, унесенымі дэкрэтам № 1, то атрымліваецца, што асноўны сэнс нарматыўнага акта - узяць грошы ў забяспечаных сем'яў, дзе адзін з сужэнцаў не працуе, а таксама ў тых, каму прасцей заплаціць збор (цяпер 20 базавых велічынь складаюць 460 рублёў, або 221 еўра), чым тлумачыць, за кошт чаго ён жыве.

Можна меркаваць, што ўжо шматлікія «дармаеды» знайшлі выкрут, які дазваляе законна не плаціць збор (трапілі ў цяжкія жыццёвыя абставіны, перасяліліся ў вёску, сталі рамеснікамі, ўступілі ў творчыя саюзы і г.д.), і колькасць плацельшчыкаў у наступным значна паменшыцца .

Але ў бюджэце гэтая сума ўсё роўна будзе прыкметная. Таму малаверагодна, каб прэзідэнт пайшоў на поўную адмену збору.

Некаторыя прадстаўнікі апазіцыі чакалі, што насельніцтва збунтуецца з-за відавочна несправядлівага «падатку з беспрацоўных».

Незадаволенасць сапраўды гучала, але глуха.

Калі ж у 2017 годзе Лукашэнка канчаткова сфакусаваў збор з сацыяльных утрыманцаў на вузкай групе заможных людзей, то імавернасць народных хваляванняў на глебе дэкрэта стала і зусім нулявой.

Наўрад ці мы ўбачым масавыя прыклады, калі муж і жонка банкіраў або айцішнікаў адмовяцца плаціць збор і аддадуць перавагу сядзець «суткі».

Шмат каму ж з простых людзей не так складана будзе даказваць, што яны патрапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю.

naviny.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930