Знайсці
19.01.2017 / 16:307РусŁacБел

Самы высокi, стары, загадкавы… Пяць найбольш цiкавых праваслаўных храмаў Мiнска

У шматвекавой гiсторыi Мiнска здаралiся перыяды, калi горад быў амаль цалкам праваслаўным, i калi тут дзейнiчала толькi адна праваслаўная царква, i калi наогул усялякая рэлiгiя была забаронена. Паспрабуем разабрацца, якія са спрадвечна праваслаўных храмаў чым цікавыя. Наўмысна не будзем чапаць кафедральны сабор Святога Духа, бо ўзводзiўся ён усё ж як касцёл кляштара бернардынак.

Самы першы

Рэшткi найстаражытнай мінскай бажнiцы схаваны на тэрыторыi колiшняга замчышча, што ў самым пачатку праспекта Пераможцаў. Археолагi сведчаць: гэты храм будавалі ў канцы ХI стагоддзя (то бок лiтаральна праз некалькi дзясяткаў гадоў пасля падзялення хрысцiянскай царквы на каталiцызм i праваслаўе), i царква не мела аналагаў у старажытнарускім манументальным дойлідстве, бо злучала рысы візантыйскай і заходнераманскай архітэктуры. Бажнiца мусіла паўстаць трохапсідным збудаваннем 16 на 12 метраў, але яе таўшчэзныя (да паўтара метра) каменныя сцены паспелі ўзвесці толькі прыблiзна да метровай вышыні.

У ХIII стагоддзi недабудаваны па невядомых прычынах (некаторыя кажуць, праз землятрус) храм ператварылі ў хрысціянскі некропаль — археолагі выявілі ў ягоных руінах 21 пахаванне заможных гараджан у саркафагах з яловых дошак. Неўзабаве па-над каменным падмуркам прайшла драўляная маставая. Нiколi не ўзгаданая ані ў летапісах, ані ў старадаўнiх актах, царква была выяўлена толькi праз сем стагоддзяў, падчас раскопак у 1949 годзе. Потым яе падмуркi закансервавалi на паўтараметровай глыбіні пад невялікім пагоркам паміж Свіслаччу і Домам фізкультурніка, а наверсе выклалi сімвалічны макет і ўсталявалi памятны знак.

Дарэчы, а цi ведаеце вы, дзе схаваныя падмуркi другога па старажытнасцi мiнскага храма — царквы Раства Багародзiцы? Меркавана, пад трасай праспекта Пераможцаў, у тым месцы, дзе ён пераходзiць у пуцеправод над Нямiгай. Якраз з гэтага маста добра бачная Петра-Паўлаўская царква —

Самы стары з захаваных

у Мiнску храмаў. Бажнiцу пабудавалi ў 1611—1613 гг. на пляцы, ахвяраваным князёўнай Аўдоццяй Друцкай-Горскай — удавой каралеўскага маршалка (як зараз сказалі б, кіраўніка Адміністрацыі і начальніка службы бяспекі манарха). Царкоўная архітэктура, аб’яднаўшы ў сабе рысы барока i рэнесансу, мела ярка выражаны абаронны характар: трохметровай таўшчыні сцены, высока размешчаныя вокны-байніцы, вежы замкавага тыпу (iх дзве, але яшчэ дзве, як у Сынкавiчах, мусiлi з’явiцца з задняга боку — іх падмуркі выявілі пры раскопках) сведчаць пра тое, што храм першапачаткова выконваў не толькі духоўныя функцыі, але і служыў фарпостам на подступах да замка.

У ХVII стагоддзі Петра-Паўлаўская царква была адзіным праваслаўным храмам у каталіцка-ўнiяцкім Мінску. Пасля далучэння Міншчыны да Расійскай Імперыі ў 1795-м сабор набыў статус кафедральнага, але ў гэтай ролі прабыў нядоўга — усяго чатыры гады. Тады ж яго адрэстаўравалi на сродкі, ахвяраваныя рускай царыцай Кацярынай II, якая, апроч іншага, паднесла царкве шчодрыя падарункі: тры срэбныя падсвечнікі і чамусьці частку свайго асабістага гардэробу!

У 1933 годзе старадаўні храм быў разрабаваны і закрыты; савецкiя ўлады зрабілі ў iм склад для захоўвання селядцоў. Пасля Вялiкай Айчыннай былую царкву часова прыстасавалі пад жыллё, а потым у ёй атрымаў прапiску архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі. Толькi 7 снежня 1991 года ў Свята-Петра-Паўлаўскім саборы прайшла першая за доўгія гады літургія — адбылося гэта за дзень да падпісання знакамітых Белавежскіх пагадненняў, што паставілі тлустую кропку ў гісторыі атэістычнай імперыі.

Самы легендарны

У ХIII (па iншых звестках — у ХIV) стагоддзі на стромкім схіле Траецкай гары, па-над Свiслаччу, быў заснаваны Спаса-Узнясенскі праваслаўны мужчынскi манастыр, якi лічыўся адным з найбагацейшых у Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм: яму належалі шматлiкія землі, у бібліятэцы захоўвалася мноства друкаваных і рукапісных кніг, пры iм дзейнічалі школа і прытулак. Калi ў канцы ХV стагоддзя манастыр моцна пацярпеў ад пажару, на дапамогу яму прыйшла жонка вялікага князя Аляксандра — Алена, перадаўшы манахам маёнтак Трасцянец блізу Мінска. Менавiта ў царкве Узнясення Гасподня пры манастыры, верагодней за ўсё, малiўся ўлетку 1514-га вялiкi гетман Канстанцiн Астрожскi — перад тым як яго войска рушыла ў бок Оршы, каб даць адпор маскавiтам.

Двойчы на працягу ХVI стагоддзя iгумены мiнскага манастыра, Ёна і Міхаіл, былі пасвечаны ў мітрапаліты Кіеўскія (Лiтоўска-Наваградскiя), а яшчэ адзін, Васiян, стаў архімандрытам Кіева-Пячэрскай лаўры. Некаторы час ва Узнясенскiм манастыры служыў Міхаіл Рагоза — святар, пад чыім старшынствам у 1596 годзе царкоўны сабор абвясціў Брэсцкую унію. У тым жа годзе ён быў пазбаўлены праваслаўнага сану, аднак застаўся мітрапалітам ва ўніяцкай царкве. Тады мінскі Спаса-Узнясенскі манастыр разам са сваім iгуменам перайшоў у вунію.

На жаль, царква Узнясення (якую мiнчукi часцей называлi «Белай», а вулiца, што праходзiла побач, звалася Белацаркоўнай) не захавалася. Але ж манастырскi будынак збярогся — сёння гэта адзiн з карпусоў Міністэрства абароны Беларусі.

Самы схаваны

У 1799 годзе для нядаўна ўтворанай Мінскай праваслаўнай епархіі быў выкуплены пляц у раёне сучаснага Аляксандраўскага сквера. Тут цягам ХIХ стагоддзя з’явiўся цэлы ансамбль Архірэйскага падворку, пры якiм спачатку дзейнiчала напаўдраўляная Успенская царква, а з 1885 года — на месцы разабранай папярэдніцы — мураваная царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы, выкананая ў рэтраспектыўна-рускiм стылi.

Пасля рэвалюцыi будынкi былога Архірэйскага падворку на некаторы час занялi савецкiя ўрадавыя ўстановы, таму Свята-Пакроўскую царкву хутка закрылi, знялі з яе купалы. Неўзабаве бажнiцу літаральна ўмуравалi ў гмах Дома Чырвонай Арміі, спраектаваны славутым Iосiфам Лангбардам так, каб царкоўныя сцены i падмуркi захавалiся. Перш за ўсё, гэта значна паскарала будаўніцтва. Закладка першага каменя ДЧА адбылася ў лютым 1934 года, а ўжо ў лістападзе 1936-га на прыступках свайго архітэктурнага твору Лангбард прымаў у падзяку за працу патэфон з рук камандарма Цімашэнкi.

Падчас гiтлераўскай акупацыі ў левым крыле ДЧА (менавiта тым, якое вырасла над Пакроўскай царквой) немцы зрабілі публічны дом і салдацкі кінатэатр. А ў 1946-м тут адбыўся судовы працэс над нацыстамі, якiя лютавалi ў Мiнску… На жаль, cёння мала хто нават з карэнных жыхароў сталiцы здагадваецца, што, заходзячы ў Дом афіцэраў, мы ў пэўным сэнсе трапляем у храм.

Самы высокi

На пачатку ХХI стагоддзя на ўсходняй ускраіне Мiнска вырасла гiганцкая царква, асвячоная ў гонар Усіх Святых. Яна на 14 метраў вышэйшая за маскоўскi сабор Васіля Блажэннага, на 5 метраў — за сабор Парыжскай Божай Мацi i нават на 40 сантыметраў — за Нацыянальную бiблiятэку Беларусi, што стаiць непадалёк. Вышыня мiнскай бажнiцы разам з крыжом — 74 метры, i сёння гэта самы высокi храм у нашай краiне.

У крыпце Усіхсвяцкай царквы пахаваны рэшткi трох невядомых салдат, якія загінулі падчас Першай і Другой сусветных войн, а таксама ў вайну 1812 года (хоць гэта даволi спрэчны момант, бо беларусы тады ваявалi на абодвух баках). А ў снежнi 2016-га ў храме-помнiку заклалі капсулу з зямлёй, узятай з магілы паэта Максiма Багдановiча на ялцінскіх могілках. Хацелася б, каб гэта быў першы крок па стварэннi нацыянальнага мемарыялу цi пантэону вялiкiх беларусаў, пахаваных па-за межамi Айчыны. 

planetabelarus.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930