Знайсці
18.01.2017 / 20:3917РусŁacБел

Журналісты «НН» пабывалі ў таямнічай рэзідэнцыі пад Радашковічамі ФОТЫ

Са старонак беларускіх СМІ не сыходзіць тэма таямнічай сядзібы, якую журналісты знайшлі ў лесе пад Радашковічамі. Тэлеканал «Белсат» палічыў яе рэзідэнцыяй Лукашэнкі, партал Tut.by назваў вотчынай расійскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева.

Каб разабрацца ў сітуацыі, карэспандэнты «НН» з'ездзілі ў радашковіцкі лес і пастараліся знайсці адказы на некалькі галоўных пытанняў.

1. Што ўяўляе з сябе рэзідэнцыя?

Сядзібу «Краснасельскае», што месціцца за 40 кіламетраў ад Мінска на беразе ракі Удра, хавае ад вачэй балоцісты лес. Ля павароту на «Краснасельскае» стаіць знак «Уезд забаронены». Адсюль да плота, што агароджвае тэрыторыю 11 гектараў, яшчэ з кіламетр.

Ля самых варот стаіць ахова з сабакам, уздоўж агароджы — камеры відэаназірання. Ніякага будаўнічага пашпарту аб’екта тут, вядома, няма.

Карэспандэнты «НН» зайшлі за плот, але далей іх не пусцілі: маўляў, «прыватная тэрыторыя».

Дырэктар сядзібы Андрэй Анатольевіч, як да яго звярнуўся калега, сказаў «НН», што будаўнічыя работы працягваюцца. Паводле яго слоў, у рэпартажы «Белсата» праўды — 10%. Маўляў, ніякага Беразоўскага тут ніколі не было.

Па інфармацыі Tut.by, на беразе возера пабудаваныя трохпавярховы гатэль і тры жылыя дамы. «Там ёсць басейн, лазні, тэнісныя корты, корпус для прыслугі, верталётная пляцоўка», — удакладняе «Белсат».

2. Каму належыць сядзіба?

Замежнікі не могуць валодаць зямлёй, таму яе бяруць у арэнду. Дамова паміж Рэспублікай Беларусь і замежным будаўнічым унітарным прадпрыемствам «СертусАвія» была заключаная ў чэрвені 2012 года тэрмінам на 100 гадоў.

Што такое «СертусАвія»? Актыўнасць гэтай кампаніі ў Беларусі была звязаная з будаўніцтвам ангара ў аэрапорце «Мінск-2». Крыніцы Tut.by паведамляюць, што яна звязаная з асобай расійскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева.

Гэта мільярдэр, які сябруе з Аляксандрам Лукашэнкам. Яму належаць мінскі гатэль «Рэнесанс», кампаніі «Слаўкалій» і «Слаўнафта».

Мясцовыя чыноўнікі ў якасці кантактнай асобы «СертусАвія» называюць Сяргея Фёдаравіча Лапцёнка, поўнага цёзку топ-менеджара «Слаўнафтахіма».

А вось будынкі на тэрыторыі рэзідэнцыі належаць кіпрскай афшорнай кампаніі. «Блатберг Холдынгс Лімітэд» з Нікасіі выкупіла яе ў 2012 годзе. Прычым прадаўцамі былі разам «СертусАвія» і «Дыпсервіс».

«Дыпсервіс» — арганізацыя, у абавязкі якой уваходзіць забеспячэнне дзейнасці найвышэйшых службовых асобаў, у тым ліку прэзідэнта. Большасць рэзідэнцый Аляксандра Лукашэнкі належыць менавіта «Дыпсервісу». Кампанія ўгоду не каментуе.

3. Пры чым тут Лукашэнка?

Мясцовыя жыхары расказваюць, што ў сядзібу часцяком наведваюцца расіяне, а часам адпачывае і Аляксандр Лукашэнка. Напрыклад, прыязджаў у мінулую суботу, 14 студзеня. У той жа дзень, кажуць, паехаў назад. Усё сыходзіцца — у нядзелю Лукашэнка паляцеў у Егіпет.

 «У гэтую суботу прыязджаў. Усё ачапілі, на дарогу не выйсці, толькі ў двор, — кажа вясковец у суседнім Даўбораве. — Бывае тут перыядычна, прыязджае раз на месяц».

Нібыта Лукашэнка сустракаў тут Новы год — мясцовыя запомнілі шыкоўны феерверк.

Мясцовыя сядзібай цікавяцца, часам выпраўляюцца на шпацыр паглядзець, што там адбываецца.

Жыхароў у наваколлі мала, пераважна адны дачнікі, якія зімой тут не бываюць. Найбліжэйшае больш-менш ажыўленае мястэчка — Шаршуны, што за сем кіламетраў ад «Краснасельскага». Шаршуноўцы таксама не раз бачылі картэж кіраўніка краіны, які накіроўваўся ў бок «Краснасельскага».

«Вельмі няправільна, што адгарадзілі ўсіх людзей і не далі магчымасці пайсці пакупацца і адпачыць, чыста па-чалавечы», — сказаў адзін з жыхароў мястэчка «Белсату».

4. Што ад гэтага мае Беларусь?

Агульная сума, за якую кіпрыёты і расейцы набылі сядзібу, невядомая. Але адна толькі драўляная лазня плошчай менш за 50 м2 каштавала $1,04 мільёна.

Што да арэнды зямлі, то бюджэт атрымлівае сімвалічную плату. Штомесяц «СертусАвія» плаціць за арандаваныя гектары… 131,6 рубля, гэта каля $67,5 у эквіваленце. 

Варта згадаць яшчэ некалькі працоўных месцаў, у сядзібе пераважна працуюць мясцовыя жыхары.

5. І пры чым тут Беразоўскі?

Мясцовыя жыхары расказваюць, што, раней на месцы сядзібы «Краснасельскае» быў санаторый, які належыў таварыству паляўнічых. Тады ж і стварылі вадасховішча, якое дазвалялі наведваць мясцовым жыхарам. Напрыканцы 90-х санаторый збанкрутаваў, і тэрыторыя адышла ва ўласнасць дзяржавы.

Пасля нібыта з’явіўся інвестар — Барыс Беразоўскі. Жыхары бліжэйшых вёсак упэўненыя, што раней расійскі бізнэсмен хаваўся ў сядзібе.

У 2013 годзе часопіс Forbes пісаў, што ў Беларусі Барыса Беразоўскага з самалёта «сустракала машына з «мігцелкай», і ў суправаджэнні аховы ён ехаў у рэзідэнцыю ў Радашковічах пад Мінскам». «Ён там пабудаваў сабе вёску і кайфаваў. Бярозы, рускія жанчыны, свежае марозіва па 20 капеек, чорны хлеб. Ён адчуваў сябе на радзіме», — распавядаў часопісу сябар Беразоўскага.

Настасся Роўда, Ягор Марціновіч, фоты: Сяргей Гудзілін

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера