Знайсці
19.01.2017 / 14:19131РусŁacБел

БРСМ вызначыў, хто паедзе на «Еўрабачанне» ад Беларусі?

20 студзеня пройдзе фінал нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне». Сёлета пераможцы паедуць прадстаўляць Беларусь у сталіцу Украіны — Кіеў.

Фіналісты нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне-2017».

Як і кожны год, вакол беларускага фіналу ствараецца шмат інтрыг. Летась Беларусь прадстаўляў Ivan — пратэжэ расійскага кампазітара Віктара Дробыша. Тады ў «народным галасаванні» ён нібыта атрымаў больш за 23 тысячы галасоў.

Трэба адзначыць, што на другім месцы тады ў спісе быў гурт Napoli. Пасля паразы прадзюсар гурта заявіў у сваім фэйсбуку, што галасы, адданыя за іх гурт, былі набытымі: «Вельмі здзіўлюся, калі хто-небудзь з вас верыць, што за малавядомага Сашу Іванова (сапраўднае імя Ivan'a) беларусы адправілі 23 167 званкоў і смс-ак. Такіх лічбаў не было ў адборах, напэўна, ні ў каго. Сапраўды гэтак жа, як і тое, што за Napoli на ўласным энтузіязме людзі адправілі 22 399 галасоў».

Цікавым фактам з’яўлялася яшчэ і тое, што незадоўга да фіналу нацыянальнага адбору Аляксандр Лукашэнка ўручыў Віктару Дробышу ордэн Францыска Скарыны. Ці не была перамога Аляксандра Іванова абумоўленая падтрымкай дзяржавы?

Гэты факт можна пацвердзіць у выпадку, калі сёлета пераможа той, каго падтрымаюць дзяржаўныя структуры. Вось, напрыклад, допіс, які БРСМ публікуе на сваёй старонцы ў сацсетках:

«Нашы сябры і партнёры гурт «PROвокация» пазмагаюцца за права прадстаўляць нашу краіну на конкурсе «Еўрабачанне-2017» у Кіеве! Зычым Марку і Арцёму ўдачы! Падтрымаем таленавітых хлопцаў на фінале Еўрафэсту! Галасуем за №13!!!», — гаворыцца ў паведамленні. Чым менш застаецца часу да фіналу нацыянальнага адбору, тым больш у суполцы БРСМ з’яўлецца допісаў пра гурт «PROвокація». Вось песня, з якой яны хочуць перамагчы на «Еўрабачанні»:

Фота з афіцыйнай суполкі гурта.

Але сёлета вызначаць пераможцу будуць не толькі гледачы, бо 50% галасоў належаць журы. Таму нават пры вялікай падтрымцы аднаго гурту, ёсць імавернасць перамогі іншага выканаўцы. Пра гэтыя і іншыя аспекты нацыянальнага фіналу мы пагутарылі з Сяргеем Андрыянавым, які ў свой час займаўся піярам Тэа і Алены Ланской, а сёлета быў сябрам журы адборачнага этапу фіналу нацыянальнага адбору.

Фота: Дар'я Буракіна

НН:Сяргей, ты сябра журы, хто твой фаварыт у гэтым годзе?

Сяргей Андрыянаў: Я ад самага пачатку сачыў за выканаўцамі, чытаў іх інтэрв’ю, слухаў аранжыроўкі і сачыў за іх піяр-кампаніямі. І мой фаварыт, якому я аддаў 12 балаў — гурт Nuteki. Акрамя таго, гурт з Бабруйска, а гэты горад святкуе 630-годдзе і ў 2017-м з’яўляецца культурнай сталіцай. Таму будзе цудоўна, калі ў наступным годзе «Еўрабачанне» пройдзе ў Бабруйску.

Песня, з якой Nuteki хочуць выступіць на «Еўрабачанні».

Гурт мае беларускамоўную версію гэтай песні. У фінале яны абяцалі праспяваць апошні куплет на роднай мове:

СА: У іх ёсць відэакліп, у іх ёсць добрая аранжыроўка, яны маюць шмат фанатаў у Беларусі і за іх межамі, і яны маюць нават беларускамоўную версію сваёй песні. Гэта іх чацвёртая спроба, але мне падаецца, што гурт заслугоўвае сёлета паехаць у Кіеў.

Гурт Nuteki.

Безумоўна, я не бачу пакуль ні касцюмаў, ні фінальных выступаў, таму арыентуюся толькі на тое, што ёсць цяпер. Ну другім месцы ў маім топе — Мікіта Ходас, на трэцім — Уладзіслаў Курасаў.

Песня Мікіты Ходаса ў фінале нацыянальнага адбору.

Фота Мікіты Ходаса з сацсетак.

Песня Уладзіслава Курасава ў фінале нацыянальнага адбору.

Уладзімір Курасаў — украінскі выканаўца беларускага паходжання (нарадзіўся ў Брэсце), фіналіст шоў «Х-Фактар-2». Фота wikipedia.org

НН: А што вядома пра гурт «PROвокация»? БРСМ сапраўды актыўна іх падтрымлівае?

СА: Я ведаў, што за гэтым гуртом стаіць падтрымка БРСМ. Іх прадзюсар — Анатоль Чэпікаў, ён жа дырэктар радыёстанцыі «Пілот-FM», а наколькі мы ведаем, у гэтай радыёстанцыі ёсць падтрымка БРСМ. Таму я нават не выключаю, што на першым месцы па глядацкім галасаванні будзе менавіта гурт «PROвокация». Я быў бы не супраць, калі б у іх была добрая кампазіцыя і добрая падрыхтоўка да такога сур’ёзнага конкурсу.

НН: А што тычыцца гурту «Napoli», якія адзначыліся ў мінулым годзе сваім накручваннем галасоў, але спрабуюць зноў удзельнічаць у конкурсе?

СА: Гэта адна з прычын, чаму я не бачу гурт «Napoli» у фінале. Увогуле, на маю думку, кампазіцыя заўсёды сама за сябе гаворыць. Многія выканаўцы, якія хочуць выступіць на «Еўрабачанні», не да канца разумеюць, чаму яны туды хочуць. А для таго, каб быць адназначным пераможцам, павінна быць харызма, энергетыка, гісторыя, густ і яшчэ шмат рэчаў. Але з улікам леташняй сітуацыі я не выключаю, што «Napoli» могуць быць у лідарах — па тым жа прынцыпе, што і «PROвокация».

Песня гурту «Napoli», з якой яны хочуць паехаць на «Еўрабачанне».

Вольга Шыманская, якая будзе прадстаўляць «Napoli» у фінале нацыянальнага адбору. Фота з Укантакце.

CА: А зразумець усё гэта проста, бо калі паглядзець апошнія адборы, то чалавек, які займае другое-трэцяе месца «без накрутак», мае 4 тысячы галасоў, максімум 5. А калі разрыў у 3-4 разы, то, мне падаецца, усё зразумела. Таму мне б хацелася, каб сёлета прайшло ўсё сумленна. Тое, што журы паставіць справядлівыя адзнакі — я ў гэтым не сумняюся. Таму я зычу ўсім 13 выканаўцам, каб яны даказалі, што не проста так яны ў фінале нацыянальнага адбору на Еўрабачанне».

Але вакол гурту «Nuteki» сёлета склалася дзіўная сітуацыя. Кіраўнік «Арт-сядзібы» Павел Белавус выклаў скрыншот, дзе невядомы чалавек прапанаваў прагаласаваць за гурт «Nuteki», бо сам Павел знаходзіўся ў афіцыйнай суполцы гурту. Пры гэтым краіну гурта прадставілі «Белоруссіей». Павел абурыўся і напісаў адказ:

Пры гэтым ён папрасіў гурт навучыць фанатаў правільна прамаўляць назву краіны. Юрый Барбук, менеджар «Nuteki», выбачыўся за такі інцыдэнт і на заяву пра пакупку ботаў, якія агітуюць за гурт, запэўніў, што яны не выдаткоўвалі грошай на гэта.

Безумоўна, што ў такім піяры няма нічога нелегальнага. І сапраўды, гурты «Nuteki» і «Napoli» больш вядомыя ў Беларусі, чым, напрыклад, гурт «PROвокація». Больш дзіўна будзе выглядаць, калі за невядомы краіне гурт прагаласуюць дзясяткі тысяч чалавек.

Таксама сярод фіналістаў, якія гучаць у СМІ і інтэрнэце — гурт Navi, які другі раз спрабуе перамагчы ў нацыянальным адборы. Як і летась, яны выступаюць з беларускамоўнай песняй:

Гурт, безумоўна, займеў вялікую падтрымку сярод беларускамоўных. Па словах гурту, калі сёлета яны не здабудуць перамогу, імаверней, што гэта будзе іх апошняя спроба ўдзелу у конкурсе.

Фота з сацсетак.

Мікіта Недаверкаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера