Знайсці
19.12.2016 / 09:441РусŁacБел

Уладзімір Скрабатун: Ці ў Мёрах куры здохлі?

Мая дачка, якая перыядычна, наведвае рынак у Мёрах, перманентна назірае адну і тую ж карціну. Вялікія чэргі па яйкі! І гэта не распродажы са зніжкамі напярэдадні Калядаў, ці Новага года, так — кожны нядзельны рынкавы дзень. Стаяць да перамогі — пакуль яйкі не скончацца!

Людзі задоўга да прыезду бусіка з яйкамі займаюць чаргу — за 1-1,5 гадзіны. Стаяць не толькі пенсіянеры, але і маладзейшыя з дзецьмі. Не важна якое надвор’е — ці зімовая сцюжа, ці ліпеньская спёка.

Прыязджае бусік з яйкамі і пачынаецца гармідар, накшталт — «вас тут не стаяла!». Нарэшце, чарга супакоілася і ўсе высветлілі — хто і за кім займаў чаргу.

— А яйкі чые? — пытаю. — Глыбоцкія? То няхай стаяць!

— Не! Каб жа глыбоцкія, бацька! Полацкія! Табе, бацька, і не снілася — нават, нашыя ўласныя куры такіх яек не нясуць! Там — яйкі, дык яйкі! Не «галубіныя», як у нас! Нашых два-тры такіх трэба скласці!

— А што ў мёрскіх крамах яек няма?

— Ёсць, але «галубіныя» і 21 тысяча («старымі») за дзясятак! А тут — 18 тысяч і за «страўсіныя». Меншыя, але, усё ж, большыя за «галубіныя», у іх — 14 тысяч за дзясятак.

— Рэальная эканомія 30 капеек з дзясятка! Ладна, з пенсіянерамі ўсё зразумела! Яны прызвычаіліся эканоміць! Але ж там у чарзе і маладзейшыя! Яшчэ не вядома, ці ёсць у гэтым выгода, бо адстаяўшы на марозе больш за дзве гадзіны, ці пакрые потым розніца ў коштах выдаткі на лекі? У людзей, перадусім, няма грошай!

— Цікава, хто «нясе» такія яйкі?

— Прыватнікі пад Полацкам трымаюць «курыную ферму».

Праўдападобна, паспяховая ферма, бо прыязджаюць на рынак не на ржавым жаляззі, як дзяржаўныя птушкафабрыкі з іх непамернымі даўгамі і затрымкамі заробкаў. У іх бусік — наўё. І мухі на ім не тапталіся!

Дарэчы, на рынках Беларусі яйкамі вольна можа гандляваць толькі сам іх вытворца. Таму і цэны ніжэйшыя, бо няма пасярэднікаў. Ну, і якая гаспадарка больш эфектыўная: прыватная, ці дзяржаўная з яе датацыямі? Глыбоцкая птушкафабрыка, напрыклад.

Што Глыбокае, што Полацк — клімат аднолькавы, а яйкі розныя!

Уладзімір Скрабатун

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930