Знайсці
12.12.2016 / 17:0792РусŁacБел

«Прачытала навіну пра знос БелЭКСПА ля Свіслачы, і такая злосць заняла, што не магу маўчаць»

Wikimedia Commons

Прачытала навіну пра меркаваны знос БелЭКСПА ля Свіслачы, і такая злосць заняла, што не магу маўчаць.

Яны хочуць пабудаваць чарговы гатэль у горадзе, дзе гатэлі перманентна напаўпустыя — бо таму ж еўрапейцу, каб атрымаць беларускую візу, трэба прайсці дзевяць колаў пекла.

Яны хочуць пабудаваць чарговы гандлёвы цэнтр у горадзе, дзе ён нікому не патрэбны — бо тыя, што ёсць, маюць аднолькавы набор цьмяных брэндаў з цэнамі ад самалёта, а частка павільёнаў вечна свеціць пусткамі і аб’явамі «здаецца» (бо кошт арэнды ў гэтых ГЦ таксама ад самалёта).

Яны кідаюцца гучнымі словамі «замежныя інвестыцыі», хоць маўклівыя помнікі гэтым інвестыцыям муляюць вока ледзь не ў кожным раёне Мінска. «Замарожаная» газпромаўская руіна на месцы Маскоўскага вакзала. Закінуты Чэрвеньскі рынак, дзе іранцы так і не пачалі будаваць свой «шматфункцыянальны комплекс». Гмах гатэля Hyatt на Старавіленскай. НедаКемпінскі ля цырка, дзеля якога зруйнавалі першую электрастанцыю.

І вось цяпер нас чакае яшчэ адзін арабскі «комплекс» у самым цэнтры сталіцы. Не ведаю, ці было ў гэтага праекта грамадскае абмеркаванне — найхутчэй, не, бо план трымаецца ў жэстачайшай камерцыйнай таямніцы. Што будзе з самым зручным месцам для правядзення міжнародных выстаў у горадзе — дакладнай інфармацыі таксама знайсці не ўдалося.

Дык вось, пытанне да чыноўнікаў, якія ўзгадняюць усе гэтыя рашэнні. Колькі яшчэ гэта будзе працягвацца? Колькі можна пляваць мінчукам у твар, распрадаючы тое, што вам не належыць? Чаму ў Нью-Ёрку лічаць кожнае дрэва, чаму ў шматлікіх еўрапейскіх гарадах будоўля ў гістарычным цэнтры альбо забароненая, альбо праходзіць некалькі стадый размаітых абмеркаванняў і ўзгадненняў? І чаму ў нас можна спакойна зруйнаваць будынкі, якія маюць гістарычную каштоўнасць, дзеля чарговага гатэля, ГЦ альбо развязкі (не забываемся пра Асмалоўку і праект БПЦ)? І потым здзіўляцца яшчэ, што да нас не едуць турысты. А на што ім глядзець — на ГЦ і гатэлі? Ці на расцяжку «Квітней, Беларусь!» на плоце вакол чарговага даўгабуду?..

Бо так абыходзіцца з Мінскам можа толькі той, хто яго зусім, зусім не адчувае. Хто не падстаўляў твар апошнім прамяням сонца ў парку Горкага на набярэжнай Свіслачы. Хто марозным ранкам, атрымаўшы доўгачаканую стыпендыю, не бег на кніжную выставу за новым томам упадабанай сагі. Хто не ведае, што такое «ванільны вецер» на Ракаўскай, калі водар свежых булачак ад хлебазавода змешваецца з ап’яняючым вясновым паветрам. Хто не губляўся ў вулачках за Оперным падчас доўгіх шпацыраў з каханым чалавекам. Хто калісьці прыехаў у сталіцу — і, замест таго, каб палюбіць яе, помсціць ёй… за што? За сваё нешчаслівае дзяцінства?..

Пачварная гаргара закрыла сабой сонца ў парку. Адчуванне такое, што над Горадам Сонца яно хутка зойдзе канчаткова…

Юлія, Мінск

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930