Знайсці
09.12.2016 / 23:0051РусŁacБел

Стась Карпаў: Займальная беларусафобія

Не ведаю, як вы, а я пражыў трыццаць тры гады ў свеце, дзе сустракаюцца людзі. Людзі бываюць самыя разнастайныя. Злосныя, агрэсіўныя, непісьменныя, добрыя, адукаваныя, спакойныя і г.д. Уласцівасці бессістэмна змешваюцца: злосныя і спакойныя; агрэсіўныя, але добрыя; добрыя і непісьменныя; кепскія і вельмі адукаваныя. Розныя, як я і кажу.

Недзе гадоў у дваццаць бессістэмнасць і рознасць канчаткова перастала мяне здзіўляць, хаця, прызнаюся, калі б перастала ў дзесяць — было б лепей мне.

Не здзіўляючыся, такім чынам, рознасці — ты набываеш некаторае разуменне таго, на што маюць права розныя людзі і на што ты маеш права сам. Напрыклад, у адрыве ад сваіх асабістых чаканняў, якія не варта блытаць з правамі, ты мусіш прызнаць, што чалавеку дазваляецца быць кепскім. І нават вельмі кепскім. І нават, калі сперматазоід выцягнуў кароткую запалку і ўласцівасці змяшаліся зусім бязрадасна, — кепскім, злобным і непісьменным. Такіх людзей называюць мудакамі. Мудак — гэта чалавечае асарці з розных гатункаў гаўна. і ўся карыснасць такога азначэння ў тым, што яно — неаб’ектыўнае.

Неаб’ектыўнасць, сябры, гэта тое самае святое, што ёсць у чалавечым грамадстве, бо дазваляе яму быць гнуткім у сваіх рэакцыях і тое, што дазваляе грамадству, калі яно ёсць, адстойваць свае інтарэсы. Небесстароннасць? Небесстароннасць! Гатэнтоцкая мараль? У пэўным сэнсе. Двайныя стандарты? Канечне. Я вельмі люблю двайныя стандарты, і вы іх таксама любіце. Нам усім падабаецца, калі ў фільме станоўчы персанаж дае ў збан кепскаму, і не падабаецца, калі наадварот. Але закон не можа займаць нішу грамадскага меркавання, ён імкнецца да аб’ектыўнасці, і за дачу ў збан будзе пакараны не добры, а няправы па законе. Закон, разумееце, не ведае, хто такі мудак. У закона няма інструментарыя і органа, каб гэта зразумець, таму першы мой тэзіс у тым, што, заклікаючы да пасадкі за абстрактную, але наяўную з пункту гледжання грамадства беларусафобію (дакладней — «беларусэксозію») вы вучыце закон саджаць і за «русафобію», якую кожны разумее ў залежнасці ад ступені русафіліі. Вы не зможаце даказаць суддзі, які захоча даць тэрмін умоўнаму Пальчысу — у чым розніца паміж ім і «Алай Бронь», хаця і я разумею, і вы разумееце. Вось так. Мы з вамі — зразумеем, а суд — не. Асабліва, калі будзе хацець не разумець. Яшчэ раз: вы не дакажаце.

З іншага боку, у нас ёсць цэлы пласт атрафіраваных за стагоддзі саўка і расійскага прыгону грамадскіх форм рэакцыі на мудака. Ніхто, па-мойму, не заклікаў саджаць Герашчэню за тое, што ён — асарці. Але, тым не меней, сказаць, што ён не адчуў цяжар свайго прафайла ў фэйсбучыку — немагчыма.

Нельга жыць у дыхатаміі маўклівага нервавання і выкліку мянтоў. Пакуль вы маўкліва нервуецеся, ваша дзейнасць за межамі разбурэння сваіх нервовых клетак роўная нулю. Калі пачынаюцца мянты — ваша дзейнасць заканчваецца і заканчваецца ваша «гнуткая рэакцыя» двайнога стандарту, дзе «ў Беларусі не любіць Расію ці ЗША — можна, а Беларусь — нельга. Менавіта таму мне страшэнна не падабаецца гэты паблажлівы дыскурс на асуджэнне «беларускамоўнага талібану», бо альтэрнатыва яму — гэта аўтазак святых братоў міліцыі. А я хачу жыць у краіне аднадумцаў. У краіне, дзе нікому не трэба тлумачыць, што сумневы ў праве беларусаў на дзяржаўнасць — гэта прыкмета мудака не таму, што за гэта саджаюць, як не трэба тлумачыць, што красці кепска — таксама не таму, што за гэта саджаюць.

Міліцыя нам не дапаможа стварыць такую краіну, бо яна — гэта ў лепшым выпадку — закон, хаця і тут, як мы разумеем, ёсць з чым паспрачацца. 

Такім чынам, другі мой тэзіс у тым, што калі міліцыя замяняе сабой грамадскае меркаванне — у нас не фарміруецца ніякага грамадскага меркавання, а фарміруецца бяскрайняя міліцыя.

Дык што ж, скажа дарагі чытач, пракляты Карпаў прапануе нікога не саджаць ні за што? Мы будзем кожнага цяпер проста «грамадою асуджаць»?

Канечне, не, дарагі чытач, адкажа яму пракляты Карпаў. Тут розніца заключана ў межах тэзісу Вальтэра, які быў гатовы памерці за права апанента выказваць меркаванне, з якім ты не згодны, і Оліверам Холмсам, які сцвярджаў, што закон аб свабодзе слова не абараняе таго, хто крычыць «пажар» у запоўненым кінатэатры.

Паўлаўца і Алімкіна абвінавачваюць у распальванні міжнацыянальнай варожасці па артыкуле 130 КК РБ. Скажу зараз крамольнае, але яны, з майго пункту гледжання, як бы не распальваюць варожасць па нацыянальнай прыкмеце. Яны сцвярджаюць, што у мяне гэтай самай прыкметы няма. Юрачка ды Алачка упэўнены, што і я, і яны — «нармальныя» «рускія» людзі, проста яны пра гэта ведаюць, а я — не. Зразумела, калі нехта расказвае мне, што мяне няма, а я такіх людзей сустракаў, — я іх адношу да катэгорыі альбо цяжка хворых, альбо да мудакоў. Але гэта я, і я магу памыляцца.

Дапусцім, іх тэксты ўтрымліваюць распальванне і заклікі да ліквідацыі маёй краіны. У такім выпадку я б хацеў бачыць зусім іншыя дзеянні праваахоўных органаў. Я б хацеў, каб людзей выклікалі позвай у суд, і пасля я б хацеў убачыць публічны працэс, дзе ўвесь свет назіраў бы за тым, як па волі беларускага народа тыя, хто заклікаюць да ліквідацыі гэтага самага народа, паўсталі б перад судом. Каб былі запрошаныя эксперты. Каб эксперты далі свой экспертны аналіз, і беларускі народ са светам убачылі б, як выглядае гэты самы заклік, за які можна атрымаць ад штрафу да пятнашачкі. Каб беларускі народ, у выніку асуджэння распальвальнікаў, пераканаўся б, што выкананая народная воля і што народ не падвяргае сумневу сваё права на самастойнасць. Я б хацеў, каб гэта узнёсла скрозь слёзы каментавалі Давыдзька і Якубовіч. Каб патрасаў сваім вялікім кулаком Вадзім Гігін. Каб рускі свет пераканаўся, што, акрамя Юры ды Алы, прытуліцца яму тут няма да каго, нават калі гэта і не так. І каб Гігін з Давыдзькам перасталі адчуваць узаемнае прыцягненне.

Так. Мне не падабаецца гэтая адвечная прага нашых органаў прыехаць ноччу і выкруціць вінцік, які органу падаўся дастаткова шкодным, бо я лічу, што галоснасць дае куды больш карысці і больш прасторы для манеўру. І таму ж я лічу, што да вынясення прысуду не трэба Юру з Алай заключаць пад варту. Дзіўна будзе, калі яны адседзяць паўгода, а и іх віну ацэняць у чатыры базавыя, як у выпадку з гомельскім змагаром з белмоваю.

Пад вартай трэба трымаць людзей, якія з ножыкам на бліжняга кідаюцца, а не гэтыя бессэнсоўныя прадажныя ананімныя арганізмы. Падпіска аб нявыездзе і распачынанне крымінальнай справы — вось, што павінен зрабіць наш самы гуманны суд у свеце.

— А калі яны ўцякуць? Уцякуць у Расію?! — усклікне чытач.

— Ну і добра, — адкажу я чытачу.

Калі яны ўцякуць — нам не трэба будзе, па-першае, іх карміць у выпадку назначэння тэрміну зняволення. У Беларусі, па-другое, стане на двух мудакоў меней, бо два мудакі гарантавана атрымаюць за свае ўцёкі рашэнне аб зняволенні і, самае галоўнае, грамадзянская супольнасць ўнутры сябе атрымае магчымасць задаць простае пытанне: а чаму людзі, якія нашым справядлівым судом былі названыя ненавіснікамі Беларусі і беларусаў, знаходзяць свой прытулак менавіта ў Расіі? Чаму ім там рады? Па-мойму, гэта добрае пытанне, але адказ мы адкладзём «на пасля». А цяпер я проста крыху здзіўлены. Здзіўлены найперш нашаму несупадзенню. Я, напрыклад, разумею радасць тых, хто ўхваліў зняволенне нашых недарагіх публіцыстаў. І не маю ніякіх крыўдных эпітэтаў на адрас тых, хто радуецца, бо мне зразумелая і не надта чужая іх суб’ектыўнасць, але крыху дзіўна з якой радасцю «умоўна задаволеныя» ствараюць спісы ворагаў народа, пералічваючы «умоўна незадаволеных». Тым болей, што радасць я разумею, але прычын для радасці па цвярозым разважанні не бачу, бо сабака віхляе хвастом.

«Таемная пасадка» ва ўмовах вельмі спецыфічнага яе асвятлення ў беларускай жа прэсе стварае займальную сітуацыю, у якой усе зацікаўленыя бакі атрымалі магчымасць для захавання сваёй карціны свету, ад чаго для нашай дзяржавы болей карысці, чым страт.

Беларускія аматары рускага міру цяпер дзесяць разоў падумаюць, ці варта за 80 баксаў рызыкаваць свабодай, што для дзяржавы — плюс.

Рэдактары рэгнумаў канчаткова пераканаюцца ў наяўнасці ў Беларусі «ўкраінскага» сцэнарыя і змогуць нарэшце змяніць пласцінку, знайшоўшы новага ворага, і гэта для іх безумоўны плюс.

Але Расіі афіцыйна (пасля таго як «вязняў» патрымаюць і выпусцяць) усё будзе прадстаўлена як абсалютная бесстароннасць нашай улады. І тут, канечне, узгадаюць Джона Сільвера, які, бясспрэчна, класны пацан, але як па мне — калоўся, еў кактус і радаваўся, што не адзін. І гэта для дзяржавы — цвёрды плюс.

Да таго ж нацыяналісты палічылі, што, нарэшце, органы заняліся абаронай нацыянальных інтарэсаў і палагоднелі, што для дзяржавы тоўсты плюс. А ўсе астатнія пра гэтыя жарсці нічога нават не пачуюць, працягваючы лічыць, што жывуць на выспе стабільнасці, бо па БТ ім ніхто нічога не раскажа — «астатнім» ведаць не абавязкова, яны ўладзе патрэбныя вось гэткімі.

Так што вось, дарагі чытач, стаю я перад табой быццам голенькі і прымаю за сваё прыватнае меркаванне любы твой грамадскі прысуд, ажно да звання мудака, калі на тое воля твая. Адзінае, пагадзіся, я не распальваю. Я люблю Беларусь як умею. 

Стась Карпаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930