Знайсці
07.12.2016 / 21:525РусŁacБел

БНК прапанаваў стварыць агульнанацыянальны аргкамітэт для святкавання Дня Волі ў 2017 годзе

Рада апазіцыйнага Беларускага нацыянальнага кангрэса (БНК) на пасяджэнні 7 снежня ініцыяваў стварэнне агульнанацыянальнага аргкамітэта «для годнага святкавання» Дня Волі 25 сакавіка ў 2017 годзе. Пра гэта паведаміў сябра рады кангрэса, экс-палітвязень Мікалай Статкевіч.

«Мы абмеркавалі працяг грамадска-палітычнай кампаніі «Улада — народу» ў 2017 годзе. Геапалітычная і сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца, несучы пагрозы для дзяржавы і правоў грамадзян. Таму мы прынялі рашэнне, што святкаванне наступнага Дня Волі мусіць прайсці годна, у цэнтры сталіцы, каб прадэманстраваць волю і рашучасць патрыятычна настроеных грамадзян змагацца за сваю краіну, за свае правы», — сказаў ён.

БНК мае намер звярнуцца да розных арганізацый і партый узяць удзел у працы аргкамітэта. «Мы не збіраемся прыватызаваць свята. Але лічым, што ў сённяшніх умовах усё-такі святкаванне павінна паказваць нашу волю і рашучасць абараняць Беларусь. Таму акцыя павінна прайсці годна, у цэнтры Мінска, а не ў месцах для выгулу сабак», — мяркуе Статкевіч.

«Мы гатовыя на роўных супрацоўнічаць з усімі, але пры выкананні гэтых умоў святкавання Дня Волі. Будзем настойваць на правядзенні акцыі менавіта ў такім фармаце, таму што ў сённяшніх пагрозах нельга святкаваць хаваючыся па кутах», — дадаў ён.

Нагадаем, БНК створаны па ініцыятыве групы вядомых грамадскіх дзеячаў Беларусі ў мэтах кансалідацыі апазіцыі. У яго аргкамітэт увайшлі палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Станіслаў Шушкевіч, Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч, Міхаіл Пастухоў. У цяперашні час кангрэс дзейнічае ў форме рады, першае пасяджэнне якога прайшло 28 мая.

Дзень Волі — гадавіна абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) — традыцыйна адзначаецца дэмакратычнай грамадскасцю Беларусі, у тым ліку на вулічнай акцыі ў Мінску.

БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера