Знайсці
07.12.2016 / 11:3425РусŁacБел

Асобы года 2016: Сінюк, Дашкевіч, Кіслы, Давыдзька…

2016 атрымаўся багаты на падзеі і асобы. «Наша Ніва» ўзгадвае найбольш яркія моманты года ў традыцыйнай падборцы.

Чалавекам 2016 года «Наша Ніва» назвала Кацярыну Сінюк — стваральніцу інтэрнэт-партала Imenamag, на якім збіраюць грошы для людзей у патрэбе, інвалідаў, дзяцей-сірот.

Кацярына і яе партал раскрылі каласальны патэнцыял салідарнасці і спагады ў беларускім грамадстве.

Дзякуючы ёй — і яе ўменню выкарыстоўваць новыя камп’ютарныя тэхналогіі — дзясяткі тысяч людзей пабачылі, як шмат вакол ДОБРЫХ ЛЮДЗЕЙ. Яна паказала, што быць добрым — па-ранейшаму прэстыжна. Дапамагаць слабым — модна. А ўдалося ёй тое зрабіць, бо яна прапанавала людзям спосаб, як ЛЁГКА І ХУТКА дапамагчы.

Але ў выпадку Сінюк важна і іншае. Яна не проста дапамагае канкрэтным людзям. Яна дапамагае тым, хто, у сваю чаргу, дапамагае пасля дзясяткам іншых. Напрыклад, яна сабрала грошай для інваліда, які навучае іншых інвалідаў працаваць на камп’ютары — і не проста працаваць, а зарабляць на камп’ютары.

Сінюк таксама паказвае, як многа могуць зрабіць людзі без дапамогі дзяржавы, самі, для сябе і для іншых.

«Імёны» бачаць сябе паўнавартасным грамадскім СМІ. Камандзе ўдалося сабраць больш за 40 тысяч рублёў на паўгадавую дзейнасць рэдакцыі і больш за 128 тысяч рублёў — на дапамогу 11 праектам.

Напрыклад, нядаўна часопіс паказаў дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця мінскага дома-інтэрната.

Праз няправільнае харчаванне яны важылі ненатуральна мала: 13-гадовы Вадзім — 13,8 кілаграма, 19-гадовы Мікіта — 13,8 кілаграма, 27-гадовы Арцём — 17,5 кілаграма. Прыкладна 50 дзяцей інтэрната мелі патрэбу ў спецыяльным энтэральным харчаванні, дзякуючы якому яны б маглі набраць вагу. «Імёны» актывізавалі збор сродкаў і патрэбную суму, 62 960 рублёў, сабралі ў рэкордна кароткія тэрміны. 

Часопіс бярэцца за самыя розныя сацыяльныя праблемы, вось толькі некаторыя загалоўкі: «18 гадоў на заводзе, заробак — 62 рублі. Гісторыя невідушчага мужчыны, які нясе людзям святло»«Тайнае жыццё Анісы. Як супрацоўніца банка з Мінска лечыць бяздомных жывёл на закінутым заводзе», «Як хлопец з паралізаванымі рукамі і нагамі зарабляе на жыццё»

Героямі матэрыялаў часопіса становяцца людзі з няпростымі лёсамі, якія не здаюцца і кожны дзень змагаюцца за сваё шчасце. Імі можна натхняцца, у іх можна вучыцца мужнасці і чалавечнасці.

Чытайце таксама: Пасля артыкула «Імён» пра стан дзяцей у інтэрнатах пракуратура пачала праверку, а людзі сабралі $35 тысяч

Гутарку з Кацярынай Сінюк чытайце ў папяровай газеце «Наша Ніва».

А вось выбар НН у іншых катэгорыях.

Палітык года — Зміцер Дашкевіч

Фота Сяргея Гудзіліна.

«Палітыкай» у Старадаўняй Грэцыі называлі ўдзел у справах грамады, горада. «Удзел у справах» — тым больш каштоўныя людзі, якія ўдзельнічаюць у іх актыўна, яны не даюць развіцца застойным з’явам.

У лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча пасля нараджэння другога дзіцяці нібы адкрылася і другое дыханне. Дашкевіч даказвае, што і адзін у полі воін. Намаганнямі маладафронтаўцаў на вуліцах беларускіх гарадоў было сабрана 10 тысяч подпісаў у падтрымку надання бел-чырвона-беламу сцягу статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. Ён пратэставаў супраць прыезду Салаўёва. А быў яшчэ яркі перформанс у Веткаўскім раёне. Дашкевіча каралі штрафамі, але жаданне выходзіць на вуліцы не адбілі. Без Дашкевіча гэты год быў бы нашмат бяднейшым на падзеі. Пры гэтым Дашкевіч працягваў паспяхова займацца бізнэсам — вырабляў мэблю.

Музыка года — Лявон Вольскі

Фота Сяргея Гудзіліна.

У сакавіку ў 40 гадоў ад анкалагічнай хваробы памерла яго жонка і прадзюсарка Ганна Вольская. Але такое страшнае здарэнне не зламала Лявона. Год запомніўся тым, што Вольскі даў вялізную колькасць падпольных канцэртаў. Навіны пра выступы перадаваліся не праз афішы і фэйсбук, а з вуснаў у вусны. Было нават надзвычай паказальнае відэа, як модная зорка сучаснасці Макс Корж, бадзяючыся па горадзе, выпадкова праз вокны ўбачыў, як Вольскі выконвае «Простыя рэчы». І Корж падпяваў Вольскаму!

Апафеозам стаў канцэрт пад адкрытым небам у Сухараве, куды прыйшло больш за 2000 чалавек.

Пры канцы года з’явіўся альбом «Псіхасаматыка», які многія называюць адным з найлепшых у дыскаграфіі Лявона.

Блогер года — Эдуард Пальчыс

Фота Сяргея Гудзіліна.

Эдуард Пальчыс заводзіў свой сайт 1863x.com як адказ на інфармацыйныя атакі з Расіі. На ягоную думку, дзяржаўныя СМІ не давалі рады гэтай задачы. Ён нават не думаў, што ўдасца зрабіць папулярны рэсурс, рабіў яго ў адзіночку, шыфруючыся пад псеўданімам Джон Сільвер. Аднак блог пачаў набіраць чытачоў, стаўся заўважнай з’явай.

Пальчыса высачылі, яго змяшчалі ў вар'ятню. Пасля гэтага блогер з’ехаў ва Украіну, аднак пабачыў, што не можа жыць на чужыне. Пальчыс вяртаўся праз Расію, каб у Беларусі перад арыштам пабачыцца са сваякамі, у Бранску яго затрымалі.

Хлопец доўга дабіваўся экстрадыцыі ў Беларусь. Суд быў закрытым, судзілі Пальчыса за распальванне міжнацыянальнай варажнечы, хоць праваабаронцы назвалі гэтае абвінавачванне штучным.

Прысуд аказаўся мяккі, Эдуард выйшаў на волю. Ён не кінуў весці блог.

Грамадскі актывіст года — Андрэй Кім

Фота Сяргея Гудзіліна.

Дзяржава не дбае пра тое, каб замежныя фільмы выходзілі па-беларуску. У такіх выпадках справу ў свае рукі бяруць грамадскія ініцыятывы.

Дзякуючы «Кінаконгу» Андрэя Кіма медзведзяня Падынгтан, Бенедыкт Камбэрбэтч і многія іншыя загаварылі па-беларуску. Спачатку сеансы былі дармавыя. Пасля «Кінаконг» дамовіўся з кінатэатрам на платныя паказы.

Народ не хоча глядзець кіно па-беларуску? Ага, шукалі, дзе б знайсці лішні квіточак!

Поспех быў ашаламляльны. Чакаем працягу ў 2017-м.

Дадатковыя сеансы адбудуцца 17 і 18 снежня!

Спартовец года — Уладзіслаў Ганчароў

Reuters.com.

Адзіны залаты медаль для Беларусі на Алімпіядзе ў Рыа здабыў віцьбіч Уладзіслаў Ганчароў у такім прыгожым відзе спорту, як скачкі на батуце.

Нават калі проста глядзіш на гэтага светлага хлопца, то радуешся. Гэткі сціплы і абаяльны чэмпіён. Дарэчы, Ганчароў у нядаўнім інтэрв’ю сказаў, што яму падабаецца стрыманы беларускі характар, які кантрастуе з норавамі іншых народаў.

Дэпутаткі года — Канапацкая і Анісім

Фота Сяргея Гудзіліна.

12 гадоў у парламенце не было прадстаўнікоў апазіцыі. Сёлета з’явіліся двое — прадстаўніца АГП Ганна Канапацкая і ТБМ Алена Анісім. Вышэйшае кіраўніцтва, мабыць, лічыць, што ў жанчын меншы палітычны патэнцыял, таму дапускаць іх не так страшна. Спадарыня Канапацкая адразу пачала крытыкаваць парадкі, якія існуюць у палаце, яна назвала парламент «балотам».

Анісім жа, наадварот, лічыць, што шляхам лаяльнасці і неканфліктнасці можна дасягнуць большага па спрыянні стану беларускай мовы ў грамадстве. Чыя тактыка акажацца больш эфектыўнай?

Мастак года — Ананім, які намаляваў калючы дрот

Фота Настассі Роўды.

На вуліцы Магілёўскай, амаль у цэнтры Мінска, на два дамы змясцілі графіці аб беларуска-расійскім сяброўстве. Усе адзначалі нізкую мастацкую вартасць твора, а таксама каланіяльнасць у самой ідэі.

Графіці праіснавала амаль паўгода, пакуль проста сярод белага дня ананімны мастак не ўплёў у вянок дзяўчынкі і букет хлопчыка калючы дрот. Адразу графіці зайграла новымі сэнсамі і фарбамі. «Гэта не вандалізм, гэта выпраўленне вандалізму», — сказаў мастак «Нашай Ніве».

Высветліць асобу так і не ўдалося. Такі ўчынак можна адзначыць як самы дзёрзкі перформанс 2016-га.

Выжыўшы года — Андрусь Горват

Фота Сяргея Гудзіліна.

Інтэлігент Андрусь Горват у 2015 годзе пераехаў з Мінска ў родную вёску ў Калінкавіцкім раёне. Ён пачаў пісаць захапляльны дзённік пра сваё жыццё ў вёсцы, як ён абжываў халодную хату, калоў дровы і саджаў гарод. Зайздроснікі смяяліся: хутка здасца пацан, вернецца назад у сталіцу. Не, Горват па-ранейшаму ў Прудку, завёў казу і радуе гісторыямі пра сваю гадаванку. А яшчэ Андрусь вельмі хутка назбіраў грошай на сваю дэбютную кнігу «Радыё Прудок».

Самае рэзананснае забойства года — Павел Шарамет

Беларускага журналіста забілі ў цэнтры Кіева, падклаўшы выбухоўку ў яго аўтамабіль. Ён памёр на вачах у людзей.

Яму было 44 гады. Шарамет зусім маладым з’ехаў у Маскву, працаваць на ОРТ. Яго аператарам быў Дзмітрый Завадскі, якога скралі ў 2000 годзе.

Калі на расійскім ТБ не стала свабоды, не было магчымасці рэалізоўвацца, то Шарамет пераехаў у Кіеў.

Забойцы журналіста так і не знойдзены.

«Вязні» года — Чыж і Япрынцаў

Фота Сяргея Гудзіліна.

Партнёры па «Трайпле» адзін за адным апынуліся за кратамі. Ці магчымае сяброўства там, дзе фігуруюць вялікія грошы?

Япрынцава з сынам сілавікам здаў сам Чыж. Натуральна, што ў выніку былыя сябры рассварыліся назаўсёды.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Юрыя Чыжа затрымалі ў сакавіку. Кіраўнік КДБ расказваў з тэлеэкранаў фантасмагарычныя гісторыі, як мільянер на хуткасці 200 км/г уцякаў у бок літоўскай мяжы. Паўгода калісьці самага багатага чалавека краіны пратрымалі ў «амерыканцы». Чыжа абвінавачвалі ў шэрым вывадзе грошай з тэрыторыі Беларусі. У выніку Чыж кампенсаваў выдаткі і без суда аказаўся на волі.

Цяпер былыя партнёры трымаюцца ў цяні. Адно што не могуць паміж сабой падзяліць футбольны клуб «Дынама».

Стартап года — MSQRD

Беларускія хлопцы Яўген Неўгень, Сяргей Ганчар і Яўген Зацяпякін зрабілі мабільны дадатак, які быў здольны накладваць самыя разнастайныя «маскі» на фоткі людзей. На некалькі тыдняў свет літаральна звар’яцеў, гуляючыся з «Маскарадам». У выніку беларусы прадалі гэты стартап Facebook, а самі пераехалі на працу ў Лондан. Гісторыя сучаснага поспеху.

Самы адданы чытач года — Генадзь Давыдзька

Здаецца, ніхто так уважліва і дасканала не вывучаў нумары «Нашай Нівы» сёлета, як кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Ніводзін выпуск «Клуба рэдактараў» не абыходзіўся без вывучэння пад лупай публікацый «НН». Давыдзька охаў і ахаў, але рэдактара газеты запрасіў у эфір толькі аднойчы. Лягчэй весці дыскусію, калі апанент не можа табе адказаць.

Маці-гераіня года — Дар’я Домрачава

Фота з інстаграма Дар'і Домрачавай.

Героі Беларусі да гэтага яшчэ не нараджалі. Трохразовая алімпійская чэмпіёнка стала мамай дзяўчынкі, якую назвалі Ксеніяй. Бацька ў Ксеніі — легендарны нарвежскі біятланіст Оле-Эйнар Б’ёрндален. Домрачава ўжо распачала трэніроўкі, у студзені абяцае выйсці на лыжню.

Мільярдэр года — Віктар Кіслы

Першым у Беларусі даляравым мільярдэрам стаў не хтосьці, хто з найвышэйшага дазволу гандлюе нафтай, а чалавек з камп’ютарнай сферы Віктар Кіслы, які стварыў мегапапулярную гульню «Свет танкаў». На сёння гэта магутная імперыя, якая размяшчаецца ў многіх краінах.

Кіслы дэманструе, што грошы можна зарабляць не толькі на карысных выкапнях, і падказвае пэўныя шляхі развіцця эканомікі краіны.

Зміцер Панкавец, Мікола Бугай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031